Стрыжак: Сітуацыя імкліва пагаршаецца. Прымаць рашэнне кожнаму трэба хутка

Сітуацыя развіваецца не на карысць карысць людзей з дэмакратычнымі поглядамі, заявіў Андрэй Стрыжак. Ён тлумацыць, што абвяшчэнне мабілізацыі ў Беларусі будзе раўназначна закрыццю межаў. Гэта вельмі моцна ўскладніць выезд

Андрэй Стрыжак. Фота: Яўгенія Парашчанка

Андрэй Стрыжак. Фота: Яўгенія Парашчанка

Па просьбе «Салідарнасці» правабаронца Андрэй Стрыжак дае парады, як дзейнічаць, калі ўлады вырашаць адправіць людзей на вайну і Беларусь трапіць у зону баявых дзеянняў.

— Які «трывожны чамаданчык» вы б параілі кожнаму беларусу ў выпадку мабілізацыі і калі баявыя дзеянні будуць разгортвацца на тэрыторыі краіны?

— У першую чаргу, трэба вызначыцца, што чалавек плануе рабіць, — выязджаць або заставацца. На мой погляд, трэба рыхтавацца да горшага, а спадзявацца на лепшае.

У размовах з калегамі-дыпламатамі мы прыйшлі да высновы, што сённяшняя сітуацыя самая жорсткая з часоў Карыбскага крызісу. І яшчэ не вядома, калі было горш — цяпер ці тады.

Таму што пры ўсёй спецыфічнасці Хрушчова ўсё ж такі ўнутры савецкай сістэмы былі сістэма стрымлівання і працівагаў, цяпер мы бачым абсалютна адмарожаных, бязбашанных хлопцаў, якія трымаюць уладу ў Расіі. У іх практычна няма маральных стопараў.

— Разбяром два магчымыя сцэнары. У Беларусі абвяшчаюць мабілізацыю. Што рабіць тым, хто пад яе падпадае?

— У першую чаргу, трэба разумець, які ў вас фізічны стан і якія ёсць падставы для таго, каб не патрапіць пад прыдатнасць у ваенны час. У многіх з тых, хто не служыў, у ваенніку стаіць штамп «не прыдатны ў мірны час», а гэты час ужо не мірны, таму тут могуць быць зусім іншыя расклады.

Што яшчэ варта рабіць, калі вы вырашылі, што будзеце пакідаць краіну? Я б не зацягваў і ўжо зараз думаў пра тое, каб выехаць хоць бы на нейкі час і не трапіць ў сітуацыю, калі ты стаў закладнікам і нічога не можаш з гэтым зрабіць. Цяпер гаворка ідзе аб усіх людзях, якія тэарэтычна могуць трапіць пад мабілізацыю. Ім варта вызначацца ўжо цяпер, што рабіць. Калі гэта пытанне выезду, ім трэба глядзець, куды можна выехаць на нейкі час.

— Гэта значыць, вы рэкамендуеце не чакаць абвяшчэння мабілізацыі, а з'язджаць прама цяпер?

— Абвяшчэнне мабілізацыі будзе роўнае закрыццю межаў. Гэта вельмі моцна ўскладніць выезд. Трэба разумець, што, у адрозненне ад Расіі, у Беларусі не будуць займацца гэтым глупствам, калі межы не закрытыя, — незразумела, хто служыць, хто не служыць, ёсць магчымасць выехаць ці не. Гэта ўсё будзе зроблена ў адзін момант, як і з дэвальвацыяй. Не паспееш нават азірнуцца.

— Што, па-вашаму, павінна быць у «трывожным чамаданчыку» тых, хто вырашыў з'ехаць?

— У нас у структуры на выпадак розных непрадбачаных сітуацый ёсць інструкцыя, як дзейнічаць. Ёсць падыход складання трох спісаў рэчаў. У першы ўваходзяць тыя рэчы, якія прыгатаваныя на выпадак, калі сітуацыя пагаршаецца. І вы зможаце адразу іх скласці ў той чамадан або торбу, якая будзе пры вас.

Другі спіс — гэта тое, што вы можаце ўзяць у больш буйны багаж, калі будзеце выязджаць спакойна. Трэці спіс рэчаў — гэта тое, што вы спакуеце ў скрынкі і што можа быць багажом без суправаджэння.

Гэта значыць, варта падумаць над такімі спісамі, каб мець магчымасць спакойна збірацца. 

Наша арганізацыя склала рэкамендацыі, як правільна хавацца, калі вы не знайшлі спосабу пазбегнуць удзелу ў вайне або калі вы атрымалі позву і за няяўку ў ваенкамат вам пагражае крымінальная адказнасць.

Прывяду самыя важныя:

1. Выбіраем невідавочнае месца для таго, каб »залегчы на дно». У ідэале, гэта будзе арэндная кватэра ў спальным раёне вялікага горада. Можна паехаць у Расію і схавацца там. Важна, каб пра ваша месцазнаходжанне ніхто не ведаў, асабліва вашы родныя. Максімум можа ведаць толькі адзін сябар, які жыве не ў Беларусі/Расіі.

2. Збіраем усё неабходнае. Дакументы (усе, якія можаце ўзяць), камплект цёплай вопраткі, тэрмас, пауэрбанк, новы тэлефон, сім-карту лепш мець ананімную або зарэгістраваную на далёкага знаёмага.

3. Здымаем грошы з карт. Патрэбныя будуць наяўныя грошы ў беларускіх / расійскіх рублях і ў доларах. Банкаўскімі картамі карыстацца забаронена!

4. Купляем новы тэлефон. Тэлефон павінен быць «свежы». Гэта азначае, што ў ім ніколі не стаяла сім-карта на ваша імя або на імя вашых сваякоў. Можна купіць новы тэлефон або ўжываны. VPN павінен быць уключаны заўсёды. Геалакацыя павінна быць адключаная. Ніякіх сацсетак.

5. Таксама памятайце пра камеры ў буйных гарадах, якія ўмеюць распазнаваць твары. Важна не трапляць у поле іх бачнасці. Не хадзіце ў цэнтры буйных гарадоў, а калі ўзнікла такая неабходнасць, надзявайце маскі і галаўныя ўборы.

6. Рэкамендуем не выходзіць на вуліцу па вечарах. Увечары вас можа спыніць звычайны міліцэйскі патруль і праверыць дакументы. Часам яны прабіваюць дакументы па базе.

— Калі людзі прынялі рашэнне заставацца ў сілу асабістых прычын, напрыклад, хворыя бацькі, дзеці, якія маюць патрэбу ў доглядзе, жывёлы, што б вы ім параілі?

— Думаю, што такія людзі павінны разумець, хто будзе выконваць іх абавязкі ў дачыненні да тых, пра каго яны клапоцяцца, у выпадку, калі забяруць у войска, таму што сітуацыі розныя могуць скласціся. Могуць, як у Расіі, мабілізоўваць людзей, у якіх ёсць дзеці.

Акрамя таго, я б параіў аформіць генеральную даверанасць на вашу маёмасць.

У любым выпадку, на мой погляд праваабаронцы, з сітуацыі, у якой цябе прымушаюць ваяваць, трэба выходзіць.


— Якія рэкамендацыі вы можаце даць на выпадак, калі баявыя дзеянні разгорнуцца на тэрыторыі Беларусі?

— Усім раю мець дома крытычны запас прадуктаў харчавання: кансервы мясныя, рыбныя, агароднінныя; крупы; макароны. Таксама трэба мець запасы электрычных батарэй сілкавання, свечкі, запас неабходных лекаў, для таго, каб людзі, якія маюць патрэбу ў рэгулярным прыёме медыкаментаў, не засталіся без іх. Гэта значыць, правесці аўдыт таго, што вам трэба, паглядзець, ад чаго вы залежыце штодня. Гэта вельмі часта вельмі невідавочныя рэчы.

Неабходна падрыхтаваць хованку ў сябе дома або калектыўную, калі жывяце ў шматкватэрным доме, каб там былі запасы пітной вады, свечкі, магчымасць гатавання і разагрэву ежы.

Яшчэ раз дадам, калі вы прынялі рашэнне застацца ў краіне — добра. Калі вагаецеся, то прымаць рашэнне трэба хутка. Сітуацыя развіваецца не на карысць нас, не на карысць людзей з дэмакратычнымі поглядамі, якія не хочуць стаць гарматным мясам на вайне. Цягнуць ужо асабліва няма куды — усё ідзе ў бок пагаршэння. Занадта высокія рызыкі, каб адцягваць момант прыняцця рашэння.

Мой пасыл усім беларусам: не губляйце настою і мужнасці. Жыццё адно, адкладаць яго не атрымаецца. Калі штосьці даўно хацелі зрабіць — зрабіце. Хацелі сказаць нешта дарагім вам людзям — кажаце. Таму што час цяпер такі, што можна не паспець.

Пераклад НЧ