Лукашэнка больш за Зяленскага мусіць быць зацікаўлены ў місіі назіральнікаў
Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале разважае пра ініцыятыву Уладзіміра Зяленскага размясціць на мяжы з Беларуссю міжнародную місію. І тлумачыць, у чым карысць такой місіі для беларускай улады.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», сёння, 11 кастрычніка, Уладзімір Зяленскі ў сваім выступленні на тэрміновай сустрэчы G7 прапанаваў размясціць міжнародную маніторынгавую місію на мяжы паміж Украінай і Беларуссю, каб зменшыць рызыку правакацый і прамога ўступлення Беларусі ў вайну на баку РФ.
Палітолаг Павел Усаў ухваляе гэту ідэю і адзначае, што беларускаму боку варта было б самому паклапаціцца пра арганізацыю такой місіі міжнародных назіральнікаў:
— Прапанова Кіева ўвесці міжнародную місію назіральнікаў на мяжу з Беларуссю — гэта правільны і добры палітычны ход. Па-першае, гэта прамая прапанова міжнароднай супольнасці і дзеячам накшталт Ілана Маска прадухіліць пашырэнне канфлікту.
«Калі вы хочаце наблізіць канец вайны, то зрабіце ўсё магчымае, каб не даць Маскве ўцягнуць Беларусь у вайну. Ці здольныя вы на гэта?!»
Думаю, вынік можна прадбачыць. Гэта прапанова будзе заблакіравана на Радзе Бяспекі ААН.
Па-другое, у гэтых абставінах Украіна атрымлівае права на нанясенне прэвентыўных удараў па расійскай ваеннай інфраструктуры на тэрыторыі Беларусі. Ніхто не будзе ў сілах яе за гэта асудзіць і крытыкаваць, калі свет яшчэ раз распісаўся ў сваёй няздольнасці дзейнічаць.
Дарэчы, Лукашэнка мог бы ўхапіцца за гэтую ідэю і запрасіць міратворцаў у Беларусь, каб хоць неяк аддаліць перспектыву свайго ўцягвання ў канфлікт і выйсці з-пад ціску Крамля. Гэта ж убудоўваецца ў яго канцэпцыю «мы мірныя людзі і не хочам вайны». Па падтрымку ў гэтым пытанні ён мог бы звярнуцца да Кітая і Індыі.