Амерыканскія эканамісты распрацавалі для Трампа «тарыф прымусу Расіі да міру»
Расія па-ранейшаму працягвае атакаваць Украіну ракетамі і беспілотнікамі, а на франтах ідуць баі. У той жа час амерыканскія чыноўнікі працягваюць заплюшчваць на гэта вочы. А іншыя адмыслоўцы прапануюць Трампу жорстка наказаць Расію за адмову ад мірнай угоды. Ідуць 1130-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Лукашэнкі.

Фота Getty Images
За мінулыя суткі зафіксавана 183 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы за 29 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку расійцы 73 разоў спрабавалі прарваць абарону УСУ ў раёнах Лысаўкі, Тарасаўкі, Елізаветаўкі, Котліна, Удалага, Шаўчэнка, Успенаўкі, і ў бок Малінаўкі, Катляроўкі і і ншых населеных пунктаў.
На Ліманскім кірунку расійскія войскі 16 разоў атакавалі пазіцыі ўкраінцаў паблізу населеных пунктаў Ямпалоўка, Надзея, Капанкі і ў бок Наваміхайлаўкі, Альгоўкі, Кацярынаўкі.
На Тарэцкім кірунку расійцы 20 разоў атакавалі пазіцыі сіл абароны Украіны. Намаганні наступу расійцы сканцэнтравалі ў раёне Тарэцка і непадалёк ад Дыліеўкі і Крымскага.
На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні спынілі 17 варожых штурмаў пазіцый УСУ паблізу Разліва, Канстанцінопаля.
Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне аперацыі на Курскім кірунку, дзе праціўнік на працягу сутак правёў 14 штурмаў пазіцый украінскіх падраздзяленняў.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся ў Белгарадскай вобласці, а расійскія войскі — каля Тарэцка і Курахава, а таксама ў Курскай вобласці і на захадзе Запарожскай вобласці, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 28 сакавіка, паказваюць, што расійскія падраздзяленні прасунуліся да паўночных ускраін Гуева (на поўдзень ад Суджы). Расійскія блогеры распавядалі, што сілы абароны Украіны ўтрымліваюць пазіцыі ў паўднёвай частцы Гуева, Горналь (на поўдзень ад Гуева) і Алешні.
Як паказваюць апублікаваныя 28 сакавіка геалакацыйныя кадры, УСУ прасунуліся ва ўсходняй частцы Папоўкі (на паўночны захад ад Белгараду). Расійскія «ваенкоры» прызналі, што УСУ прасунуліся да ўскраін Папоўкі, але сцвярджалі, што населены пункт з'яўляецца спрэчнай «шэрай зонай».
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 і 27 сакавіка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ўздоўж вуліцы Даргамыжскага ў паўночнай частцы Тарэцка і на шахце «Цэнтральная» ў паўднёва-заходняй частцы Тарэцка.
Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на Тарэцкім кірунку, заявіў, што з сярэдзіны ліпеня 2024 года расійцы страцілі больш за 15 тысяч жаўнераў забітымі ў Тарэцку. Паводле ацэнак спікера, на гэтым кірунку расійцы панеслі больш за 50 тысяч страт.
Як паказваюць апублікаваныя 27 сакавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся на поўнач ад Андрэеўкі (на захад ад Курахава).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 сакавіка, сведчаць, што войскі РФ трохі прасунуліся на поўнач ад Жарабянак (на паўночны захад ад Рабоціна) Запарожскай вобласці. Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец 28 сакавіка заявіў, што Расія сканцэнтравала на захадзе Запарожскай вобласці ад 70 да 72 тысяч вайскоўцаў, да 320 танкаў і да 725 адзінак бронетэхнікі.
* * *
Расія атакавала Украіну, запусціўшы 172 дроны з пяці кірункаў. Украінская СПА знішчыла большасць варожых беспілотнікаў, паведамляюць паветраныя сілы УСУ.
Пацверджана збіццё 94 варожых дронаў на поўначы, усходзе і ў цэнтры краіны. Яшчэ 69 беспілотнікаў страцілі арыентацыю і не дасягнулі сваіх мэтаў, не нанёсшы шкоды.
Увечары 28 сакавіка расійскія дроны масіравана атакавалі Днепр. У горадзе паўсталі пажары, пашкоджаны шматпавярхоўкі і прыватныя дамы, навучальная ўстанова, адміністрацыйны будынак, складскія памяшканні, гаражы. Вядома пра чатырох загінулых, яшчэ 21 чалавек пацярпеў.
Расійскія войскі ў суботу, 29 сакавіка нанеслі ракетны ўдар па Крывым Рогу. Сем чалавек пацярпелі, з іх трое шпіталізаваныя. У горадзе пашкоджаныя шматпавярховыя жылыя дамы, крама, аўтамыйка і інфраструктурны аб'ект. Пашкоджана больш за 20 аўтамабіляў.
* * *

* * *
Расійскія войскі рыхтуюцца пачаць новы ваенны наступ на Украіну, піша Associated Press. Паводле звестак выдання, пачаўшы новы наступ, Уладзімір Пуцін хоча максімальна ўзмацніць ціск на Украіну і ўмацаваць пазіцыю Расіі на перамовах аб спыненні агню. «Гэты крок можа даць кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну ўсе падставы адкласці абмеркаванне пытання аб спыненні баявых дзеянняў на карысць пошуку новых тэрыторый», — пішуць журналісты са спасылкай на ўкраінскія афіцыйныя асобы, якія выказаліся на ўмовах ананімнасці.
Па словах аналітыкаў і ваенных камандзіраў на якіх спасылаецца АР, з набліжэннем вясновага сезону баявых дзеянняў Крэмль плануе правесці шматмэтавы наступ па ўсёй лініі фронту працягласцю 1000 км.
«Яны рыхтуюць наступальныя дзеянні на фронце, якія павінны працягнуцца ад шасці да дзевяці месяцаў, амаль увесь 2025 год», — сказаў у каментары выданню ўкраінскі вайсковы аналітык Аляксей Гетьман.
* * *
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што прапанова Пуціна аб тым, каб абмеркаваць увядзенне часовага кіравання ва Украіне пад эгідай ААН і шэрагу краін накіраваныя на тое, каб трымаць «у закладніках» перамовы аб заканчэнні вайны, а самому тым часам працягваць наступ.
Як адзначаюць аналітыкі, новае патрабаванне Пуціна аб стварэнні часовага ўрада ва Украіне як перадумовы для мірных перамоваў дэманструе, як Крэмль працягвае «трымаць перамовы ў закладніках» і спрабуе патрабаваць ад Захаду дадатковых саступак пасля прагрэсу, дасягнутага ў бягучых перамовах аб спыненні агню.
«Крэмль застаецца адданым сваёй мэце працягнуць любыя перамовы аб часовым спыненні агню на лініі фронту або пастаяннае мірнае пагадненне, каб працягваць дасягаць паступовых поспехаў на поле бою і стварыць спрыяльныя ўмовы для дасягнення поўнай капітуляцыі Украіны», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
* * *
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс адстойвае пазіцыю, што паміж РФ і Украінай дзейнічае энергетычнае перамір'е. Заява прагучала на амерыканскай авіябазе «Пітуфік» у Грэнландыі.
«Мы давяраем, але правяраем. Мы пераконваемся, што тое, што мы бачым ад аднаго боку, выконваецца іншым бокам, і наадварот. Але я думаю, што мы дасягнулі неверагоднага прагрэсу», — сказаў ён.
«Мы, відавочна, маем спыненне агню па энергетычнай інфраструктуры. У нас ёсць перамір'е ў гандлі ў Чорным моры, якое, я думаю, амаль дасягнутае», — заявіў Вэнс.
Як паведамляе Украіна, Расія за час «перамір'я» прынамсі двойчы атакавала энергетычныя аб’екты Украіны.
* * *
Амерыканскія эканамісты, ведаючы пра любоў Трампа да картачнай тэрміналогіі, тарыфаў і нажывы, прапанавалі яму «палепшыць руку», увёўшы «ўніверсальную расійскую пошліну». Гэта неадкладна прынесла б ЗША мільёны прыбытку, напісалі ў калонцы для The New York Times вядомыя амерыканскія эканамісты Глен Хабард і Кэтрын Вальфрам.
Яны прапануюць накладваць санкцыі на ўсіх, хто ўдзельнічае ў продажы расійскай нафты і газу, у любой краіне. Пазбегнуць гэтага Масква магла б толькі шляхам выплаты збораў за кожную пастаўку.
«Гэты плацёж называўся б расійскім універсальным тарыфам. Ён пачынаўся б з нізкага ўзроўню і рос бы з кожным тыднем, які праходзіць без мірнага пагаднення».
Калі Расія не будзе плаціць, то другасныя санкцыі лягуць на плечы ўсіх удзельнікаў транзакцыі, уключаючы ўладальнікаў нафтавых танкераў, страхоўшчыкаў і пакупнікоў. Аўтары ідэі нагадваюць, што кампаніі з Індыі і Кітая не хочуць патрапіць пад амерыканскія санкцыі, імпартуючы расійскую нафту.
Эканамісты падкрэсліваюць, што такі тарыф неадкладна забяспечыў бы ЗША грошы, у адрозненне ад пагаднення аб украінскіх карысных выкапнях. Па іх даных, збор у памеры 20 долараў за барэль нафты можа прыносіць да 120 мільёнаў долараў у дзень.
«Мэта заключаецца ў тым, каб расійская нафта працягвала паступаць на сусветныя рынкі, але каб менш грошай паступала ў Крэмль. Гэты план падарве здольнасць Расіі працягваць весці вайну, а таксама папоўніць дзяржаўную казну ЗША. Кожны долар, сабраны Злучанымі Штатамі, — гэта долар, які Расія не зможа выдаткаваць на фінансаванне сваёй вайны».
Такія дзеянні альбо прымусяць Маскву сесці за стол перамоваў, спадзеючыся на адмену тарыфу, альбо дазволяць ЗША штогод атрымліваць грошы, якімі можна фінансаваць прапанаванае Трампам скарачэнне падаткаў. Акрамя таго, РФ фактычна верне ЗША грошы, якія былі выкарыстаныя на дапамогу Украіне, пішуць эканамісты.