«Санкцыі ахопяць каля 40 тысяч беларускіх вертыкальнікаў»

Тыдзень таму Офісам украінскага прэзідэнта быў апублікаваны праект сёмага пакета антываенных санкцый. Прапанаваны размах проста здзіўляе. Мабыць, гэта першы сістэмны ўдар не толькі па «эканоміцы вайны», а найперш па імперскім светапоглядзе агрэсіўнай расійскай і беларускай уладнай эліты.

evrosojuz.jpg


Інтэрнэт-газета «Салідарнасць» са спасылкай на аналітычныя тэлеграм-каналы засяроджваецца на новым фундаментальным падыходзе да санкцыйнага «перавыхавання» палацавай «эліты» Лукашэнкі. Удар наносіцца ў базавы стрыжань беларускага рэжыму — кіраўнічую вертыкаль, канстатуе выданне.

Сярод катэгорый асоб, якія будуць падпадаць пад санкцыі — адміністрацыя палаца, міністэрстваў і ведамстваў, усе «дэпутаты», палацавыя «бізнесмены», чыноўнікі ўсіх рангаў і масцяў, мэры гарадоў і раёнаў і іх намеснікі, кіраўнікі і намеснікі прамысловых прадпрыемстваў, банкаўскага сектара, журналісты-прапагандысты, актывісты праўладных партый і грамадскіх арганізацый, члены іх сем'яў, а таксама давераныя асобы ўладальнікаў актываў усіх гэтых катэгорый.

Замарозка любых актываў і забарона ўезду ў 140 краін антываеннага санкцыйнага блока — толькі першая фаза «перавыхавання». Украінскі бок зрабіў вельмі цікавы «ўкараняльны ход» з далёка ідучымі наступствамі. Да пэўнага моманту ўсім названым асобам пакінулі «акно магчымасцяў». Чалавека могуць выключыць з санкцыйнага спісу ў тым выпадку, калі ён публічна асудзіць агрэсіўную палітыку Пуціна і Лукашэнкі, а таксама «перадасць значную частку свайго стану ў Фонд рэканструкцыі Украіны». Тым, хто не зможа вырашыцца адразу прадастаўлена адкладзеная магчымасць другой спробы.

«Асобы могуць быць выключаны з санкцыйнага спісу, у выпадку цеснай каардынацыі з украінскай уладай», — гаворыцца ў дакуменце. Па сутнасці, гэта адкрытая прапанова негалосна перайсці на бок украінскага і беларускага народа і «дзейнічаць у тыле ворага».

Папярэдні падлік паказвае: санкцыі ахопяць каля 40 тысяч «вертыкальнікаў» Лукашэнкі. Адказнасць закране кожнага службоўца, прычым адразу.

Цікава, што, напрыклад, адкажа сваёй жонцы і дзецям намеснік дырэктара якой-небудзь фабрыкі або калгасу ў Расонах на той факт, што ўсе яго сямейства цяпер не толькі невыязныя, але і поўныя персанальныя ізгоі ў 140 краінах свету?

Новы пакет беспрэцэдэнтны па сваім размаху. Ён ахоплівае практычна ўвесь «кадравы рэзерв палаца». Са спісам варта азнаёміцца. Асабліва ўважліва ўсім беларускім кіраўнікам. Выбар усё ж давядзецца зрабіць. І хутчэй рана, чым позна. Выкруціцца наўрад ці ўдасца.

Важны момант, што выкананне дакумента на гэты раз не залежыць выключна ад рашэння поўнага складу еўраструктур. Калі расійскія еўралабісты будуць цягнуць час, выкарыстоўваць правіла кансенсусу, уключаць іншыя тармазы — прадугледжаны выразны механізм уводу ў дзеянне пакета. Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і Брытанія самастойна прыменяць гэтыя «элітныя санкцыі». Такое рашэнне стане папярэднікам новага еўрапейскага альянсу. Яно пацвердзіць эфектыўны характар, жорсткія намеры, хуткасць прыняцця рашэнняў і здольнасць дзейнічаць вокамгненна. ЗША ўбаку, натуральна, не застануцца.

Што ж, падобна, для апоры Лукашэнкі (вертыкалі) кола замкнулася. Украіна дала галявы пас прыхільнікам пераменаў у Беларусі. Беларусам самім трэба будзе правесці дэлукашызацыю. Не варта падлашчвацца і хітраваць з тымі, хто пажадаў і рыбку з'есці, і…

Лепш адным рыўком пазбавіцца ад здраднікаў народа, чым мучыць краіну яшчэ дзесяцігоддзі. Шанец стаць на бок дабра неабходна даць усім, аднак акно магчымасцяў не можа быць адкрыта да бясконцасці.