Віталь Портнікаў: Пуціну патрэбная прорва паміж беларускім і ўкраінскім народамі

Украінскі журналіст і аналітык Віталь Портнікаў разважае аб перамовах Лукашэнкі і Пуціна ў Мінску, зазначае, што беларускае войска не ў стане змяніць ход вайны ва Украіне, і распавядае пра галоўнае адрозненне беларусаў ад расіян.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg


— Гэта была адзінаццатая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна сёлета. Цалкам відавочна, што на кожнай з іх Пуцін можа схіляць Лукашэнку да больш актыўнага ўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны, — кажа журналіст у інтэрв'ю каналу «І Грымнуў Грэм». — Візіт у Мінск тут не з'яўляецца выключэннем. Магчыма, Пуцін як вопытны чэкіст вырашыў падсаладзіць пілюлю.

Лукашэнка з 2020 года мала каго бачыць у Мінску, а тут да яго нібыта прыляцеў сапраўдны прэзідэнт сапраўднай дзяржавы. А да гэтага Лукашэнка быў вымушаны лётаць да Пуціна сам. У гэтым сэнсе гэта такі навагодні падарунак.

Можа быць, падарунак з тым разлікам, што Лукашэнка будзе больш добразычлівы да пажаданняў Пуціна, але я не думаю, што гэтыя пажаданні мяняюцца і што геаграфія сустрэчы нешта мяняе.

Журналіст лічыць, што ў Лукашэнкі ёсць нагода баяцца Пуціна, бо ў таго ёсць рычагі ўплыву на кіраўніка Беларусі, аднак невядома, наколькі яны дзейсныя, бо да гэтага часу Лукашэнка не ўдзельнічаў непасрэдна ў вайне, хоць і дае тэрыторыю расійскім вайскоўцам.

— Сказаць, што колькасць беларускіх вайскоўцаў, якія могуць удзельнічаць у вайне, зменіць яе ход — таксама нельга.

Затое зразумела, што для Лукашэнкі ёсць негатыўныя палітычныя наступствы, таму што беларускае грамадства, у адрозненне ад расійскага, гэтую вайну не падтрымлівае.

Таму плюсаў ва ўдзеле для Лукашэнкі няма, толькі мінусы. Але і яго існаванне цалкам залежыць ад падтрымкі Крамля.

На пытанне, якое стаўленне да беларусаў цяпер пераважае ва ўкраінскім грамадстве, Портнікаў адзначае: ён супраць, каб казаць, што народ да народа неяк ставіцца, паколькі народ складаецца з людзей.

— Сярод украінцаў, зразумела, ёсць людзі, якія сталі больш негатыўна ставіцца да беларусаў пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі пачалося ўварванне ў нашу краіну. Людзі, якім не да палітычных нюансаў і якія лічаць, што беларусы таксама маглі зрынуць сваю дзеючую ўладу, калі яна іх не задавальняла.

Я і ў 2020 годзе казаў многім беларускім сябрам, што іх сапраўдны вораг зусім не Лукашэнка, а Пуцін.

Ёсць людзі, якія спачуваюць беларусам, верагодна, іх цяпер менш. Стаўленне да беларусаў пасля пачатку вайны стала больш негатыўным. І гэта, дарэчы, тое, чаго дамагаецца Пуцін. Думаю, адносна беларускіх войскаў ва Украіне, яму патрэбна нават не жывая сіла, а прорва паміж беларускім і ўкраінскім народамі.

Што тычыцца расійскага грамадства, якое ў большасці сваёй падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны, то журналіст лічыць, што справа там зусім не ва ўплыве прапаганды.

— Гэта не расійскае тэлебачанне замбіруе рускі народ, а наадварот, руская прапаганда ўлічвае нацыянальныя настроі. Пуцін робіць тое, чаго хоча большасць расійцаў. Тут трэба ўспомніць, што, калі была анексія Крыма, рэйтынг Пуціна пайшоў уверх.

Мы можам казаць пра грамадства, якое хварэе на агрэсію і шавінізм не першы дзень. Гэта не выпадкова. Гэта грамадства пераможцаў у грамадзянскай вайне. Зло ў Расіі перамагла ў 20-я гады XX стагоддзя. І потым увесь час, шляхам масавых рэпрэсій, знішчэнняў нязгодных схіляла да таго, што на тэрыторыі РФ могуць жыць толькі людзі, якія з'яўляюцца прыхільнікамі гэтага зла, — заключае Віталь Портнікаў.