Экзатычныя практыкі на нашай глебе: медытацыя па-беларуску

Падавалася б, медытацыя — гэта чыста ўсходняя практыка для «заспакаення душы», і аніяк не перасякаецца з нашай прасторай. Аднак чамусьці ёсць медытацыі па-украінску, па-руску, а вось ці можна медытаваць па-беларуску?

photo_2022_06_16_12_46_36.jpg

Так падумала культуролаг, сузаснавальніца творчай майстэрні Terram Album Анастасія Ямаціна, і паспрабавала зрабіць курс медытацый на беларускай мове. Сама яна захапілася медытаваннем не так даўно, але, як яна кажа, гэтае захапленне ёй ужо вельмі дапамагло.

Пра тое, як што такое «медытацыя па-беларуску», і што гэта за практыка ўвогуле, мы з ёй і паразмаўлялі.

— Анастасія, у свядомасці звычайнага чалавека медытацыя — гэта нешта містычнае альбо інфернальнае. Патлумач, калі ласка, «для чайнікаў», што гэта такое?

— У Тыбеце медытацыя вызначаецца адным словам — спасціжэнне. У некалькіх словах — гэта пэўны стан чалавека, калі ён засяроджаны на сваім унутраным свеце і «адключаны» ад знешняга. Такі стан дасягаецца з дапамогай некаторых дзеянняў: асаблівае дыханне, уяўленне, расслабленне цела і іншае.

Справа ў тым, што ў стане бадзёрасці мы пастаянна пра штосьці думаем. Наша галава поўніцца ўспамінамі, думкамі пра мінулае і будучыню, унутранымі дыялогамі, пракручваннем нейкіх сітуацый. Праз гэта мы не можам адчуць сябе «тут і цяпер». А медытатыўны стан як бы прыпыняе гэтую «бетонамяшалку» ў галаве, дазваляе звярнуцца да сябе сапраўднага, а не да нейкай сваёй сацыяльнай ролі.

Калі глядзець на медытацыю з пункту гледжання фізіялогіі, то гэта праца мозга на іншых частотах: у звычайным стане мозг працуе ў бэта-рытме (14 — 40 Гц), а ў стане медытацыі — у альфа-рытме (8 — 13 Гц).

Увогуле тэхнік і форм медытацыі — дахалеры, і вы можаце нават не ведаць, што насамрэч медытуеце. Ад шматгадзіннага сядзення ў позе лотаса тварам да сцяны да прабежак і фізічных практыкаванняў. Па вялікім рахунку, нават творчасць — маляванне, вышыўка, разьбярства і гэтак далей, —калі ты засяроджаны на працэсе і сваіх унутраных адчуваннях, можна назваць медытацыяй.

Я для сябе пакуль абрала медытацыі-суправаджэнні (па-іншаму іх называюць «скіраваныя») — то-бок, калі цябе як бы «вядуць»: нехта кажа, як дыхаць, куды скіроўваць увагу, што ўяўляць. А ты проста выконваеш гэтыя інструкцыі. Для пачаткоўцаў, мне падаецца, гэта самы хуткі і просты спосаб злавіць карысць ад медытатыўных практык.

img_6089.jpg


— Навошта ўвогуле патрэбная медытацыя? Можа, яна ад нечага дапамагае?

—Дакладныя механізмы — як яна дапамагае — напэўна лепш пашукаць у тых, хто вывучае працу нашага мозга. Я магу распавесці пра механізмы на ўзроўні сваіх адчуванняў.

Медытацыя — вельмі шырокаскіраваная рэч. Калі агулам: яна дапамагае змяніць унутраны стан чалавека, а праз гэта і знешнія абставіны. Вось тут пачынаецца «калдунства» — бо як звязаныя ўнутраны стан і знешнія абставіны, я пакуль не знайшла тлумачэння, якое б мяне задаволіла. Але гэта сапраўды ёсць.

З чаго на што мяняць — кожны абірае сам. Напэўна, самая распаўсюджаная функцыя — рэлакс. Адключыцца ад тысячы сваіх думак і клопатаў, супакоіць свае думкі. Ведаю таксама, што з дапамогай медытацый людзі вучаць замежныя мовы, пазбаўляюцца ад стрэсу, лекуюцца ад розных хвароб, здзяйсняюць свае мары, шукаюць адказы на хвалюючыя пытанні, пазбаўляюцца ад шкодных звычак. Тыя, хто стварае медытацыі, часта сцвярджаюць, што гэты стан — самы прадуктыўны для творчасці. Так, многія мае знаёмыя творцы натхняюцца менавіта медытацыяй.

А, калі залезці на ютуб — там можна знайсці медытацыі «на прыцягненне грошай», «на будаванне любоўных стасункаў», «на здзяйсненне жаданняў за 21 дзень».

Для мяне медытацыя стала ратункам ад зацягнутага стрэсу — хутчэй, нават дэпрэсіі. Жыццё прыпаднесла шмат, так бы мовіць «цікавых сітуацый», да якіх я не была гатовая. І я ў іх «выжывала», намагаючыся прабегчы хутчэй і ляцець далей, не звяртаючы ўвагі на тое, якія эмацыйныя шнары пакідаюць гэтыя сітуацыі.

Па жыцці я «заўжды заняты чалавек», з тых, хто на пытанне «Ты хаця б высыпаешся?» адказвае «Куды высыпаюся?». І вось настаў момант, калі мне проста перахацелася жыць. Здаецца, нічога такога — знешне ўсё ок, а унутры — адно жаданне здохнуць.

Мне стала па-сапраўднаму страшна. Прычым не толькі «ў галаве» — пачаліся панічныя атакі, я стала задыхацца. Гэта выпала якраз на 2020-ты. Я тады пасаромелася ісці да псіхолага, лічыла, што ў іх былі іншыя клопаты. А псіхатэрапеўт з паліклінікі прапанаваў мне транквілізатары. Я такіх пігулак не хачу.

І тады я пайшла ў «самадапамогу» праз ментальныя практыкаванні — так і пазнаёмілася з медытацыямі. Так што асабіста мне медытацыя дапамагла вярнуць жаданне жыць. А пасля — вярнуць рэсурсны стан. Цяпер мне хочацца ствараць, не гледзячы на знешнія абставіны.

— На прасторах інтэрнэту я бачыў матэрыялы на тэму «чаму не дапамагае псіхолаг, і што рабіць». Калі не дапамагае псіхолаг, могуць дапамагчы такія практыкі?

— Чаму не дапамагае — варыянтаў шмат. Ад банальнага непрафесіяналізму таго, хто называе сябе псіхолагам, да адсутнасці элементарнага даверу ці часу, каб гэты давер пабудаваць.

Медытатыўныя практыкі адназначна дапамогуць — праверана на ўласным досведзе. Важна толькі:

  • Знайсці тое, што адгукаецца менавіта табе
  • Практыкаваць. Не проста пачытаў/паслухаў, што такое ёсць, і сяджу чакаю, калі мне палепшае. Важна рэальна рабіць гэта.
  • Практыкаваць РЭГУЛЯРНА. Не чакаць, што, пасядзеўшы паўгадзіны на дыванку ў позе «лотаса», твой стан зменіцца кардынальна. Нават калі не атрымліваецца, бо мозг не так ужо і лёгка супакоіць. Я, напрыклад, сваю першую практыку рабіла штодня тыдні тры, пакуль адчула нейкі эфект.
  • Не спыняцца. Час, за які «падзейнічае», для кожнага розны. Не варта параўноўваць сябе з кім-небудзь. Варта ісці да лепшага стану спакойна, у сваім тэмпе, крок за крокам.
  • Не забывацца на цела: ежа, сон (адпачынак), фізуха — таксама вельмі важныя складнікі.

img_5991_1.jpg


— Шчыра скажу: я ў прынцыпе скептычна стаўлюся да пераносаў «замежных» практыкаў, не аўтэнтычных для беларусаў, на беларускую глебу…

— Па шчырасці, я не ўспрымаю медытацыю як «замежную практыку». Мне падаецца, існуюць нейкія агульначалавечыя веды, тэхнікі (ну ці проста створаныя настолькі даўно, што нельга прыпісаць іх нейкаму сучаснаму народу). Медытацыя — якраз гэта. Проста пытанне ў тым, дзе такая тэхніка зараз больш модная і «раскручаная».

Так, пісьмовых крыніц пра медытатыўныя практыкі старажытных беларусаў я не сустракала. Дый, прызнаюся, асабліва не капала ў гэтым кірунку (дарэчы, па мне — неблагая тэма для даследавання нашых этнографаў). Але шмат ведаў і тэхнік перадавалася «вусным шляхам», і магчыма, проста на пэўным этапе гісторыі гэты шлях паміж пакаленнямі перарваўся.

Дарэчы, маю першую медытацыю мне «даў» сябра з Украіны. Ён вывучае традыцыі характэрнікаў, украінскіх воінаў-берсеркераў, і шмат займаецца ментальнымі практыкамі, якія захаваліся ў характэрніцтве. То, думаю, што і ў беларусаў было нешта падобнае.

Але, калі нават уявіць, што ў нас не было абсалютна нічога падобнага, прывяду ў прыклад краіну, якой я шчыра захапляюся — Індыю. У іх вельмі вялікая пашана да традыцый і адметнасцей сваёй культуры. Але пры гэтым яны нічога не адкідаюць. Калі нешта «прыляцела» — з модай, сусветнымі тэндэнцыямі, яны проста адаптуюць гэта пад сябе.

Яркі прыклад — Балівуд. Вы бачылі іх Фрэдзі Кругера? Тоўсценькі, вясёлы мужчынка ў чырвонай атласнай кашульцы, які танчыць і спявае! Так, гэта можа падацца ледзь не здзекам з класічнага вобразу, але ёсць у гэтым нешта класнае. І самімі індусамі ўспрымаецца абсалютна натуральна.

— Медытацыя па-беларуску — чаму ўзнікла такая ідэя?

— Я люблю пісаць, размаўляць, чытаць па-беларуску. Калі пачала цікавіцца медытацыямі, не знайшла беларускамоўных. Англа- , руска- , украінамоўныя — ёсць. А вось па-беларуску… Мне стала неяк крыўдна. Гэта — на паверхні.

Калі ж я пачала ствараць свае медытацыі-суправаджэнні, — для сяброў, на майстар-класы, — зразумела, што мова мае вялікае значэнне. Бо важна не толькі разумець сэнс суправаджэння, важна, каб яно адгукалася дзесь глыбей за простае разуменне.

— Адна з тваіх медытацый называецца «Явар». Ці можна назваць беларускамоўную медытацыю «адаптацыяй» для Беларусі тых самых замежных практыкаў?

— Разумееш, ёсць пэўны алгарытм дзеянняў: выключыць знешнія раздражняльнікі, прыняць зручную позу, прадыхацца і гэтак далей. Гэты алгарытм плюс-мінус аднолькавы для любой медытацыі: і для асабістай (калі ты проста пад музыку медытуеш), і для медытацыі-суправаджэння (калі выконваеш інструкцыі «дыктара»). Гэта як падсмажыць блін: трэба зрабіць цеста (пэўны набор прадуктаў) і выліць яго на гарачую патэльню. Ты ж не скажаш, што беларускія бліны — гэта адаптацыя? А вось як і з чым есці гэты блін — з ікрой ці з мачанкай — гэта ўжо этнакультурныя адметнасці.

Так і тут — алгарытм дзеянняў аднолькавы, а вось вобразнае напаўненне…

Назва ж — гэта адлюстраванне таго цэнтральнага вобраза, на падмурку якога я ствараю медытацыю. Яна не «прыцягваецца за вушы» і іншыя часткі цела, яна шукаецца і знаходзіцца.

Што да «Явару» — архетып Сусветнага Дрэва ёсць, напэўна, ва ўсіх культурах. У скандынаваў гэта Ігдрасіль, у будыстаў — По, а ў нас — Явар (ці Дуб). Я намагаюся ствараць медытацыі на падставе вобразаў, якія настолькі глыбока ў нашай падсвядомасці, што яна мусіць лёгка на іх адгукацца. І будзе вельмі дзіўна, калі называць гэты вобраз я буду не па-беларуску. То-бок я шукаю максімальна «блізкі і родны» вобраз для беларусаў. І, калі ў гэтага вобраза ёсць дакладная назва, то, канешне я яе скарыстаю.

img_8813_2.jpg


— Увогуле, на тваю думку, ці вялікая роля мовы ў гэтых практыках? Што мы робім такім чынам, калі медытацыя па-беларуску? «Падграбаем» свае карані? Адаптуем іншаземныя практыкі? Раскрываем сваю, беларускую прастору?

— Ох, ну як апісаць важнасць таго, на чым усё будуецца? Мы ўсё навокал неяк называем: вобразы, свой стан… Нават «падрыхтоўчы» перыяд медытацыі, калі мы расслабляем цела — мы ж таксама называем часткі свайго цела. А медытацыі-суправаджэнні ўвогуле пабудаваныя на вобразах, якія «дыктару» трэ перадаць таму, хто медытуе. Як тут без мовы? Ці на розных мовах?

Разумееш, медытацыя — такі працэс, «шлях» якога мусіць быць максімальна кароткім: ты чуеш «інструкцыю дыктара», ты бачыш і адчуваеш гэта. Калі такая інструкцыя на іншай мове, то з’яўляецца яшчэ адзін лішні крок — ты ў галаве спачатку перакладаеш, а пасля намагаешся ўбачыць. Гэта вельмі ўскладняе працэс. І, па шчырасці, не ведаю, ці зможа такі алгарытм спрацаваць дастаткова глыбока, каб быў відавочны эфект ад медытатыўнай практыкі.

Мне медытацыі вельмі дапамаглі і дапамагаюць, яны выцягнулі мяне з такой яміны ў творчы, рэсурсны стан... Цяпер я атрымліваю асалоду ад кожнага імгнення жыцця, нягледзячы ні на што. Калі здараецца нешта зусім дзікае ці асабіста мяне «чапляе» — я магу хутка сабе дапамагчы і зноў вяртацца ў стан «мне добра». Прычым, медытацыя не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, нейкіх інструментаў, грошай…

Я проста хачу падзяліцца гэтым метадам з усімі, каму цяжка, хто хоча палепшыць, змяніць свой стан. Але для гэтага чалавек мусіць захацець атрымаць эфект.