Мабілізацыя ў Беларусі будзе ціхай і без шуму?

Мабілізацыя па-беларуску прыйдзе ціха і на мяккіх лапках? Лукашэнка катэгарычна адхіляе выкарыстанне самога слова «мабілізацыя» ў цяперашніх умовах, аднак падначаленыя кіраўніка Беларусі ўжываюць гэта слова рэгулярна.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

Ці будзе ў Беларусі афіцыйна абвешчаная мабілізацыя, ці ёсць цяпер нейкія яе прыкметы, у якой форме гэта можа адбыцца і што кажуць тыя, каго яна можа закрануць? З гэтым разбіраліся журналісты “Нямецкай хвалі”.

Пасля таго, як у Расіі было абвешчана аб правядзенні «частковай мабілізацыі», сталі з'яўляцца чуткі, што чагосьці падобнага варта чакаць і ад афіцыйнага Мінска. Ці магчымая мабілізацыя ў Беларусі?

Якой будзе мабілізацыя па-беларуску?

Чарговым разам за апошні час «мабілізацыйнае» пытанне Аляксандр Лукашэнка ўзгадняў 4 кастрычніка на нарадзе па пытаннях ваеннай бяспекі. Яго развагі на гэтую тэму атрымаліся неадназначнымі. Лукашэнка аспрэчыў саму неабходнасць правядзення мабілізацыі ў Беларусі, аднак заклікаў арганізаваць працу па падрыхтоўцы рэзервістаў.


«Праз ваенкаматы мы правяралі і будзем правяраць ваеннаабавязаны склад і тых, хто лічыцца ў нас у запасе. Трэба ў кожным раёне без усялякага гвалту, без шуму зрабіць тое, што я вам даручаў. Скончыцца ўборачная кампанія, акуратненька трэба заклікаць у раёне людзей, паглядзець іх наяўнасць і ўдакладніць усе нашы матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым у распаўсюдзе чутак пра магчымую мабілізацыю ён абвінаваціў апазіцыю: «Пачынаюць хапацца за рознага кшталту падставы: Расія абвясціла мабілізацыю, значыць, у Беларусі заўтра абвесцяць мабілізацыю. Яшчэ раз падкрэсліваю: нам няма неабходнасці абвяшчаць мабілізацыю. На шчасце, вайны на тэрыторыі Беларусі няма».

Лукашэнка таксама заявіў, што ўрок мабілізацыі ў Расіі палягае ў тым, што «многія з іх забыліся, што такая зброя», а таму ў Беларусі рэзервістаў і войскі тэрытарыяльнай абароны маюць намер гэтай справе навучаць. «Гэта тычыцца і жанчын, і мужыкоў. Яны павінны асвоіць хоць бы стралковую зброю для таго, каб абараніць, не дай Бог здарыцца што, сваю сям'ю», — кажа беларускі кіраўнік.


У беларускіх ваенкаматах удакладняюць спісы

Калі Лукашэнка катэгарычна адхіляе выкарыстанне самога слова «мабілізацыя» ў цяперашніх умовах, то яго падначаленыя робяць гэта рэгулярна. Так, у выступе перад прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў Беларусі патрэбныя «мабілізацыйныя праверачныя зборы», у рамках якіх ваеннаабавязаных запасу будуць прызываць на 25-30 сутак. «Гэта цалкам нармальная практыка падрыхтоўкі, і пры неабходнасці, думаю, наш народ устане на абарону сваёй краіны», — лічыць Вальфовіч.

Мяркуючы па ўсім, менавіта да такіх збораў і рыхтуюць улады беларускіх грамадзян. Паводле інфармацыі DW, тыя, хто адслужыў у арміі або знаходзяцца на воінскім уліку, ужо заўважаюць пільную ўвагу да сябе з боку ваенных камісарыятаў.

Як распавёў жыхар аднаго з гарадоў у Брэсцкай вобласці Сяргей, яму патэлефанавалі з ваенкамата і запрасілі падысці для ўдакладнення некаторых звестак: «Позву не ўручалі, быў звычайны званок на тэлефон, але мае родныя адразу занепакоіліся, што гэта будзе толькі нагода забраць мяне. У выніку ў ваенкамат Сяргей вырашыў схадзіць ужо з прыгатаванымі для збораў рэчамі, аднак усё абышлося: у яго толькі спыталі пра склад сям'і і па якіх спецыяльнасцях працаваў пасля службы ў войску.

Яшчэ адзін суразмоўца DW, які назваўся Аляксеем, паведаміў, што працуе на буйным беларускім прадпрыемстве і нядаўна быў выкліканы ў аддзел кадраў: «Аказваецца, туды прыйшла папера з ваенкамата і звяраюць спісы ўсіх, хто лічыцца ваеннаабавязаным. Я так і не зразумеў, навошта гэта робіцца, але мы з хлопцамі абмяркоўвалі і прыйшлі да высновы, што можа быць звязана з вайной ва Украіне». Пакуль іншых наступстваў для Аляксея гісторыя з наведваннем аддзела кадраў не мела.


Ці рашацца ўлады на рэальную мабілізацыю?

Мабілізацыйныя зборы ў 2022 годзе ўжо праводзіліся ў розных рэгіёнах Беларусі. Так, у канцы чэрвеня яны былі арганізаваныя для ваеннаабавязаных запасу ў Гомельскай вобласці, якая непасрэдна мяжуе з Украінай. Тады афіцыйна паведамлялася, што на зборы прызываліся ў асноўным афіцэры, прапаршчыкі і сяржанты запасу, каб «трэніраваць свае навыкі і абнаўляць веды, у тым ліку і па агнявой падрыхтоўцы».

Удзельнікам тых збораў быў і інжынер аднаго з гомельскіх заводаў Віктар, які заўважыў, што асаблівых змяненняў у параўнанні з ранейшымі мабілізацыйнымі мерапрыемствамі не адбылося: «Усё прайшло штатна — пастралялі на палігоне, былі і іншыя трэніроўкі, каб павысіць узровень сваёй падрыхтоўкі, паколькі абнаўляюцца і віды зброі, і іншае абсталяванне ў войску».

Ён таксама лічыць, што цяперашняе складанне спісаў для ваенкаматаў наўрад ці сведчыць пра падрыхтоўку да мабілізацыі: «Мне здаецца, гэта — нармальная з'ява, а ўлады хочуць удакладніць, хто рэальна з ваеннаабавязаных цяпер знаходзіцца ў краіне. Тым больш, што ў Беларусі была ўжо не адна хваля міграцыі, а людзі, калі з'язджалі, не здымаліся з вайсковага ўліку».

Сам Віктар не верыць, што ў краіне абвесцяць мабілізацыю ў яе класічным выглядзе: «Яна можа быць прытоенай і называцца па-іншаму, але прыклад Расіі паказвае, што наўрад ці нашы ўлады наважацца на такі крок. Я па сваіх знаёмых бачу, што на фоне ўкраінскіх падзей у Беларусі вельмі моцныя антываенныя настроі — і ўладам давядзецца з гэтым лічыцца».


У беларускай арміі — зноў вучэнні

У адрозненне ад мабілізацыі, якая закранае галоўным чынам тых, хто знаходзіцца ў рэзерве, непасрэдна ў беларускім войску працягваюць рыхтавацца да негатыўнага сцэнару развіцця падзей. Адзін з афіцэраў вайсковай часткі, якая дыслакуецца ў Брэсце, на ўмовах ананімнасці распавёў, што вайсковыя фарміраванні чакаюць новыя раптоўныя вучэнні.

«Калі раней пра выезды на палігон мы ведалі за шмат месяцаў наперад і праца ішла планава, то цяпер вучэнні імкнуцца не афішаваць. Узрастае і ідэалагічная апрацоўка вайскоўцаў, што таксама не дадае спакою і нам, і нашым сем'ям», — сказаў вайсковец журналістам.

Пераклад НЧ