Украіна ў чарговы раз абвергла Лукашэнку наконт вывазу збожжа праз Беларусь

Міністэрства інфраструктуры Украіны абвергла нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што праз Беларусь пачаўся вываз украінскага збожжа.

45f2208b8deaa5a0c1d1c1ac2b383aae.jpg


«Украіна не перавозіць у Беларусь або праз яе тэрыторыю ніякіх тавараў ніякім з відаў транспарту. Заява Аляксандра Лукашэнкі аб вывазе ўкраінскага збожжа праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь не адпавядае рэчаіснасці. Міністэрства інфраструктуры Украіны не падтрымлівае ніякіх стасункаў з пракрамлёўскімі ўладамі дзяржавы-сатэліта і разлічвае на справядлівы Міжнародны суд па ўдзелу Беларусі ў вайсковай агрэсіі ў дачыненні да Украіны», — сказана ў заяве міністэрства.

Украінскае міністэрства заявіла, што разглядае гэтую заяву Лукашэнкі як «чарговы акт інфармацыйнай вайны» і просіць СМІ выкарыстоўваць «толькі правераныя крыніцы інфармацыі», піша REFORM.by.

Нагадаем, днямі Лукашэнка заявіў аб пачатку вывазу ўкраінскага збожжа праз Беларусь.

«Тады я сказаў: “Ну добра, абыдземся. Падавіцеся, як я казаў, гэтымі санкцыямі. Вывозьце бедным зерне”. Чаму вязуць па чайнай лыжцы? Вязуць! Нам ужо перадаплату аддалі чыгунцы. Вязуць. Па чайнай лыжцы...» — сказаў ён падчас выступу ў Палацы Незалежнасці.