Зорны расійскі футбаліст асудзіў вайну і з’ехаў у Іспанію
Адзін з самых тытулаваных расійскіх футбалістаў, трэнер Васіль Беразуцкі не захацеў заставацца ў сябе на радзіме. Разам са сваёй сям'ёй ён пераехаў жыць у іспанскую Марбелью.
У інтэрв'ю YouTube-каналу журналіста Нобеля Арустамяна ён прызнаўся, што хоча жыць у міры і бяспецы. Цікава, што з самых першых дзён поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Беразуцкі асудзіў сваю краіну.
Адзначым, што Беразуцкі з'яўляецца адным з самых тытулаваных футбалістаў у Расіі. Ён выйграваў Кубак УЕФА, шматкроць перамагаў у чэмпіянаце Расіі і станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы.
«Цяпер я мару, каб ва ўсім свеце быў мір. Было спакойна, бяспечна, каб чалавецтва нарэшце адумалася і зразумела, што некаторыя рэчы не патрэбныя», — сказаў спартсмен.
Расійскі футбаліст адзначыў, што правёў у Марбельі ўжо некалькі месяцаў і застанецца тут жыць. Ён ужо пачаў вывучаць іспанскую мову.
«Чаму не застаўся ў Барселоне? Марбелья лепш. Надвор’ем, прынамсі, зімой, ежай плюс яшчэ атмасферай. Дастаткова шмат людзей з Расіі, з кім можна пагутарыць. Дзеці ходзяць у школу ў Марбельі. У бліжэйшыя гады збіраюся жыць у Іспаніі», — завяршыў ён.
Беразуцкі таксама заклікаў расійскіх спартсменаў, якія цяпер знаходзяцца ў міжнароднай ізаляцыі, з’язджаць за мяжу, каб там працягваць спартыўную кар’еру.
Нагадаем, што 24 лютага 2022 года ў першы дзень пачатку поўнамаштабнай вайны Беразуцкі напісаў у сацсетках пост, у якім была фраза «Не вайне». Тады ён уваходзіў у трэнерскі штаб маскоўскага ЦСКА.
Васілю Беразуцкаму 41 год. У яго ёсць брат-блізнюк Аляксей Беразуцкі. Ён застаецца ў Расіі.
На момант пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Аляксей Беразуцкі быў галоўным трэнерам ЦСКА, але ў чэрвені пасля заканчэння сезону сышоў з пасады.
У інтэрв’ю ён тады патлумачыў, што пакінуў клуб праз пачатак Расіяй «спецыяльнай ваеннай аперацыі» на тэрыторыі Украіны:
«Я прыняў рашэнне крыху раней [чым было абвешчана афіцыйна]. Там шмат фактараў. Тры ключавыя: 24 лютага. Немагчымасць... Першыя зборы былі цяжкімі, як і ўсё першы час: колькасць трэніровак і гэтак далей. І фактар нейкага незразумелага руху, куды мы ідзем. Я пра Расію. Нас забанілі ў еўракубках. Незразумела, за што мы змагаемся. У мяне быў план, і я яго працягваў прытрымлівацца. Хоць да лета было зразумела: бан надоўга. Усё роўна, хоча нас УЕФА прымаць ці не. З намі проста каманды не хочуць гуляць», — сказаў Аляксей Беразуцкі.
Антываенная пазіцыя спартсменаў у Расіі — вельмі рэдкая з’ява. Звычайны яны альбо падтрымліваюсь палітыку Пуціна, альбо маўчаць.