Дональд Трамп пагражае Уладзіміру Пуціну чарговымі нафтавымі пошлінамі

Дональд Трамп пакрыўдзіўся на Уладзіміра Пуціна за тое, што той не хоча заключаць дамову з Уладзімірам Зяленскім, і абяцае ўвесці пошліны на расійскую нафту. Аднак пошліны, якія ён уводзіў супраць Канады і Кітаю, ні да чаго не прывялі. А пакуль ва Украіне ідуць 1132-я суткі узброенай агрэсіі РФ пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ 

Фота: Генштаб УСУ 

За мінулыя суткі зафіксавана 171 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 31 сакавіка.

Больш за ўсё боесутыкненняў па-ранейшаму на Пакроўскім кірунку — там УСУ спынілі 73 наступальных дзеяння расіян ў раёнах населеных пунктаў Александропаль, Калінава, Вадзяное Другое, Елізаветаўка, Прамень, Лысаўка, Зялёнае, Котліна, і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне 16 разоў спрабавалі рушыць наперад паблізу Надзеі, Ямпалаўкі, і ў бок Багуслаўкі, Новага.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 17 атак у раёнах Крымскага, Тарэцка і ў бок Дыліеўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны спынілі 11 атак расіян паблізу Канстанцінопаля і ў бок Разліву і Вясёлага.

У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні сіл абароны Украіны за мінулыя суткі спынілі 21 атаку расіян. Акрамя гэтага, армія РФ нанесла 20 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 31 кіраванай авіябомбы.

* * *

Расійскія войскі спрабуюць абысці абарону Тарэцка, выкарыстоўваючы падземныя шляхі для пранікнення ў тыл украінскіх сіл, паведаміў прадстаўнік АСУВ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў.

Паводле яго слоў, з'явілася інфармацыя аб спробах расійцаў выкарыстоўваць падземныя шляхі для заходу ў тыл украінскіх войскаў на асобных вуліцах Тарэцка. Гэта новая тактыка, якую прымяняе праціўнік на гэтым кірунку фронту.

«Гэта таксама прыярытэтны кірунак, расійцы там спрабуюць выкарыстоўваць усе магчымасці для абыходу ўкраінскіх войскаў», — адзначыў ён. На гэтым этапе баі ў Тарэцку набылі характар гарадскіх. Расійскія войскі спрабуюць зайсці ў горад з розных бакоў. «Калі пад Пакроўскам мы маем сітуацыю, калі Расія спрабуе прарвацца вакол горада, то ў Тарэцку — гэта чыста гарадскія баі», — растлумачыў маёр.

* * *

У ноч на 31 сакавіка аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў паблізу трох населеных пунктаў у Данецкай вобласці. «Вораг прасунуўся ў Разліве, каля Панцеляймонаўкі і Новага», — паведамілі ў праекце.

* * *

У ноч на 31 сакавіка расіяне атакавалі Украіну двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 131-м ударным БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў, паведамляе Генштаб УСУ.

Пацверджана збіццё 57 ударных БПЛА на поўначы, усходзе і ў цэнтры краіны. 45 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

* * *

487752981_1010844437895301_8631840384173724447_n.jpg

* * *

На думку Дональда Трампа, Уладзімір Пуцін не адмовіцца ад пагаднення, каб спыніць вайну ва Украіне. «Я не думаю, што Пуцін адмовіцца ад сваіх слоў пра намер заключыць пагадненне аб спыненні агню», — сказаў прэзідэнт ЗША журналістам на борце самалёта Air Force One.

Ён у чарговы раз заявіў, што ЗША дасягнулі прагрэсу ў заключэнні пагаднення аб спыненні агню паміж Украінай і РФ. Таксама Трамп адзначыў, што існуе «псіхалагічны дэдлайн», калі ў гэтым канфлікце павінен спыніцца рэжым агню.

Трамп зноў выказаўся адносна нядаўняй заявы Пуціна аб «часовым кіраванні ва Украіне пад эгідай ААН», які зноў намякаў на нібыта нелегітымнасць Уладзіміра Зяленскага.

«Я быў пэўным чынам расчараваны. Некаторыя рэчы, якія Пуцін сказаў за апошнія дзень-два, маюць дачыненне да Зяленскага, ён уважае Зяленскага такім, што не заслугоўвае даверу, — ён павінен укласці з ім угоду, падабаецца ён вам ці не», — заявіў Трамп.

Раней у інтэрв'ю NBC News Дональд Трамп заявіў, што «раз'юшаны» і «вельмі злы» на Пуціна. Прычынай гэтаму паслужылі заявы кіраўніка Крамля аб нібыта нелегітымнасці Зяленскага, а таксама пытанне аб спыненні агню, якое дагэтуль так і не наступіла. Прэзідэнт ЗША прыгразіў увесці санкцыі на расійскую нафту ў памеры ад 25 да 50 адсоткаў. Ён дадаў, што пошліны ўступяць у сілу напрацягу месяца, калі не будзе пагаднення аб спыненні агню.

* * *

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер правёў тэлефонную размову з Дональдам Трампам. Лідары абмеркавалі пытанні эканамічнага супрацоўніцтва і сітуацыю ва Украіне, у прыватнасці дамовіліся працягваць ціск на Пуціна, паведамляе офіс брытанскага прэм'ер-міністра.

Пры абмеркаванні вайны ва Украіне Стармер праінфармаваў Трампа аб выніках сустрэчы «Кааліцыі жадаючых», якая адбылася ў Парыжы 27 сакавіка. «Лідары пагадзіліся з неабходнасцю працягваць калектыўны ціск на Пуціна», — сказана ў паведамленні.

Стармер і Трамп дамовіліся падтрымліваць сувязь у найбліжэйшыя дні.

* * *

Кіраўнік украінскага МЗС пракаментаваў патрабаванні Масквы аб тым, што «ключавой умовай для недапушчэння эскалацыі» вайны павінны стаць «поўнае спыненне замежнай ваеннай дапамогі і прадастаўленне разведвальнай інфармацыі Кіеву».

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў сацсетцы Х напісаў, што краіна-агрэсар спрабуе скарыстацца цяперашнім геапалітычным момантам, аднак Украіна не пагодзіцца ні на якія саступкі, якія зробяць яе слабой.

«Расія хоча абмежаваць украінскае войска, абараназдольнасць, вайсковую дапамогу партнёраў, заблакаваць уступленне Украіны ў NATO. Рыторыка Расіі раскрывае яе сапраўдныя намеры. Усе гэтыя патрабаванні аб'ядноўвае адно: Масква хоча слабую, безабаронную Украіну», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Гэта не пра NATO або «заклапочанасць бяспекай», адзначае Сібіга. Гаворка ідзе пра здольнасць Расіі знішчыць украінскую дзяржаву, а пазней акупаваць яе тэрыторыі, захапіць яе рэсурсы і выкарыстоўваць яе чалавечы і іншы патэнцыял для далейшай агрэсіі. Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што з гэтай нагоды не павінна быць ніякіх ілюзій.

«Мы бачым гэтую расійскую стратэгію і ніколі не прымем нічога, што пакідае Украіну слабой або безабароннай. Наадварот, сапраўдны і справядлівы мір патрабуе надзейных і доўгатэрміновых гарантый бяспекі для яго захавання», — падкрэсліў Сібіга.