«Бронік» за свой кошт. Расійцы не спадзяюцца на дзяржаву і размятаюць ваенны рыштунак

Расійцы рэзка зацікавіліся купляй ваеннага абутку, бронекамізэлек, касак і іншых неабходных на вайне рэчаў. Пошукавыя запыты ў Google па гэтых словах моцна выраслі з часу аб'яўлення Пуціным мабілізацыі, звярнуў увагу канал «Можам патлумачыць».

soldat_1.jpg


Расійцы, якія трапляюць пад мабілізацыю, не чакаюць ад ваенкамаў і камандзіраў нічога добрага і не спадзяюцца нават на забеспячэнне такімі патрэбнымі на вайне рэчамі, як ваенная форма, каскі, чаравікі і бронекамізэлькі. На фронт лепш адпраўляцца са сваёй аптэчкай — карыстальнікі Рунэту шукаюць бінты, зялёнку, ёд, кроваспыняльныя жгуты і парашкі, якія ў Маскве ўжо раскуплены ўшчэнт. Ёд, зялёнку і бінты расійскае войска таксама не ў стане знайсці для сваіх вайскоўцаў. Таксама за апошні тыдзень у расійцаў моцна вырасла цікавасць да ёдыду калію — сродку, які выкарыстоўваецца пры пагрозе трапляння ў арганізм радыеактыўнага ёду.

Па даных сэрвісу Яндэкса «Падбор слоў», пра тое, што ўзяць з сабой на вайну, менш за іншых думаюць масквічы, пецярбуржцы, а таксама жыхары прылеглых да гэтых гарадоў абласцей (папулярнасць 72%). Даволі бестурботныя і жыхары Крыма (62% папулярнасці запыту).

photo_2022_09_28_14_59_06.jpg


Куды больш гэтымі прадметамі заклапочаны ў Пензенскай (316%), Ульянаўскай (236%), Ліпецкай (216%), Тамбоўскай (218%) абласцях, а таксама ў Мардовіі (333%).

Аб высокіх вайсковых чаравіках (берцах) сталі часцей думаць жыхары прыгранічных Белгарадскай (307%) і Варонежскай (218%) абласцей, а таксама Ліпецкай вобласці (237%).

Мабілізаваным перад адпраўкай на зборны пункт у ваенкаматах адкрыта раяць браць з сабой неабходныя рэчы, уключаючы ліхтары, батарэйкі, запас ежы, якая не псуецца.

Напрыклад, у Будзёнаўскім раёне Дагестана мабілізаваным мужчынам не выдалі нават рэчы першай неабходнасці. Пры гэтым на фронт іх пагражаюць адправіць усяго праз 7 дзён. «Жонкі купляюць ім нават бялізну, ліхтарыкі, ізаленты. Байцам выдалі летнія берцы. Пры гэтым забіраюць на фронт усіх. Чалавека з ціскам 200 паставілі мінамётчыкам. Снайперам — сляпога на адно вока. Кіроўцу-студэнта, які аўтамат у руках не трымаў, таксама забралі. Медкамісіі ніякай», — распавяла чытачка канала.

На ваеннай базе ў Молькіне Краснадарскага краю мабілізаваныя вымушаны спаць на падлозе — прама на сваіх рэчах. Па словах чытача, іх там не кормяць, а пра трэніроўкі гаворкі наогул няма: «У нас адзін там, у сяброўкі кум. Кажуць, што ў Молькіне ўжо няма месца, і шукаюць іншыя варыянты размяшчэння. Напрыклад, у Майкопе».

У Камчацкім краі п'яныя салдаты пералаяліся, пакуль ехалі на зборы. Сястра аднаго з вайскоўцаў распавяла: «Брат пакрыўдзіўся на іх і сказаў, што далей пойдзе пешшу. Кіроўца УАЗіка сказаў “Ок” і з'ехаў. Брат застаўся пасярод трасы. Добра, што знайшоўся нейкі добры дзядзька, які давёз яго да роднага пасёлка. Потым стала вядома, што адзін з “мабільнікаў” збег у тайгу сярод трасы».