«Толькі вертыкаль, толькі казарма». Арцём Шрайбман — аб галоўнай памылцы Пуціна
«Дэнацыфікацыю пройдзе не Украіна».
— Галоўная памылка Пуціна не ў тым, што ён пераацаніў моц
свайго войска, недаацаніў моц украінскага супраціву і маштаб санкцый, паверыў у
прапагандысцкую лухту аб брацкім украінскім народзе, які — тыя ж расійцы, і
антынароднай нацысцкай хунце (з габрэем на чале), якую гэтыя «тыяжрускія» хочуць
скінуць, толькі чакаюць дапамогі, — пішаАрцём Шрайбман. —
Ёсць куды больш сур'ёзная праблема светаўспрымання такіх
людзей, як ён. Яна ў іх агульная з амаль любым выхадцам з савецкай
ваенна-чэкісцкай культуры, тымі, каго ў пачатку 1990-х у Расіі было прынята
называць «чырвона-карычневымі», а пазней — ватнікамі. Той жа прабел у
свядомасці ёсць і ў больш маладых сілавікоў, і такіх жа пажылых аўтакратаў, як
Пуцін, накшталт Лукашэнкі.
Гэтыя людзі не могуць прызнавацца сабе ў
тым, што нейкія групы людзей здольныя ўзаемадзейнічаць гарызантальным шляхам,
жыць без пастуха. Толькі вертыкаль, толькі казарма. Толькі эліты і статак
бараноў пад імі. Раз мы прывыклі жыць у такім грамадстве і кіраваць ім — значыць, і ўсе грамадствы такія.
Калі б гэты міф меў нешта агульнае з рэальнасцю, то ідэя хуткага
захопу Кіева, абезгалоўліванне ўкраінскай дзяржавы і навязванне новай уладзе капітуляцыі, разам з «дэнацыфікацыяй» і іншым падначаленнем — цалкам працоўны
план.
Але нават калі апусціць відавочнае ўжо ўсяму свету
тармажэнне расійскай вайсковай машыны, дзіўныя дэсантныя аперацыі без
прыкрыцця, няўзяцце неба пад кантроль, правалы з забеспячэннем і лагістыкай,
план апрыёры нерабочы, бо Украіна — не казарма. Яе немагчымым абезгаловіць,
гэта зусім іншы арганізм.
Уявім, што ваеннай моцы задушыць супраціў УСУ хапіла, што
пакуль цалкам невідавочна, улічваючы, як падае баявы дух нападнікаў і мацнее злосць абаронцаў. Але давайце ўявім.
Што рабіць з партызанскім рухам? Уводзіць сотні тысяч
войскаў акупацыйнага корпуса? Дзе іх узяць, калі пры 90% уведзеных у краіну
рэзервах не хапае рэсурсаў нават узяць буйныя гарады? Ладзіць блакаду гарадоў і
гуманітарную катастрофу ў іх? Калі ўжо і цяпер то тут, то там ідзе здача ў
палон, то як засцерагчыся ад дэзерцірства ў войску, якое відавочна для самога сабе прыйшло для поўнамаштабнай карнай аперацыі, а не для «хірургічнай
дэмілітарызацыі»?
Хто потым будзе падпарадкоўвацца акупантам пасля мясарубкі,
якую прыйдзецца зладзіць у такім сцэнары? Наколькі ўстойлівымі будуць пагадненні
з марыянеткамі, якіх атрымаецца пасадзіць на месца Зяленскага? Колькі дзён яны
пражывуць пры вывадзе акупацыйнага корпуса? Дзе ўзяць бюракратыю для кіравання
40-мільённай акупаванай і татальна варожай акупанту краінай? Дзе ўзяць грошы на
гэта ўсё пры замарожаных рэзервах і паўночнакарэйскіх санкцыях? Як і хто наогул
зможа арганізаваць гэтую акупацыю, калі пакуль і ўварванне толкам арганізаваць
не атрымліваецца?
Адсутнасць exit strategy (стратэгіі выхаду) з гэтай сітуацыі
ў Крамля — галоўная глабальная праблема на сёння пасля, зразумела, гуманітарнай
катастрофы ва Украіне. Нават калі да ўсяго камандавання расійскага войска
дойдзе, якія перад імі стаяць задачы, адступленне будзе роўна палітычнай смерці
Пуціна, а можа, і не толькі палітычнай.
Знаходзячыся ў куце і палоне сваіх містыка-паранаідальных
установак, ён можа аддаць любы загад, і лёс свету ў нейкі момант можа апынуцца
ў руках вярхушкі расійскага ваеннага камандавання, якой трэба будзе гэты загад
выконваць або застацца людзьмі.
На жаль, на шляху да катастрофы расійскай дзяржавы
ляжыць яшчэ вельмі шмат нявінных ахвяр, і гэты факт я ўсё яшчэ псіхалагічна не
магу прыняць. Але за гэтай страшнай цаной, мяркуючы па ўсім, сапраўды рушыць
услед нешта вельмі падобнае на дэнацыфікацыю. Толькі яе пройдзе не Украіна.