Пратэсты супраць Лукашэнкі ўпершыню маюць прагрэсію

Перадапошні і апошні дні, 18 і 19 чэрвеня, на этапе збору подпісаў выдаліся ці не самымі рэзананснымі пакуль у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020. І сімптаматычнымі. Аляксандр Лукашэнка працягвае дзейнічаць па-цунгцвангаваму — калі кожны ягоны захад ці заява падвышае антырэйтынг. А народ становіцца ўсё больш рашучым і салідарным у сваім жаданні займець законнага прэзідэнта.

Фота Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Фота Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода


Што да ўласна збору подпісаў, то, як і меркавалася, іх здалі каманды Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзмітрыева, Ганны Канапацкай, Аляксандра Лукашэнкі, Валерыя Цапкалы, Святланы Ціханоўскай, Сяргея Чэрачаня. Пасля праверкі подпісаў і прымання рэгістрацыйных дакументаў ад прэтэндэнтаў Цэнтрвыбаркам да 4 ліпеня павінен зацвердзіць ці не зацвердзіць пералічаных асобаў кандыдатамі ў прэзідэнты. Самі яны ўсе заявілі, што назбіралі патрэбныя 100 тысяч подпісаў і болей.
Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі абвясціла, што сабрала іх больш за 430 тысяч і ўсталявала такім чынам рэкорд сярод усіх супернікаў Лукашэнкі за час выбараў ад 1994 года. Патрэбны мінімум удалося здаць у лакальныя выбарчыя камісіі да арышту прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнцтва і кіраўніка яго штаба, сына Эдуарда. Перашкодаў для рэгістрацыі кандыдатам датычна банкіра праз яго зняволенне няма, калі, канечне, яму ўдасца па даверанасці падаць у Цэнтрвыбаркам з СІЗА адпаведныя дакументы — у прыватнасці, дэкларацыю аб даходах і маёмасці.
Нельга выключаць, што менавіта на гэтым галоўнага канкурэнта Лукашэнкі могуць і адфільтраваць, улічваючы, што якраз праз тэму сумнеўных даходаў супраць яго і распачалі крымінальную справу. У сваю чаргу гэта можа выклікаць масавыя вулічныя пратэсты яшчэ да меркаванай Плошчы ў асноўны дзень галасавання 9 жніўня. Яны могуць маштабна ўспыхнуць, напрыклад, 3 ліпеня, калі ўжо хіба стане вядома аб нерэгістрацыі фаварыта сярод альтэрнатыўных кандыдатаў і калі будзе адзначацца Дзень незалежнасці. Афіцыйныя мерапрыемствы цалкам сабе могуць ператварыцца ў нешта «чаўшэскавае», пра што некаторыя апаненты ўжо намякаюць Лукашэнку ў адказ на ягоныя пагрозы ўжыць сілу супраць пратэстоўцаў.
Вулічная актыўнасць грамадзян уражвае ўжо цяпер. Па-першае, яна выглядае на эстафету ці марафон пратэсту і салідарнасці: сталіцу падтрымалі ў гарадах па ўсёй краіне. У Беларусі пры прэзідэнцтве Лукашэнкі ніколі не было пратэставай прагрэсіі ні па колькасці пратэстоўцаў, ні па часавай працягласці, ні па геаграфіі. Нават арыфметычнай. А тут усе падставы да геаметрычнай. Таму мы маем сапраўды новую палітычную сітуацыю.
Прычым рэгіёны больш радыкальна настроеныя, чым жыхары Мінска. 19 чэрвеня адбылося нават некалькі сутычак з міліцыяй, калі людзі адбівалі адно адных ад АМАПу і «ціхароў», які чыняць затрыманні папросту за стаянне ўздоўж дарог. Народ уважае іх за бандзюкоў і ў Брэсце, Маладзечне даваў адлуп. У сваю чаргу ў Мінску людзі шыхтуюцца спантанна ў ланцугі не толькі ў цэнтры. Ужыванне сілы не пужае. Наадварот, можа спрыяць згаданай радыкалізацыі настрояў і дзеянняў.
Калі палітычны крызіс набудзе фармат масавых хваляванняў ці страйку, што можа здарыцца яшчэ да 9 жніўня, то ўладам ёсць чым пагандлявацца і паспрабаваць залагодзіць абураны народ. Звяртае на сябе ўвагу ўцечка даных красавіцкага апытання Інстытуту сацыялогіі Акадэміі навук, якія пацвердзіла яго кіраўніцтва. Рэйтынг даверу да Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску — 24%, да Цэнтрвыбаркаму — увогуле 11%! Адстаўкай Лідзіі Ярмошынай улады і могуць паспрабаваць сцішыць пратэсты, калі яны небяспечна ўспыхнуць да жніўня. Яшчэ адна падобная тэма для гіпатэтычных перамоваў прыляцела ад Віктара Бабарыкі, які ў загадзя запісаным на выпадак арышту відэа прапанаваў правесці рэферэндум па рэанімацыі Канстытуцыі-1994. Рэалізацыя сцэнарыя з плебісцытам можа быць павернута ў розныя бакі — стаць як альтэрнатывай Плошчы, так і наадварот — змабілізаваць праціўнікаў дзейнага кіраўніка краіны на доўгія пратэсты.
У любым выпадку нас чакае не сумны працяг прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, адметнасць якой у тым, што грамадзяне ўплываюць на яе хаду і многія з іх натхняюцца гэтым.