Пуцін перапісвае гісторыю, каб апраўдаць вайну супраць Украіны

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабуе перакруціць гісторыю, каб апраўдаць сваю нічым не справакаваную жорсткую вайну супраць Украіны.

peramoha_1.jpg

Пра гэта сказаў Блінкен у заяве да 77-годдзя перамогі над нацыстамі, піша «Еўрапейская праўда».

«Паколькі ў Еўропе зноў бурліць вайна, мы павінны ўзмацніць нашу рашучасць супрацьстаяць тым, хто цяпер імкнецца маніпуляваць гістарычнай памяццю, каб прасоўваць уласныя амбіцыі. Перамогу саюзнікаў над нацыстамі варта паважаць як дасягненне калектыўнага гераізму і ахвярнасці.

Прэзідэнт Пуцін спрабуе перакруціць гісторыю, каб паспрабаваць апраўдаць сваю нічым не справакаваную і жорсткую вайну супраць Украіны», — сказаў Блінкен.

Ён адзначыў, што падчас ушанавання заканчэння Другой сусветнай вайны «ў нас ёсць святы абавязак перад загінулымі: казаць праўду пра мінулае і падтрымліваць усіх тых, хто ў наш час стаіць на абароне свабоды».

«Тыя, хто вывучае мінулае, ведаюць, што прэзідэнт Зяленскі і смелыя людзі Украіны ўвасабляюць дух пераможцаў Другой сусветнай вайны. Яны мужна бароняць сваю краіну, сваю дэмакратыю і законную будучыню Украіны ў адзінай, свабоднай і мірнай Еўропе», — дадаў Энтані Блінкен.