Што хаваецца за сімволікай «Белага легіёну»?
У межах
салідарнасці з затрыманымі па «Справе патрыётаў» і кампаніяй «Патрыёт не
злачынца» сотні беларусаў змясцілі на сваіх аватарках у сацсетках знак
«спарыш». Што ж ён значыць?

Сімвал кампаніі салідарнасці з фігурантамі ''Справы патрыётаў''
Сімволіка, сапраўды, нетрывіяльная для беларускага нацыянальнага поля. З Пагоняй або Еўфрасіннеўскім крыжам усё куды прасцей. Спарыш, два перакрыжаваныя гачкі, у сваю чаргу, адсылае да куды больш старадаўніх пластоў нашай гісторыі. Нехта нават паставіўся да яго з насцярогай, маўляў, а раптам тут нейкі “фашызм”?.. Аднак, пра ўсё па парадку.
“Беларускі Дом пад абаронай”
Паводле аднаго з лідараў “Белага Легіёну” Сяржука Чыслава, падобная сімволіка ў легіянераў асацыявалася з “домам”.

Сяржук Чыслаў
“Гэта наш Дом, — тлумачыць Чыслаў, — Падобны элемент у старажытнасці мацаваўся на страсе хаты як абярэг. Для Легіёна гэта сімвал таго, што беларускі Дом знаходзіцца пад абаронай. Каларыстыка — белы, чырвоны і чорны колеры — таксама абраная не выпадкова. Тлумачэнне такое: чалавек (чырвоны) сягае вышыняў (белы), моцна стоячы нагамі на глебе (чорны)”.

Юміс або падвойны ахоўны знак на страсе хаты ў Латвіі
Чыслаў дадае, што ў арганізацыі існаваў нават нагрудны знак — Спарыш, які
сябар арганізацыі атрымліваў як узнагароду. Такая традыцыя склалася яшчэ да
ўвядзення “сталёвага берэту” (каб атрымаць апошні трэба было здаць іспыт па
фізічнай падрыхтоўцы ды гісторыі Беларусі).

Сцяг ''Белага легіёгу'' падчас вышкалу
Нагрудны Спарыш, у сваю чаргу, мог атрымаць легіянер за працу на карысць арганізацыі і Радзімы — для гэтага фізічна не абавязкова было быць самым моцным, гэта азнака “Гонару і Духу”. Узнагарода мела чатыры ступені.
Ад баявых калясніцаў да дзяржаўнага сцягу
З міфалогіі ды арнаментальнай традыцыі вынікае, што Спарыш — сімвал плоднасці, распаўсюджаны як у славян, так і ў большасці іншых індаеўрапейцаў. Гэта працяг міфу пра багоў-блізнятаў, роднасны балтыйскаму Юмісу, старажытнаіндыйскім Ашвінам.

Спарышы-слоікі
Паводле даследчыкаў, слова “спарыш” першапачаткова пазначала падвойнае зерне альбо падвойны колас, які трактаваўся як увасабленне ўдачы ды плоднасці. Нашы продкі давалі такія каласы каровам, каб тыя добра радзілі, з каласоў плялі вянкі, варылі “брацкае піва”, адкусвалі калоссе зубамі — на ўдачу. Корань слова хаваецца ў шматлікіх мовах: старадаўнеславянскае “спорый” — “багаты, удалы, тлусты”, лацінскае “prosper” — “шчаслівы, прыбытковы” і г.д.

Спарыш на беларускім рушніку
Калі капаць яшчэ глыбей, то можна выйсці і на сімволіку старажытных баявых калясніцаў з двума запрэжанымі коньмі, і на перакрыжаваныя сякеры бронзавага ды жалезнага веку, і на скандынаўскую руну “Одал”. Спарыш захаваўся ў беларускай ганчарнай традыцыі як два слоікі, змацаваныя паміж сабой, якія насілі касцам у поле. Арнаменты са спарышом пашыраныя ў беларускай вышыўцы, на рушніках ды паясах.

Купальская брама, на версе — спарыш
Насамрэч, спарыш бачыў кожны з нас: ён упісаны арнаментальную стужку на дзяржаўным сцягу Беларусі. У свой час, менавіта гэты фактар дапамог падрыхтаваць эксперту з Акадэміі Навук заключэнне аб тым, што гэтая сімволіка ніколі не магла і не можа зараз лічыцца экстрымісцкай. Спарыш — частка нашай агульнай нацыянальнай традыцыі, замацаваная нават у афіцыйнай сімволіцы.
