Віктар Марціновіч: Ці быў Шагал беларускім мастаком?

Адно з пытанняў, якое засталося за дужкамі адкрытай лекцыі «Чорны квадрат Марка Шагала», прачытанай мной на мінулым тыдні ў «Культурным тэхнікуме» ў Мінску, — тое, ці быў наш суайчыннік, Марк Шагал, мастаком хаця б у нейкай ступені беларускім. Гэтае пытанне мне задаюць замежнікі, з якімі даводзіцца размаўляць пра нашага творцу. Тэзы, выкладзеныя тут, даводзіцца прамаўляць адміністрацыі музеяў, якая наважваецца змяшчаць Шагала ў зале рускага мастацтва, з подпісам «французскі жывапісец рускага паходжання».

mark.jpg

Насамрэч, для адрынання беларускасці Шагала падставаў дастаткова. Так, нарадзіўся ён у Віцебску, і гэта бясспрэчна (нягледзячы на тое, што ў анкетах уласнаручна час ад часу пісаў, што ён з Лёзна), але Віцебск у час нараджэння (1887 г.) не быў горадам беларускім, бо Беларусі не існавала нават як тэрытарыяльнай адзінкі царскай імперыі. Не быў Віцебск «беларускім» і тады, калі Шагал вярнуўся на радзіму ў 1914 годзе, каб ажаніцца з Бэлай Разенфельд і звезці яе ў Парыж (Першая сусветная вымусіла яго застацца ажно да 1920-га). У 1918-м, у выніку рэвалюцыі, ён атрымаў ад Луначарскага пасаду губернскага ўпаўнаважанага па справах мастацтваў. Але быў ён пры гэтым упаўнаважаным маскоўскага наркамата асветы, Літбел і БССР з’явяцца пазней. І нават БНР, нараджэнне і скон якой супалі з часам быцця Шагала на тэрыторыі сучаснай Беларусі, не распаўсюдзілася на горад на Дзвіне. Шагал ніколі не называў сябе беларусам.
Але гэта як са Скарынам: у ягоныя часы ніякай Беларусі не праглядалася, але мы працягваем называць яго беларускім першадрукаром. І ў момант нараджэння Шагала, і ў момант ягонага вяртання у Віцебск было на гэтай тэрыторыі нешта, што стварыла падставы для выспявання Беларусі менавіта ў гэтых тэрытарыяльных межах. То Віцебск быў «беларускім» і тады, калі ўваходзіў у склад РСФСР.
Параўнанне са Скарынам не самае трапнае: у Скарынавым перакладзе Бібліі мы бачым шмат менавіта беларускіх словаў: «найласкаўшы гаспадар», «праца», «пільнасць» і г. д. Гэтыя словы не пакідаюць сумневу ў тым, ці карэктна заносіць Скарыну ў беларускі нацыянальны пантэон. У выпадку з Шагалам ніякіх сведчанняў ягонай беларускай гаворкі не захавалася. Хаця мову ягоных артыкулаў у віцебскіх газетах 1918 — 1920 гадоў чыста рускай назваць таксама складана, бо ў ёй праглядаецца шмат беларускіх зваротаў ды рэгіяналізмаў. Прычым не столькі ў лексіцы, колькі ў пабудове сказаў.
Аднак жа Шагал быў мастаком, а мова мастака — вобразы. Адказваючы на пытанне, ці быў ён менавіта беларускім мастаком, звяртацца трэба да ягоных карцін. І як тут не згадаць сітуацыю, калі я ўпершыню зайшоў у залу з Шагалавымі карцінамі ў Kunsthaus Zürich. Я на той момант ужо даволі працяглы час сноўдаўся па замежжы, паспеў ладна засумаваць па радзіме. І тут я апынаюся сярод вобразаў свайго земляка, і на дальнім ад увахода ў залу палатне раптам пазнаю нешта вельмі беларускае. Настолькі беларускае, што можна побач чырвона-зялёны сцяжок утыркаць — створыцца вычарпальны вобраз нашай «маркотнай радзімы» (як пісаў пра яе сам мастак).
Наблізіўшыся, я разумею, што той паштоўкай з Беларусі з’яўляецца не што іншае, як смарагдавы колер (!) плота. Я стаяў перад Шагалавай працай «Au dessus de Witebsk» («Над Віцебскам, 1922 г.), яе можна пабачыць вось тут. І гэта, магчыма, складаней адчуць, калі праглядаеш карціну дома з экрана, але калі глядзіш на яе жыўцом і за мяжой, наводдаль ад нашых непаўторных зялёных платоў ды агароджаў — разумееш, што анічога не змянілася.
Савецкія лакафарбавыя фабрыкі атрымалі ў спадчыну рэцэпты гатавання «безвыходна-жоўтага» і вось гэтага «сумнага смарагдавага» ад вытворцаў царскіх часоў. Потым гэты зялёны колер увялі ва ўжытак вытворцы незалежнай Беларусі. У выніку ў любым пад’ездзе любога сучаснага райцэнтра на палове налічнікаў у сельскіх хатах мы маем раскошу бачыць тое самае адценне, відавочцам якога некалі быў Шагал. Карціна «Au dessus de Witebsk» — пра тое, які непапраўны ансамбль тая зялёная фарба ўтварае з бруднаватым сняжком шэрай беларускай зімы.
23 лютага, на юбілей з народзінаў Малевіча, «Белсат» спытаўся ў мяне, ці можна называць Казіміра Севярынавіча «беларускім мастаком». Бо, здавалася б, шмат падобнага з Шагалам: таксама працаваў у Віцебску, таксама гадаваў вучняў у Народным мастацкім вучылішчы, шмат якія вузлавыя моманты ўласнай тэорыі супрэматызму выкшталтаваў менавіта тут. Але Малевіч нават блізка не быў беларусам. І справа не ў тым, што нарадзіўся ён у Кіеве, жыў у Маскве і Петраградзе, а ў Віцебск у 1919-м прыбыў з мэтай паляпшэння побытавых умоваў (бо ў цэнтры зрабілася зусім холадна і голадна).
Малевічаў супрэматызм — вучэнне касмічнае. Яно робіць усіх яго фаловераў «дзецьмі галактыкі», людзьмі па-за этнічнасцю і нацыянальнасцю. Лёгка прасачыць, як змянілася выяўленчая манера Эль Лісіцкага пасля таго, як ён перастаў быць сімпатызантам Шагала і зрабіўся падданым Малевіча. Свет карцін Малевіча складаецца з прастакутнікаў, трохвугольнікаў, колаў і іх жыцця на белай плоскасці. У ягоны «другі сялянскі перыяд» мы бачым на палотнах хлебаробаў і даярак, але яны выглядаюць як марсіяне, апранутыя для ўдзелу ў венецыянскім карнавале.
Свет карцін Шагала — гэта свет глыбінных вобразаў Беларусі. Калі Шагалавы карціны — сон, дык гэта сненне менавіта беларуса. Так, ягоны жывапіс — не рэпрэзентатыўны, ён не адлюстроўвае рэальнасць, але выбудоўвае нешта па-над ёй. Але ўсё, што мы бачым на карцінах: заснежаныя вуліцы, хаціны, самавітыя дамкі з бярвення і з каменнымі фундаментамі, козачкі, касабокія мінакі, каровы, барадатыя мужыкі ў картузах, пеўні — і г.д., і да т.п. — ускочыла на тыя карціны з беларускай рэальнасці. Вельмі ўражвае тое, які нязначны ўплыў на Шагалаву вобразнасць зрабілі Амерыка, Францыя і іншыя краіны, у якіх ён жыў нашмат даўжэй за Віцебск. Бывае, ускочыць у начны пейзаж мройная і несапраўдная Эйфелева вежа. Бывае, прагляне на даляглядзе абрыс высачэзных дамоў, якіх ніколі ў Віцебску не было. І гэта ўсё, што ён узяў ад свету за межамі Беларусі. Беларусі, у якой жыў як мастак-Шагал, у той час як цялесны чалавек-Шагал атабарваўся ў Парыжы ці Нью-Ёрку.
І самае цікавае — што тая, ягоная, Беларусь праз праклён спыненага часу, які мы перажываем не першае дзесяцігоддзе, дагэтуль вакол нас. Трыццаць гадоў, як пайшоў з жыцця Марк, а мы працягваем жыць у ягоных карцінах.
Віктар Марціновіч, budzma.by