Столтэнберг назваў Беларусь саўдзельніцай расійскага ўварвання ва Украіну
Беларусь стала саўдзельніцай Расіі яшчэ да пачатку ўварвання ў Украіну. Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.
У сераду ў Брусэлі на прэс-канферэнцыі генеральны сакратар Альянсу нагадаў, што Беларусь «была саўдзельнікам гэтага ўварвання з самага пачатку».
«Нават да яе пачатку, таму што Беларусь дазволіла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для мабілізацыі вялікіх падраздзяленняў (РФ) для ўварвання ва Украіну. Беларусь працягвае дапамагаць у захопе дапамогай прадастаўлення тэрыторыі, ваеннай інфраструктуры, а таксама дазваляючы Расіі выкарыстоўваць паветраную прастору для нападаў супраць украінскага грамадзянскага насельніцтва. Беларусь ужо ўцягнутая, падтрымліваючы расійскае ўварванне», — заявіў ён.
У той жа час ён заклікаў Беларусь «гэта спыніць, і каб Расія больш яе не выкарыстоўвала для вядзення гэтай брутальнай вайны супраць суседа — Украіны», — цытуе Столтэнберга Інтэрфакс-Украіна.