У новым свеце няма месца для дэмакратычнай Беларусі – хіба што мы яго самі выдумаем
Нашы шанцы на поспех як краіны ў пэўнай ступені залежаць ад таго, ці здолеем мы знайсці правільныя адказы на пытанні новай эпохі. Пішуць у Банк ідэй Дзмітры Крук і Рыгор Астапеня.

Пяць гадоў таму канцэпцыя “Новай Беларусі” значнай часткай грамадства разглядалася як дасягальная мэта. Пазней яна стала марай, якая цьмянела, і вось дзе мы цяпер: імавернасць таго, што пад грамадскім ціскам Беларусь неўзабаве можа стаць на шлях дэмакратызацыі, надзвычай малая.
Праблема не толькі ў пройгрышы 2020-га. Змяніўся свет – дакладней кажучы, змяніліся нашы суседзі і нашы стасункі з імі. Таксама змяніліся мы: стан грамадства і дыспазіцыя сіл унутры Беларусі. Пытанні, якія мы задавалі сабе, каб напоўніць вобраз дэмакратычнай Беларусі, ужо страцілі рэлевантнасць.
На мясцовасці, па якой даводзіцца рухацца нам і Беларусі, адбыліся і працягваюць адбывацца тэктанічныя зрухі. У гэтым артыкуле мы імкнемся не толькі паказаць іх, але і сфармуляваць пытанні, аб якiх мы павінны думаць у новую эпоху.
Іншы Захад
Наша пакаленне прызвычаілася бачыць Захад канстантай: ён заўжды ганарыўся дэмакратыяй і прасоўваў рынкавую эканоміку.
У новым жа свеце назіраецца ідэалагічны крызіс дэмакратыі. Дэмакратычныя памкненні ў краінах другога або трэцяга свету перастаюць выклікаць шырокае эмацыйнае захапленне. Беларуская спроба дэмакратычнай рэвалюцыі ў 2020-ым, магчыма, была апошняй на доўгі час, калі маральная падтрымка ў свабодным свеце была шырока распаўсюджанай.
Сёння, хутчэй, даводзіцца чакаць рэакцыі накшталт “дзіўныя людзі, яны змагаюцца за тое, што ўсё горш працуе ў нас саміх”. Свабодны свет наўрад ці хоча падтрымліваць распаўсюджанне дэмакратыі звонку – прынамсі да абнаўлення дэмакратыі ў сябе. На гэтым фоне прастора гуманізму і эмацыйнасці, дзе раней гралі прадэмакратычныя актары Беларусі, сціскаецца.
Ці павінна тады дэмакратыя заставацца галоўным сцягам беларускіх дэмакратычных сіл? Ці варта па-ранейшаму рабіць стаўку на эмоцыі і фарміраваць запыт на салідарнасць? Ці ж у аснову трэба пакласці халодны разлік, які дазволіць перайсці ў “свет здзелак”? Калі так, то як туды перайсці і што мае быць аб’ектам такіх здзелак?
Глядзіце таксама

Каштоўнасны і ідэалагічны крызіс дэмакратыі спрыяе надыходу эры новага меркантылізму з дамінуючай устаноўкай тэхналагічнага нацыяналізму.
Гіперглабалізацыя і ліберальны тэхнаглабалізм меліся ствараць устойлівы і інклюзіўны рост (рост на карысць бедных). Але за апошнія 15 гадоў і першае, і другое далі збой. Пасля Вялікай рэцэсіі рост, асабліва ў развітых краінах, значна запаволіўся і перастаў быць устойлівым.
Змянілася і сітуацыя з няроўнасцю. Міжкраінавая няроўнасць па інерцыі змяншаецца (але не заўсёды і не ўсюды), аднак тэмпы гэтага змяншэння прыкметна запаволіліся. І гэта дрэнны сцэнар як для багатых краін, так і для бедных. Першыя – асабліва іх сярэдні клас – бачаць у працяглай канвергенцыі выклік для сябе. Для другіх запаволенне канвергенцыі сведчыць пра тое, што дагнаць развітыя краіны без змены асноўных правілаў гульні практычна нерэальна.
Акрамя таго, істотна ўзрасла ўнутрыкраінавая няроўнасць. Ва ўсім свеце становіцца відавочным існаванне класа супербагатых, які ўсё больш імкнецца лабіяваць не толькі эканамічныя, але і палітычныя інтарэсы. Часцей гучаць тэрміны “арыстакратыя 2.0” або “новая алігархія”.
На гэтым фоне ўзрос попыт на змену глабальных правіл. Відавочнай становіцца дамінуючая парадыгма тэхналагічнага нацыяналізму, што, верагодна, фармуе эру новага меркантылізму. Шмат у якіх буйных краінах – Кітай, Расія, Індыя, Іран – гэтая праграма ў значнай ступені ўжо стала мэйнстрымам. Прыход да ўлады ў ЗША Дональда Трампа, хутчэй за ўсё, стане апошняй кропляй, якая канчаткова замацуе эру новага меркантылізму.
Фундаментальнае палажэнне новай эры ў тым, што залог дабрабыту – кантроль над ключавымі тэхналогіямі (у тых ці іншых геаграфічных межах). Страчваюць актуальнасць прынцыпы эпохі ліберальнага тэхнаглабалізму – эфектыўнасць, зніжэнне выдаткаў, канкурэнцыя, міжнароднае супрацоўніцтва. Для перадавых галін эканомікі яны саступаюць месца ізаляцыянізму і фарміраванню бар’ераў.
Новы сэнс набываюць нацыянальная дзяржава, суверэнітэт, людзі, тэрыторыі, рэсурсы, вялізныя масівы даных – усё гэта трэба назапашваць у кантраляваных межах. Адпаведна змяняюцца і палітычныя падыходы. Кола саюзнікаў і партнёраў больш не існуе. Ёсць канкурэнты і тыя, хто гатовы прыняць патранаж моцнага.
Як Беларусі і дэмакратычным сілам рэагаваць на змену гістарычнай эпохі? Паспрабаваць шукаць сваё месца ў такім свеце? Якім можа быць гэтае месца і ці трэба шукаць сабе моцнага патрона? Чым патэнцыйных патронаў можа зацікавіць Беларусь? Ці варта змагацца – разлічваючы на падтрымку шэрагу еўрапейскіх краін – за тое, каб эпоха новага меркантылізму завяршылася як мага хутчэй?
Паўночна-заходні край 2.0
Другая фундаментальная змена, якая адбылася за апошнія гады – гэта трансфармацыя стасункаў Беларусі з Расіяй. У папярэднюю эпоху Крэмль пазбаўляў Беларусь права выходзіць з расійскай сферы ўплыву – за апошнія гады ён, відаць, пазбавіў Беларусь нават здольнасці гэта зрабіць.
Беларусь трапіла ў татальную эканамічную залежнасць ад Расіі, якая ахапіла амаль увесь спектр крытычна важных сфер. У апошнія гады яна ўзрасла і ўкаранілася ў гандлёвай, энергетычнай, фінансавай і вытворча-тэхналагічнай сферах беларускай эканомікі. Акрамя таго, з’явіліся новыя вобласці залежнасці: транспарт і лагістыка, фіскальная сфера, манетарная палітыка, кіберпрастора. У кожнай з пералічаных сфер Расія – яе рынкі, кампаніі, урад – стала неабходнай перадумовай функцыянавання беларускай эканомікі.
Рэжым прыняў гэтую сітуацыю як безальтэрнатыўную, адмовіўшыся ад прынцыпу геаграфічнай дыверсіфікацыі. Курс на збліжэнне з Расіяй набывае рысы мэтанакіраванай сярэднетэрміновай стратэгіі. Дзеля выжывання эканомікі рэжым паглыбляе інтэграцыйныя праекты, якія ідуць па спіралі і пашыраюцца ў ваеннай сферы ды і амаль на ўсе сферы – пэўна, на што заўгодна, апроч непасрэднага кіравання Лукашэнкі.
Глядзіце таксама

Калі ўявіць ледзь не любы сцэнарый змены ўлады ў Беларусі пры такім статус-кво, то новая ўлада апынецца ў надзвычай слабым становішчы з зусім малой прасторай для манеўру. Кіруючы ўжо існымі рычагамі, расійская ўлада, пры жаданні, лёгка можа забяспечыць частковы або поўны калапс беларускай эканомікі.
Якiм чынам і наколькі хутка можна аслабіць залежнасць ад Расіі? Ці можна – і пры якіх умовах – разлічваць на знешнюю падтрымку ў свеце, які імкліва змяняецца? Як сцэнары развіцця Расіі будуць адбівацца на Беларусі – стане яе эканомікі, ступені залежнасці і магчымасцях вырвацца з гэтага замкнёнага кола? Ці з’яўляюцца радыкальныя змены ў Расіі абавязковай перадумовай для таго, каб змяніць існы статус-кво?
Пры гэтым, знаходжанне Беларусі ў расійскай сферы ўплыву становіцца для Захаду не проста непрыемным, хоць і прымальным фактам. У нейкай ступені гэта гарантуе Захаду спакой, што не пачнецца яшчэ адна вайна ці не разрасцецца тая, што ідзе. Хоць яе вынік ужо больш-менш прадказальны.
Украіна, якая тры гады крывёю спрабавала заваяваць сабе месца ў свабодным свеце, верагодна, застанецца – прынамсі ў кароткатэрміновай перспектыве – без часткі тэрыторый, гарантый бяспекі і эканамічнай будучыні. Яна не атрымала падтрымку заходняга свету ў той меры, на якую разлічвала.
Пасляваенны свет (ці свет перамір’я), верагодна, будзе горшым за даваенны. У ім Расія атрымае не толькі ўсе інструменты кантролю над Беларуссю, але таксама негалоснае прызнанне знаходжання Беларусі пад сваім пратэктаратам.
Глядзіце таксама

Напрошваюцца аналогіі з фактычным падзелам свету пасля Першай сусветнай вайны. У 1918-1921 гадах у дачыненні да будучыні Беларусі цалкам верагодныя былі розныя сцэнары развіцця падзей. У гэты перыяд унутраны запыт мог аказаць значны ўплыў на ход падзей. У перыяд 1921-1924 – пасля Рыжскага міру і прызнання СССР заходнімі краінамі – ход гісторыі для Беларусі ўвайшоў у каляіну, выбрацца з якой па ўнутраным запыце практычна не было шанцаў.
Ці ёсць у Беларусі карты ў ваенна-стратэгічным плане, каб сфармуляваць альтэрнатыву знаходжанню ў расійскай сферы ўплыву? Каму і чаму можа быць цікавая такая альтэрнатыва?
Іншыя мы
Стан, у якім знаходзяцца асноўныя прадэмакратычныя актары, пагаршаецца амаль з любой кропкі гледжання: патэнцыял, грамадская падтрымка, фінансавае забеспячэнне. Гэта чаканая і ўстойлівая з’ява.
Істотныя змены за апошнія некалькі гадоў адбыліся ў стане грамадства.
Канцэпты ідэнтычнасці і бачанне будучыні ў грамадстве традыцыйна палярызаваныя, а размеркаванню каштоўнасных пераваг у беларускім грамадстве ўласцівыя “цяжкія хвасты”, то бок значная частка людзей займае крайнія пазіцыі. Яны маюць глыбокія культурныя, цывілізацыйныя і нават рэлігійныя карані.
Гэта не азначае, што ў Беларусі адсутнічае дамінуючая «сярэдзіна». Яна існуе і з’яўляецца значнай. Больш за тое, за апошнія гады яна, хутчэй за ўсё, некалькі пашырылася, а «хвосты» сталі лягчэйшымі. Але “сярэдзіна” застаецца колькасна аслабленай, а палярызаваныя групы – больш моцнымі. Гэта азначае, што палітычная кансалідацыя вакол цэнтральных пазіцый у беларускім грамадстве апрыёры з’яўляецца складанай задачай.
Аднак сёння грамадская і палітычная кансалідацыя вакол цэнтру выглядае мала рэалістычнай і перспектыўнай. Па-першае, такая кансалідацыя ідэйна не суадносіцца з рэаліямі сучаснага свету. Для цэнтральнага сегмента грамадства па-ранейшаму аб’яднальным можа быць канцэпт беларускай Швейцарыі. Але ў адрозненне ад перыяду да 2022 года гэты канцэпт усё радзей успрымаецца рэалістычным.
Па-другое, узмацнілася побытавае непрыманне адзін аднаго сярод палярных груп і дыяметральна супрацьлеглы назапашаны досвед апошніх гадоў. Доўгатэрміновыя рэпрэсіі, вымушаная міграцыя, разрыў сем’яў – з таго ці іншага боку да гэтага датычныя сотні тысяч беларусаў. Частка як ахвяры, частка як рэжысёры і выканаўцы гэтага сцэнара. Нават у самым аптымістычным сцэнарыі спатрэбіцца нямала часу, каб разбурыць сфармаваныя ментальныя бар’еры.
Па-трэцяе, у апошнія некалькі гадоў значна ўзмацніўся – у многім з-за дзвюх першых прычын – разрыў паміж супрацьлеглымі палітычнымі лагерамі. А адпаведна, і паміж палітыкумам і грамадствам.
У выніку атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: найбольшы сегмент грамадства па-ранейшаму хоча ці прынамсі пагадзіўся б на ”беларускую Швейцарыю”, але з-за яе бесперспектыўнасці амаль ніхто з палітычных актараў не імкнецца або не жадае прадстаўляць гэтую пазіцыю. Палітычныя дзеячы ўсё больш схіляюцца да рэпрэзентацыі крайніх пазіцый.
Дык ці магчыма сшываць беларускае грамадства? Альбо трэба прызнаць, што сёння гэтага не варта рабіць, а лепш займацца ўзмацненнем кола сваіх прыхільнікаў?
Істотныя змены таксама закранаюць прыватны сектар эканомікі – магчыма, адзінага калектыўнага носьбіта протадэмакратычных каштоўнасцей, што застаецца ўнутры краіны. Прыватны сектар хоць і застаецца “апорай” дэмакратызацыі, але аслабеў: стаў больш залежным ад дзяржавы і Расіі, а таксама страціў сваю ролю драйвера новых эканамічных і культурных практык.
Рэвалюцыя-2020 невыпадкова часам называецца рэвалюцыяй прыватнага сектара. Культурныя і побытавыя практыкі, уласцівыя прыватнаму сектару, пашыраюць межы паўсядзённай свабоды і фарміруюць запыт на наступную ітэрацыю яе пашырэння. Гэтыя механізмы працуюць не па волі ўласнікаў прыватных кампаній – яны могуць фарміравацца нават у бізнесах, якія лаяльныя да рэжыму.
Глядзіце таксама

Аднак рэжым ўсведамляе існаванне гэтых механізмаў і ролю прыватнага сектара. З эканамічных меркаванняў ён не можа пазбавіцца ад яго цалкам як ад варожага элемента. Таму рэалізуецца спроба яго дзяржаўнага кантролю па кітайскім узоры. Базавыя эканамічныя механізмы прыватнага сектара захоўваюцца, але ён адначасова максімальна прывязваецца да дзяржавы – і эканамічна, і адміністрацыйна.
На гэтым шляху рэжым, верагодна, дабіўся пэўных поспехаў. Па-першае, прыватны сектар, хутчэй за ўсё, стагнуе ў аб’ёмах. Некаторыя прадпрыемствы закрыліся або з’ехалі, іншыя, ва ўмовах санкцый, таксічнасці, велізарных рызык і адміністрацыйнага ціску ўнутры краіны, разглядаюць бізнес як “чамадан без ручкі”. Адсюль многія кампаніі выбіраюць асцярожную стратэгію, адмаўляючыся ад экспансіі. У іншых галінах прыватны сектар страчвае пазіцыі, паколькі дзяржаўны на фоне вайны атрымаў больш стымулаў для росту.
Па-другое, назіраецца ўзмацненне ўзаемазалежнасці з дзяржаўным сектарам і з Расіяй. Да 2020 года не выклікала сумневаў, што свет прыватнага сектара і дзяржаўнага – гэта дзве розныя планеты. А карпаратыўны культурны фундамент беларускіх прыватных кампаній прынцыпова адрозніваўся ад расійскіх. Сёння гэтыя адрозненні паступова згладжваюцца.
Ці застаецца беларускі прыватны сектар калектыўным прадэмакратычным суб’ектам? Якія функцыі ён можа выконваць і якія эфекты генерыраваць? Як можна супрацьстаяць яго дзяржаўнаму кантролю і асіміляцыі з расійскай мадэллю? Як спрыяць яго развіццю і ўзаемадзейнічаць з ім?
Шлях наперад
Пасля апісання настолькі фундаментальных праблем, цяжка напісаць жыццясцвярджальную выснову. Болей за тое, нават калі з апісаных з намі гаек нейкая адкруціцца, гэта не значыць, што сітуацыя Беларусі значна палепшыцца.
Напрыклад, калі ўявіць сітуацыю, што Захад узмацніцца, ці зменіцца ад гэтага Беларусь? Ці калі ўзмацнімся “мы”, то як гэта зменіць нешта істотна, калі Расія будзе заставацца такой жа? Нават калі ўявіць нарэшце іншую, чым сёння Расію, то пры ўмовах “меркантыльнага Захаду” і “слабых нас”, сітуацыя Беларусі можа ніяк не змяніцца.
Нельга адмаўляць існаванне пазітыўных сцэнароў – яны тэарытычна магчымыя, але разлічваць на іх не прыходзіцца. Праўда ў тым, што каб змены напэўна адбыліся, то гайкі павінны адкручвацца паўсюль – і ў Беларусі, і на Захадзе, і ў Расіі.
Гэта, хутчэй за ўсё, не адбудзецца. Актары, якія хочуць дэмакратычных зменаў, павінны тады фармуляваць правільныя адказы для сённяшняй цяжкай сітуацыі, каб павялічыць будучыя шанцы для пазітыўных зменаў.
Спадзяемся, што сфармуляваныя намі пытанні гэтаму паслужаць.