«Хацеў бы паглядзець у вочы таму, хто прыдумаў сажаць патрыётаў!»

У канцы сакавіка 2017 года КДБ затрымаў па «Справе патрыётаў» вайскоўца-кантрактніка з Бабруйска Уладзіміра Румянцава. За кратамі хлопец сустрэў сваё 29-годдзе, а агулам ён правёў у ізалятарах 3 месяцы і 1 тыдзень.

rumiantsau_j.jpg

Румянцаў вызвалены пад падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў следства. Абвінавачванне ў падрыхтоўцы баевікоў для арганізацыі масавых беспарадкаў з яго знятае, застаўся толькі «ўдзел у незаконным узброеным фармаванні».
Адразу пасля вызвалення Румянцаў даў кароткае інтэрв'ю Еўрарадыё: 
Еўрарадыё:У якіх умовах сядзелі? Столь не падцякала падчас дажджу?
Уладзімір Румянцаў: Бацькам пісаў, што жыву, як у санаторыі. Камера была разлічаная на чатырох чалавек, а сядзелі мы ў ёй удвох. Маімі суседзямі былі крымінальнікі: махляры і адзін неплацельшчык аліментаў.
Еўрарадыё: Як бавілі час за кратамі?
Уладзімір Румянцаў: Займаўся фізічнай падрыхтоўкай. Адціскаўся ад падлогі, паклаўшы ногі на шконку, прысядаў. Ну і чытаў трохі. Прачытаў «Графа Монтэ-Крыста», ён жа таксама сядзеў! 
Еўрарадыё: Як лічыце, чаму вы трапілі за краты?
Уладзімір Румянцаў: Логікі ў гэтым няма зусім... Хацеў бы я паглядзець у вочы таму чалавеку, які прапанаваў распачаць гэтую справу аб незаконным узброеным фармаванні і саджаць патрыётаў. Хацеў бы паразмаўляць з ім... 
Еўрарадыё: Спадзеяцеся калі-небудзь даведацца, хто гэты чалавек?
Уладзімір Румянцаў: Не, думаю, гэта ніколі не стане вядома.
Еўрарадыё: Што будзеце рабіць далей?
Уладзімір Румянцаў: Вярнуся ў войска. У мяне яшчэ засталося некалькі дзён кантракта. 
Еўрарадыё: Як думаеце, не будзе з гэтым праблем?
Уладзімір Румянцаў: Думаю, не. Войска мусіць быць па-за палітыкай.
Паводле Еўрарадыё