Які кошт «справы патрыётаў»?

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка пракаментаваў вызваленне фігурантаў «справы патрыётаў».

f9f069a3_4f94_4105_8eb9_3201d02393e6_w1023_r1_s_2hbjc.jpg

Старшыня следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што сёння на працягу дня будуць адпушчаныя ўсе фігуранты справы «Белага легіёну».

Андрэй Бандарэнка адзначыў:

— Той факт, што сёння ўсе фігуранты будуць на волі, сведчыць пра тое, што справа шытая белымі ніткамі, пра што ўжо неаднаразовы казалася. Відавочна, што напярэдадні пасяджэння Парламенцкай Асамблеі ў Мінску беларускія ўлады стараюцца прывесці ў парадак хаця б знешні фасад і суадносіцца з патрабаваннямі, якія прад’яўляе еўрапейская супольнасць. Думаю, калі б не гэтыя фактары, хлопцы да гэтага часу знаходзіліся б за кратамі.

Фігурантаў вызваляюць, але сама крымінальная справа не спынена. Якія тут перспектывы?

— Складана сказаць, бо практыка беларускай судавытворчасці і следства паказвае, што гучныя справы ў любым выпадку да суда даводзяць. Але тое, што зараз адбываецца, — гэта дэманстрацыя таго, што няма зусім ніякай доказнай базы. Калі б было хоць нешта, за што можна зачапіцца, то на волю хлопцаў не выпусцілі б. Але нельга прагназаваць, што будзе са справай далей. Улады патрапілі ў патавую сітуацыю. Што б яны ні рабілі, гэта будзе паказваць, наколькі фальсіфікавана справа і якімі метадамі рабілася. Таму, напэўна, думаюць, як прыгожа выйсці са становішча, у якое самі сябе загналі. З аднаго боку, трэба даводзіць справу да суда, а з іншага яны разумеюць, што ў такім выпадку трэба будзе паказваць абсурднасць справы.

Вы сказалі, што хлопцаў выпусцілі на волю напярэдадні Парламенцкай Асамблеі невыпадкова. Які наагул кошт пытання?

— Кошт вялікі, паколькі Беларусь знаходзіцца ў складаным палітычным і эканамічным становішчы. Зразумела, што беларускае кіраўніцтва правы чалавека не вельмі хвалююць, але стан эканомікі залежыць у тым ліку і ад заходняй дапамогі. Гэта прымушае ўлады ісці на не вельмі папулярныя крокі. Да таго ж, пастаянная залежнасць ад Расіі патрабуе шукаць партнёраў на Захадзе, каб мінімазаваць рызыкі на ўсходнім накірунку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя