218-ы дзень вайны. Украіна абяцае Беларусі такі адказ, «на які не разлічвалі», калі з яе тэрыторыі пойдзе войска

Украіна адкажа Беларусі ў выпадку новых нападаў з яе тэрыторыі. Пра гэта заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.

photo_2022_09_27_12_31_17.jpg

«Мы разумеем, што Пуцін штодня цісне на Лукашэнку, каб той пачаў узброеную агрэсію з боку Беларусі. Нам усё вядома. Нават нядаўняя сустрэча ў Сочы была на гэтую тэму. Але калі з боку Беларусі будуць ісці войскі, як гэта было 24 лютага, яны атрымаюць такі адказ, на які не разлічвалі», — заявіў Аляксей Данілаў.

Сакратар РНБА Украіны таксама перакананы, што Расія не будзе выкарыстоўваць стратэгічную ядзерную зброю супраць Украіны: «Стратэгічную ядзерную зброю Пуцін дакладна выкарыстоўваць не будзе. Нават калі ён выкарыстае тактычную ядзерную зброю, гэта будзе канец Расійскай Федэрацыі. Адразу пачнецца ізаляцыя Расіі ад цывілізаванага свету — будзе анклаў, з якім ніхто не захоча мець справу, у тым ліку і кітайцы».

Генштаб Украіны агучыў прыкладныя страты расійскай арміі на раніцу 29 верасня. Найбольшыя страты здарыліся на Краматорскім і Данецкім кірунках. Загінулі, паводле ўкраінскіх падлікаў, каля 58 580 расійскіх салдат.

За мінулыя суткі расійцы працягвалі абстрэльваць Харкаўшчыну: у Купянскім раёне параненыя сем чалавек. У Ізюмскім раёне мужчына падарваўся на міне і атрымаў раненні.

Расійскія ракеты прыляцелі ўначы ў жылыя кварталы Дняпра. Вядома, што трое чалавек загінулі, сярод іх адно дзіця, яшчэ пяцёра параненыя. Цалкам разбураныя некалькі прыватных дамоў, ратавальнікі працягваюць разбіраць завалы.

Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Рэзнічэнка распавёў: «Цяпер вядома пра трох загінулых, сярод іх адно дзіця... яшчэ пяцёра параненыя, у тым ліку і 12-гадовая дзяўчынка. Ратавальнікі дасталі яе з разбітага дома, дзе яна проста спала, калі туды прыляцела расійская ракета».

Рэзнічэнка ўдакладніў, што ў выніку ўдару пашкоджаныя больш за 60 прыватных дамоў і некалькі шматпавярховых. Некалькі прыватных дамоў цалкам разбураныя. «Ратавальнікі працягваюць разбіраць завалы — шукаюць людзей. Ёсць верагоднасць, што там яшчэ могуць быць і дзеці», — адзначыў Рэзнічэнка.

2772036.jpg

2772037.jpg

РФ уначы абстраляла прамзону ў Мікалаеве, пацярпелых няма, паведаміў кіраўнік Абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Віталь Кім.

У Данецкай вобласці ў выніку расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі загінулі шэсць мірных жыхароў — двое ў Тарэцку, па адным у Бахмуце, Паўночным, Благадатным і Мікалаеўцы. Яшчэ чатыры чалавекі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

У Мелітопалі раніцай прагрымеў гучны выбух у жылым раёне каля прамыслова-эканамічнага каледжа. Узарвалі аўто мясцовай калабаранткі Алены Шапуравай, паведаміў мэр горада Іван Фёдараў. Яна ўзначальвае акупацыйны «дэпартамент адукацыі» і ўсяляк дапамагае ўкараняць расійскі рэжым «адукацыі». Паводле відавочцаў, Шапурава выжыла.

Расія адвяла войскі ад межаў з Фінляндыяй і краінамі Балтыі, паведамляюць СМІ са спасылкай на высокапастаўленыя крыніцы ў абаронных ведамствах краін, якія мяжуюць з Расіяй. З прыкладна 30 тысяч вайскоўцаў, якія ахоўвалі паўночна-заходнія межы Расіі, больш за 80% асабовага складу выведзеныя — як мяркуецца, ва Украіну. Гэта самае маштабнае скарачэнне сіл на гэтым участку за апошнія сем месяцаў.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Ліманскі кацёл будзе мець сур'ёзныя наступствы для расійскай групоўкі на поўначы Данецкай і захадзе Луганскай абласцей і можа даць магчымасць украінскім войскам пагражаць расійскім пазіцыям уздоўж заходняй мяжы Луганскай вобласці і на ўчастку Севераданецк — Лісічанск.

Таксама аналітыкі канстатуюць, што Мінабароны РФ не рэагуе на цяперашнія страты расійскай арміі пад Ліманам і не рыхтуецца да калапсу на гэтым участку фронту. А гэта можа яшчэ больш знізіць і без таго нізкі маральны дух рускіх салдат.

Акрамя таго, калі Украіна дасягне поспехаў у крытычна важных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, гэта можа дадаткова ўскладніць адносіны паміж расійскімі нацыяналістамі і вайсковым кіраўніцтвам, а таксама паміж расійскімі войскамі і іх камандаваннем.

ISW дапускае, што Крэмль можа часова адкласці анексію акупаваных тэрыторый, каб лепш падрыхтаваць расійскую інфармацыйную прастору. Аднак 30 верасня застаецца найбольш імавернай датай абвяшчэння анексіі.

Паводле звестак ISW, расійскія ўлады працягваюць накіроўваць нядаўна мабілізаваных і недастаткова падрыхтаваных навабранцаў для ўзмацнення розных падраздзяленняў, — і нават тых, якія раней лічыліся галоўнымі баявымі сіламі Расіі. Напрыклад, да 24 лютага 1-я гвардзейская танкавая армія лічылася галоўнай механізаванай сілай Расіі, і той факт, што яе «ўзмацняюць» дрэнна дысцыплінаванымі, ненавучанымі людзьмі, сведчыць, што нават самыя элітныя расійскія падраздзяленні панеслі значныя страты ва Украіне.

У навучальны цэнтр на тэрыторыі Растоўскай вобласці прыбыло каля 400 чалавек зняволеных, іх падрыхтоўка працягнецца да 30 верасня. Акрамя таго, РФ працягвае накіроўваць у раёны вядзення баявых дзеянняў толькі што адмабілізаваны, нізкакваліфікаваны асабісты склад. Так, 26 верасня ў Ліман Данецкай вобласці выбыла сем танкаў, два з якіх па дарозе трапілі ў ДТЗ.

Вядома таксама, што з Севастопаля 27 верасня ў Херсонскую вобласць адправілі 2000 мабілізаваных з Крыма. А ваенныя камісары ў Крыме атрымалі распараджэнне пра першачарговасць прызыву крымскіх татараў — іх накіроўваюць у баявыя часткі ў раёнах найбольш інтэнсіўнымі баявымі дзеяннямі. Так, толькі 26 верасня ў адным Сакскім раёне мабілізаваны 21 крымскіх татараў.

Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце зноў звярнуўся да расіян па-руску і заклікаў усіх, хто хоча жыць, — уцякаць, здавацца ў палон і змагацца за сваю свабоду на сваіх вуліцах. Па словах украінскага прэзідэнта, «што тычыцца сітуацыі на фронце, для нас усё зразумела». Таксама ён падкрэсліў, што галоўная задача — каардынацыя дзеянняў з партнёрамі ў адказ на арганізаваныя Расіяй фальшывыя рэферэндумы і звязаныя з імі пагрозы: «Цяпер не 2014 год. Усе ўсё разумеюць. І абавязкова будуць дзейнічаць».