Масіраваныя ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў — 185-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны
Мінулай ноччу расійцы нанеслі шматлікія ўдары па Днепрапятроўскай вобласці, абстралялі цэнтр Харкава, «прыляцела» таксама па Запарожжы. Ёсць ахвяры.
Каля 2-й гадзіны ночы некалькі ракет ударылі па цэнтры Харкава. Разбураны гістарычны будынак — дом купца Адама Піятроўскага, а таксама школа. Раненне атрымала адна жанчына.
7 снарадаў мінулай ноччу трапілі па Нікапалі. Там разбураныя каля дзясятка жылых дамоў і навучальны цэнтр, пашкоджаныя лініі электраперадачы. Тры ракеты «дасталіся» Крыварожскаму раёну, каля 20 «Градаў» — Марганецкай і Чырвонагрыгароўскай грамадам, абстрэльвалі і Крыварожскі раён. Паўсюль моцныя разбурэнні грамадзянскай інфраструктуры, але ахвяр няма.
16 разоў узарваліся ракеты на тэрыторыі Запарожжа. Білі па аб'ектах інфраструктуры, але інфармацыі пра дакладныя пашкоджанні і ахвяр пакуль няма. Кіраўнік Запарожскай АВА Аляксандр Старухпаведаміў пра абстрэл акупаванай вёскі Каменка Палогаўскага раёна. У выніку шасці ўдараў загінулі пяць чалавек:
«У часова акупаваным пасёлку Каменка Палогаўскага раёна расійскія каты забралі жыцці Анастасіі Баравік і двух яе дзетак, 8 і 2 гадоў. Усяго вядома пра 5 загінулых. Мясцовыя кажуць, што пад заваламі могуць знаходзіцца людзі», — гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што загінулай жанчыне было 29 гадоў, яна працавала загадчыцай культурна-масавага сектара мясцовага цэнтра культуры. Ракетны абстрэл вёўся па жылых дамах.
Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» паведамляе пра выкананыя агнявыя задачы: былі нанесеныя ўдары па расійскіх сродках СПА ў акупаваным Херсоне, апорным пункце ў Новапятроўцы і па тэхніцы і жывой сіле ў Ольгіне. Агулам на дадзены момант на гэтым напрамку УСУ выканана каля 250 баявых задач. Паведамляецца таксама, што разбураныя ў выніку ўдараў украінскіх вайскоўцаў Антонаўскі і Дар'еўскі масты па-ранейшаму немагчыма выкарыстоўваць для перакідвання цяжкай тэхнікі.
Паводле unian.net.