Агмень: медытацыя-пазбаўленне ад трывожнасці і страхаў
Хатні агмень, пасля — печ, з’яўляліся цэнтрам хатняга сусвету нашых продкаў. Функцыянальна печ — гэта абарона ад холаду, цемры. А таксама — «утаймавальніца» прыроднага агню. У печы ён не разбуральная стыхія, а добры памагаты (сагрэе, высушыць, прыгатуе ежу, дапаможа пры розных хваробах і гэтак далей). Адсюль, відаць, і пайшоў вобраз печы, як захавальніцы жыцця. Яна нібыта гарантавала несупынны працяг жыцця ў хаце.
Яшчэ адна важная функцыя печы — роля пасярэдніка паміж светам жывых і памерлымі продкамі. На Дзяды, напрыклад, гаспадар клікаў душы продкаў на вячэру, заглядаючы ў комін. Нават юшка, што перакрывае яго, называлася «душой».
У гэтай медытацыі мы запрашаем вас пазнаёміцца з вашай абаронцай, спаліць усе свае трывогі і страхі.
Перад медытацыяй:
— Паклапаціцеся, каб хвілін 20-30 вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце мэсэнджары на камп’ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнэс-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі)
— Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню
— Паздымайце ўсе ўпрыгожанні з валасоў, гадзіннікі, паясы (ці проста расшпіліце)
— Уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне)
Вітаем у падарожжы ў Сусвет!
Відэамантаж — Святлана Лазоўская; музыка з канала Royalty Free Music — Creative Commons.