Украіна: Расія хоча размясціць у Беларусі 20 тысяч мабілізаваных вайскоўцаў

Украінская выведка паведаміла, што ў Беларусі хочуць размясціць 20 тысяч мабілізаваных у Расіі салдат.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Паводле даных Галоўнага Упраўлення Разведкі Мінабароны Украіны, у Беларусі рыхтуюць месцы для размяшчэння 20 тысяч мабілізаваных з РФ. Яны павінны папоўніць дыслакаваныя ў Беларусі падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі. У выніку папаўнення, суадносіны "вопытных" і "маладых" вайскоўцаў павінна скласці 1 да 5. Пра гэта паведаміла намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр.

Для размяшчэння плануецца выкарыстоўваць ўжо існуючыя ў Беларусі ваенныя фонды, а таксама цывільныя памяшканні і будынкі. Пад гэтыя патрэбы перадаюць склады, ангары і іншыя памяшканні закінутых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак. Адпаведныя ўказанні былі дадзены УС РБ і мясцовым саветам.

Пасля павелічэння штата падраздзяленні будуць выкарыстоўваць расійскую вайсковую тэхніку са складоў на тэрыторыі Беларусі.

Таксама плануецца ўзмацненне за кошт тэхнікі і ўзбраення, знятых з захоўвання на тэрыторыі РФ. Недахоп тэхнікі для перавозкі асабовага складу акупацыйных войскаў плануецца папоўніць за кошт мабілізацыі грамадзянскіх грузавых і легкавых аўтамабіляў.

Таксама беларускія ўлады далі загад праваахоўным органам садзейнічаць прадстаўнікам расійскай арміі ў мабілізацыі расійскіх грамадзян, якія нядаўна заехалі на тэрыторыю краіны.


Нагадаем, як пісаў НЧ, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў пра жорсткі адказ Украіны на агрэсію з боку Беларусі: «Мы разумеем, што Пуцін штодня цісне на Лукашэнку, каб той пачаў узброеную агрэсію з боку Беларусі. Нам усё вядома. Нават нядаўняя сустрэча ў Сочы была на гэтую тэму. Але калі з боку Беларусі будуць ісці войскі, як гэта было 24 лютага, яны атрымаюць такі адказ, на які не разлічвалі».