Расійскія вайскоўцы паставілі блокпасты на мяжы з Беларуссю і ладзяць праверкі

Пасты расійскіх вайскоўцаў з'явіліся на мяжы з Беларуссю. Пра гэта піша autonews.ru са спасылкай на аўтамабілістаў.

miaza_2909.jpg

Напрыклад, аўтамабіліст са Смаленска паскардзіўся, што яго спынілі на так званым Віцебскім пераходзе за расійскім горадам Рудня.

«На мяжы стаіць блокпост, прычым раней яго не было. Расійскія вайскоўцы спыняюць усе машыны і просяць паказаць дакументы. Ва ўсіх асоб мужчынскага полу правяраюць пашпарты і просяць прайсці рэгістрацыю. Мне 65 гадоў, я ў войску ніколі не служыў па стане здароўя, у Беларусь езджу рэгулярна па лекі. Выключэння для мяне ніхто рабіць не стаў, давялося патраціць час, пакуль запісвалі звесткі», — расказаў мужчына.

Іншы аўтамабіліст заявіў, што вайскоўцы паводзяць сябе карэктна і паважна. У яго, маўляў, паглядзелі дакументы, праверылі па нейкіх спісах і адразу адпусцілі. «Як я разумею, разварочваюць тых, хто атрымаў позву. У жанчын і дзяцей наогул дакументаў не патрабуюць», — дадае аўтаўладальнік.

На гарачай лініі па пытаннях мабілізацыі, якую адкрыў расійскі ўрад, карэспандэнту заявілі, што грамадзянам з позвай на руках будзе забаронены выезд з Расіі. Усім астатнім ваеннаабавязаным расіянам перад паездкай рэкамендавалі спачатку звярнуцца ў ваенкамат па месцы жыхарства.

У Памежным камітэце Беларусі журналіста запэўнілі, што ніякіх абмежаванняў на ўезд расіян у краіну няма. Хіба што кіроўцам абавязкова патрэбная грын-карта.

Паводле «Е*рарадыё»