Упершыню ў гэтым годзе Расія не атакавала Украіну беспілотнікамі
Расія не запусціла па Украіне ніводнага беспілотніка. Апошні раз такое здаралася ў снежні мінулага года. У той жа час Дональд Трамп працягвае пагражаць Пуціну санкцыямі, калі той не падпіша дамову пра спыненне агню. Але шмат хто ўпэўнены — не падпіша. Ідзе 1133-ці дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота з nikvesti.com
За мінулыя суткі зафіксавана 216 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў хвождцы за 1 красавіка. Па-ранейшаму самым напружаным з’яўляецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 79 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Александропалю, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Удалага, Шаўчэнка, Котліна, Успенаўкі, Срэбнага, у напрамках Траецкага і Арэхавага і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 26 разоў, спрабуючы рушыць наперад паблізу Надзеі, Дубровы ў напрамках Новага, Серабранкі, Торскага і іншых.
На Тарэцкім кірунку зафіксавана 19 атак арміі РФ у раёнах Тарэцка і Шчарбінаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны спынілі 12 атак расіян паблізу Канстанцінопаля, Бурлацкага, і ў напрамку Разліву.
На Харкаўскім і Краматорскім кірунках адбіта па 7 атак расіян. На Купянскім і Арэхаўскім кірунках — па 9 атак. На Гуляйпольскім кірунку армія РФ здзейсніла 10 атак.
У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ за мінулыя суткі спынілі 27 атак расійскіх войск. Акрамя гэтага, расіяне нанеслі 37 авіяцыйных удараў з ужываннем 36 кіраваных бомбаў па сваёй тэрыторыі.
* * *
Расійская Федэрацыя ў ноч на аўторак, 1 красавіка, упершыню ў гэтым годзе не запускала па тэрыторыі Украіны беспілотнікі. Папярэдняя паўза ў беспілотнай атацы была яшчэ ў 2024 годзе, у ноч на 10 снежня. Тады верагоднай прычынай паўзы называлі дрэнныя ўмовы надвор'я: некалькі дзён ва Украіне быў густы туман, які ў значнай ступені ўплывае на далёкасць і траекторыю палётаў «Шахедаў».
Аднак быў нанесены ўдар двума кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69, паведамляюць паветраныя сілы УСУ. Расійцы запускілі ракеты з самалётаў тактычнай авіяцыі на Запарожскім кірунку. Абедзве ракеты былі збітыя супрацьпаветранай абаронай.
* * *

* * *
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць, што ЗША, Украіна і Расія наўрад ці змогуць узгадніць умовы поўнага спынення агню на працягу бліжэйшых трох тыдняў.
Як гаворыцца ў справаздачы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб «псіхалагічным дэдлайне» для Пуціна, калі Расія павінна пагадзіцца на пагадненне аб спыненні агню. Трамп дадаў, што «калі буду лічыць, што (Расія – Рэд.) падманвае (Злучаныя Штаты – Рэд.), я не буду гэтаму рады».
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб заявіў, што падчас сустрэчы з Трампам ён прапанаваў 20 красавіка як патэнцыйны канчатковы тэрмін для «поўнага спынення» агню.
«Расія наўрад ці пагодзіцца на "поўнае спыненне агню без якіх-небудзь умоў" цягам трох тыдняў, улічваючы, што Расія патрабавала ад Захаду пэўнага паслаблення санкцый у якасці папярэдняй умовы для часовага спынення агню ў Чорным моры», — адзначаюць у ISW
Эксперты нагадваюць, што 25 сакавіка Крэмль заявіў, што не будзе выконваць узгодненае спыненне агню ў Чорным моры, пакуль ЗША не здымуць санкцыі з расійскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага банка «Рассельгасбанк» і іншых фінансавых арганізацый, уцягнутых у міжнародны гандаль прадуктамі харчавання і ўгнаеннямі. Адмыслоўцы мяркуюць, што такім чынам Расія хоча высветліць, ці будуць ЗША адказваць яе патрабаванням і заахвочваць еўрапейскіх партнёраў падтрымаць паслабленне санкцый.
Таму «малаверагодна, што Злучаныя Штаты, Украіна і Расія змогуць дамовіцца аб умовах поўнага спынення агню на працягу наступных трох тыдняў».
* * *
Уладзімір Пуцін, разумеючы няздольнасць захапіць Украіну, хоча дамагчыся адстаўкі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Пра план-максімум Крамля гаворыцца ў матэрыяле The Moscow Times, які быў апублікаваны ў панядзелак, 31 сакавіка.
Выданне спасылаецца на двух расійскіх дыпламатаў і суразмоўцу, блізкага да Крамля, і піша, што наступ расійскага войска ва Украіне буксуе, а ўлада ў Кіеве дэманструе негатоўнасць да тэрытарыяльных саступак. Таму Масква зрабіла стаўку на адхіленне Зяленскага ад улады. У Крамлі спадзяюцца замяніць яго на больш дамоваздольнага прэзідэнта.
Крыніцы сцвярджаюць, што Крэмль не адмовіўся ад максімалісцкіх мэтаў у вайне супраць Украіны. Праграма-максімум Пуціна — капітуляцыя Кіева, змена рэжыму, перазапуск украінскай дзяржаўнасці на расійскіх умовах і ператварэнне краіны ў аналаг цалкам залежнай ад Масквы сучаснай Беларусі. Праграма мінімум — усталяванне кантролю над чатырма часткова акупаванымі рэгіёнамі Украіны і абмежаванне палітычнай і ваеннай самастойнасці Кіева.
Суразмоўцы выдання кажуць, што ў Крамлі ўсведамляюць, што цяпер недасяжным для іх з'яўляецца нават другі сцэнар, бо акупаваць ні Данецкую, ні Луганскую, ні Херсонскую, ні Запарожскую вобласці войска РФ не можа. Прымусіць Зяленскага добраахвотна аддаць іх у бягучых умовах таксама немагчыма.
Менавіта таму ў Пуціна выбралі трэці варыянт — дыскрэдытаваць Зяленскага і выставіць яго ў вачах Трампа недамоваздольным.
«Цяпер задача — дамагчыся нясцерпнага ціску на Зяленскага з боку Вашынгтона і прымусіць Кіеў правесці прэзідэнцкія выбары. Зяленскі не пойдзе на тэрытарыяльныя саступкі. Мы павінны ліквідаваць праблему ў корані», — распавёў блізкі да Крамля чыноўнік.
У Крамлі разлічваюць, што Зяленскі не зможа пераабрацца, а пакуль ён застаецца ва ўладзе, Пуцін не настроены ісці на якія-небудзь саступкі ў перамовах.
Нагадаем, на мінулым тыдні Пуцін прапанаваў увесці «часовае кіраванне» ва Украіне пад эгідай ААН і некаторых краін для садзейнічання «дэмакратычным выбарам». У МЗС Украіны выступілі з контрпрапановай — увесці часовае кіраванне ААН у Расіі, пачынаючы з Варкуты.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не выключае ўвядзення другасных санкцый супраць Расіі ў выпадку, калі расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін «не справіцца са сваёй працай», але ў той жа час дадаў, што перакананы ў тым, што кіраўнік Крамля выканае сваю частку ўгоды.
Падчас сустрэчы з журналістамі ў Белым доме Трамп заявіў: «Я не хачу ўводзіць другасныя тарыфы супраць яго нафты, але думаю, што я зрабіў бы так, калі б лічыў, што ён (Пуцін – Рэд.) не спраўляецца са сваёй працай».
У той жа час у Дзярждэпе заявілі, Трамп выказаўся супраць ідэі Пуціна аб увядзенні часовага кіравання ва Украіне пад эгідай ААН і шэрагу краін.
«Так, мы ведаем, што Расія прапаноўвала часовую адміністрацыю ва Украіне, але яе не ўхваліў прэзідэнт Трамп. Украіна з'яўляецца канстытуцыйнай дэмакратыяй, і яе кіраванне вызначаюць Канстытуцыя і ўкраінскі народ», — заявіў прэс-сакратар Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус падчас брыфінгу.