Марк Шагал: беларускі геній

7 ліпеня 1887 года, калі Мошке (так звалі Марка Шагала ў сям'і) з'явіўся на свет, у Віцебску лютаваў вялікі пажар. Ложак, на якім ляжала Фейга з нованароджаным сынам, перацягвалі з месца на месца, каб выратаваць маці і немаўля. У будучыні на сваіх палотнах Шагал адлюстроўваў агонь, што пашкадаваў яго, у выглядзе чырвонага пеўня. У дзень народзінаў Шагала згадваем яго жыццёвы і творчы шлях.

Марк Шагал. Фота: wikipedia.org

Марк Шагал. Фота: wikipedia.org

Беларускі геній жывапісу Марк (Мойшэ) Шагал нарадзіўся ў габрэйскай сям'і, што жыла на ўскрайку Віцебска. Доўгі час месцам нараджэння мастака лічылася мястэчка Лёзна, але насамрэч ён быў народжаны на Вялікай Пакроўскай вуліцы ў Віцебску. Прадзедам Мойшы быў вядомы габрэйскі мастак Хаім Сегал, які распісваў сінагогі. Прозвішча Шагал з'явілася дзякуючы дзядулі будучай сусветнай зоркі жывапісу Мордуху.  У сям'і Хацкеля (Захара) і Фейгі, бацькоў Марка Шагала, акрамя яго было яшчэ дзевяць дзяцей, малодшы з якіх, Давід, памёр ад сухотаў. 

7 ліпеня дзень 1887 года, калі Мошке (так звалі Шагала ў сям'і) з'явіўся на свет, у горадзе лютаваў вялікі пажар. Ложак, на якім ляжала Фейга з нованароджаным сынам, перацягвалі з месца на месца, каб выратаваць маці і немаўля. У будучыні на сваіх жывапісных палотнах Марк Шагал адлюстроўваў агонь, што пашкадаваў яго, у выглядзе чырвонага пеўня.

Нялёгкім быў яго шлях да сусветнай славы. Вядома, што ў агульнаадукацыйнай школе хлопец вучыўся кепска, любіў музыку і маляванне. За маляваннем яго часта заспявалі бацькі ў розных нечаканых месцах — напрыклад, на жытнёвым полі, сярод валошак. Для іх жаданне Мойшэ стаць мастаком было катастрофай, бо ішло насуперак традыцыям іўдаізму. Аднак юнак не здаваўся: ён скончыў мастацкую школу, дзе яго настаўнікам быў яшчэ адзін знакаміты мастак Юдаль Пэн, а пасля накіраваўся ў Санкт-Пецярбург — працягваць адукацыю. Бацька даў яму ў дарогу, дакладней кінуў на падлогу, 27 рублёў і загадаў больш па дапамогу не звяртацца. У Пецярбургу таленавіты мастак быў прыняты адразу на трэці курс Школы малявання.

Але адной сталіцы Марку Шагалу было мала, і ён паехаў у Парыж, дзе хапаўся за любую магчымасць вучыцца, улівацца ў колы мастакоў, расці і развівацца — і быў паспяховым у гэтым: ужо праз 2 гады пасля пераезду яго працы былі ўпершыню выстаўленыя ў Асеннім салоне. Грошай у яго было так мала, што ён пісаў карціны аголеным, каб не запэцкаць адзенне, і харчаваўся паловай селядца ў дзень. Але гэта не перашкаджала яму праводзіць гадзіны ў Луўры, дзе можна было любавацца палотнамі Рэмбранта, Курбэ, Мане.

Глядзіце таксама

У 1914 годзе Шагал вярнуўся ў Віцебск. А пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ён быў прызначаны ўпаўнаважаным камісарам па справах мастацтваў у Віцебскай губерні. Мандат яму выдаваў сам Луначарскі.

28 студзеня 1919 года пры садзейнічанні мастака была адкрыта Віцебская народная мастацкая школа, якой ён і кіраваў некаторы час. У тыя гады, будучы ўпаўнаважаным, ён нават выдаваў дэкрэты аб мастацтве. На пасадзе ўпаўнаважанага па справах мастацтваў Шагал планаваў зрабіць мастацкае навучанне абавязковым прадметам у яўрэйскіх школах, а таксама стварыць спецыяльную экспазіцыю і музейны фонд, прысвечаныя яўрэйскім традыцыям. Гэтыя планы так і не ўвасобіліся ў жыццё.

Адметна, што ў савецкай Расіі працы Марка Шагала крытыкавалі, а яго самога называлі «стараватарам» за нежаданне прытрымлівацца модных тады левых тэндэнцый. Калі ў заснаваную ім школу мастацтваў па яго запрашэнні прыехаў Казімір Малевіч, ён неўзабаве выцесніў адтуль Шагала. Вучні аддалі перавагу папулярнаму ў той час супрэматызму, і Шагал вырашыў эміграваць у Парыж. Мастак спадзяваўся, што савецкая ўлада дасць яму творчую свабоду. Але яго мала цікавілі ідэі рэвалюцыі. Аднак, едучы за мяжу ў 1920-я гады, ён не выключаў магчымасці вярнуцца. Французскае грамадзянства ён пагадзіўся атрымаць толькі ў 1937 годзе.

Творчасць Шагала не абмяжоўвалася карцінамі. Ён маляваў ілюстрацыі да кніг, пісаў вершы і мемуары, ствараў тэатральныя дэкарацыі, а з 1960-х гадоў перайшоў да манументальных форм жывапісу, займаўся скульптурай і керамікай і распісваў вітражы, пра што практычна невядома шырокай аўдыторыі.

Скульптура аўтарства Марка Шагала

Скульптура аўтарства Марка Шагала

Скульптуры малых форм Марк Шагал адкрыў для сябе ў 1949 годзе, калі пасяліўся ў Вансе на Блакітным беразе Францыі. Мастак, зачараваны разнавіднасцю камянёў на гэтай зямлі, сур'ёзна пачаў займацца разьбой. Ён вывучаў новыя матэрыялы праз кераміку і скульптуру на працягу трыццаці гадоў. Вядома каля ста яго скульптурных работ малых форм на біблейскія тэмы, варыяцыі на тэму кахання. Некаторыя з іх пераклікаюцца з формай малюнка дагістарычнага і сярэднявечнага мастацтва.

Глядзіце таксама

У 60-х гадах Шагал паступова перайшоў на манументальныя віды мастацтва: мазаіка, вітраж. У гэтыя гады ён на замову ўрада Ізраіля стварыў унікальныя мазаікі для будынка парламента ў Ерусаліме. Поспех пацягнуў за сабой вялікія замовы на афармленне мазаікамі і вітражамі рэлігійных храмаў. Шагал стаў адзіным у свеце мастаком, чыімі манументальнымі працамі дэкараваны культавыя збудаванні адразу некалькіх канфесій: сінагог, лютэранскіх храмаў, каталіцкіх касцёлаў — усяго пятнаццаць будынкаў у ЗША, Еўропе і Ізраілі.

Ён распісваў знакаміты плафон у Парыжскай Гранд-опера, а таксама знакамітае «Акно міру» вышынёй 3,5 метра, размешчанае ў прыёмнай зале Генасамблеі ААН. Гэта вітражнае пано — падарунак Шагала Арганізацыі Аб'яднаных Нацый — прысвечана памяці Дага Хамаршэльда, які займаў пасаду генеральнага сакратара ААН з 1953 па 1961 год і загінуў у авіякатастрофе падчас чарговай місіі міру.

Вітраж «Акно міру» ў прыёмнай зале Генасамблеі ААН

Вітраж «Акно міру» ў прыёмнай зале Генасамблеі ААН

Што датычна жывапісу, то на працягу свайго творчага шляху Шагал, у адрозненне ад астатніх авангардыстаў, стараўся трымацца ўдалечыні ад мастацкіх плыняў. У кнізе «Маё жыццё» ён пісаў: «Я не ўпэўнены, што тэорыя — такая ўжо карысць для мастацтва. Імпрэсіянізм, кубізм мне роўна чужыя. Па-мойму, мастацтва — гэта перш за ўсё стан душы». У сваіх карцінах ён любіў сумяшчаць фантазію і рэальнасць, дадаваць ва ўзвышанае ноткі будзёнасці. Так, напрыклад, у знакамітай карціне «Над горадам», калі прыгледзецца да яе ўважліва, можна ўбачыць у ніжнім левым куце пікантную дэталь: хтосьці спраўляе патрэбу.

«Над горадам», 1918

«Над горадам», 1918

Шмат карцін прысвечана роднаму Віцебску, але віцебскія краявіды не заўсёды быў галоўнай тэмай творчасці Шагала. На ранніх этапах ён імкнуўся шакаваць гледачоў, выбіраючы не самыя рамантычныя аб'екты для сваіх твораў. Прыклады — карціны «Нябожчык» або «Нараджэнне дзіцяці». Разам з тым, ён быў неверагодна рамантычным, і любоў была цэнтрам яго сусвету, што не магло не адлюстравацца ў палотнах. Адным з самых вядомых матываў стала выява закаханых, якія ў літаральным сэнсе ляцяць ад шчасця. У карціне «Прагулка» мастак яшчэ і абыграў прымаўку «Лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе». Герой трымае ў правай руцэ птушку, а ў левай — ўзнятую ўгору каханую: неабавязкова рабіць выбар, часам трэба браць ад жыцця ўсё.

«Прагулка», 1918

«Прагулка», 1918

Стан палёту ўвогуле быў лёсавызначальным для Шагала. Існуе легенда, паводле якой цыганка нагадала яму, што ён будзе любіць адну незвычайную жанчыну і двух звычайных, а памрэ ў палёце. Спярша спраўдзілася адна частка прадказання: першай жонкай Шагала стала Бэла Розенфельд. Менавіта з ёй звязана любоўная тэма ў яго творчасці: яе вобраз захоўваюць каля 3 000 яго работ і накідаў. Яна была сяброўкай Тэі, першай каханай юнага Шагала. Але менавіта Бэле наканавана было стаць музай і самай вялікай любоўю мастака. Вось як ён апісваў у сваіх мемуарах іх першую сустрэчу ў 1910 годзе: «Як быццам мы даўным-даўно знаёмыя і яна ведае пра мяне ўсё: маё дзяцінства, маё цяперашняе жыццё і што са мной будзе; як быццам заўсёды назірала за мной, была дзесьці побач, хоць я бачыў яе ў першы раз. І я зразумеў: гэта мая жонка». Пасля Бэлы былі яшчэ Вірджынія Хагард і Валянціна Бродская, ці, як ён яе называў, Вава — з ёй ён пражыў больш за 30 гадоў да самай сваёй смерці. А памёр мастак і праўда ў палёце: 28 сакавіка 1985 года ў ліфце паміж першым і другім паверхамі свайго дома ў Сен-Поль-дэ-Вансе. Прычынай смерці стала спыненне сэрца.

Глядзіце таксама

Большасць віцяблян даведаліся пра Шагала з некралога. Звесткі пра смерць мастака размясціла газета «Известия», потым некралог перадрукавалі ў мясцовай газеце «Віцебскі рабочы». У ім гаварылася пра смерць сусветна вядомага мастака, пра якога ў Віцебску практычна не чулі.

Для ўвекавечання памяці Шагала шмат зрабіў першы сакратар Віцебскага абкама КПБ (1986-1991), старшыня Віцебскага аблсавета Уладзімір Грыгор'еў. Ён забараніў друкаваць паклёпніцкія артыкулы пра мастака ў мясцовай прэсе і садзейнічаў стварэнню музея Марка Шагала. Каб стварыць музей у доме, дзе жыла сям'я мастака, горад павінен быў даць шэсць новых кватэр усім, хто жыў і быў прапісаны па адрасе вул. Пакроўская, 11.

Помнік Марку Шагалу каля яго музея ў Віцебску. Фота: «НЧ»

Помнік Марку Шагалу каля яго музея ў Віцебску. Фота: «НЧ»

Гаспадар доўга адмаўляўся пакідаць уласны дом з участкам у некалькі сотак. Пагадзіўся з адной умовай: каб яму далі жыллё ў тым жа раёне. Але так і застаўся незадаволеным — не прызнаў маленькую кватэрку адэкватнай заменай прыватнай сядзібе. У музейшчыкаў была магчымасць набыць рэчы і мэблю, якія належалі сям'і Шагала і яму асабіста. Але пра гэта не паклапаціліся ўлады — не выдзелілі грошы. І цяпер у віцебскім музеі экспазіцыя складаецца з выпадковых прадметаў, тыповых для тагачаснага побыту.

Паводле звестак, складзеных кампаніяй «Art Loss Register», Марк Шагал увайшоў у рэйтынг мастакоў, чые працы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю сярод выкрадальнікаў карцін. Попыт на яго станковы жывапіс і графіку ў злачынным свеце саступае ў папулярнасці толькі Пабла Пікаса і Хуану Міро. Выкрадзенымі лічацца больш за пяцьсот работ знакамітага беларуса.