«Турэцкі гамбіт»: На чыім баку былі ліцвіны падчас Крымскай вайны?

Пытанне, згадзіцеся, нязвыклае. Мы прымушаныя думаць, што, стаўшы паднявольнымі падданымі Расійскай імперыі, нашы продкі або ператварыліся ў патрыётаў-эмігрантаў або безальтэрнатыўна гінулі за імперскія інтарэсы. Толькі не ўсе з іх зрабілі так. Сярод іх гучыць знакамітае імя Адама Міцкевіча. Але і імёны Юзэфа Ягміна з Віленшчыны ці Аляксандра Матушэвіча з Мазыршчыны, Ігнацыя Яцкоўскага з Наваградчыны і іншых афіцэраў і жаўнераў, годныя таго, каб пра іх ведалі.

273991415_488042416058331_4604233392177930221_n_logo.png


Канцэпцыі стварэння рэгулярных узброеных атрадаў па-за межамі былой Рэчы Паспалітай узыходзяць да часоў паўстання Касцюшкі, то-бок да канца XVIII ст. Напрыклад, былыя падданыя Рэчы Паспалітай, якія эмігравалі ў падкантрольныя асманам Малдавію і Валахію, стварылі вольныя вайсковыя атрады — у чаканні чарговага канфлікту Порты з Расіяй або з Аўстрыяй. Канцэпцыя такіх вайсковых утварэнняў зводзілася да арганізацыі моцных аддзелаў, якія бралі самавольны ўдзел у баях супраць дзяржаваў-патэнцыйных агрэсараў або ў звязку з войскам саюзнай ім краіны пражывання. Меркавалася, што з цягам часу і пры дапамозе хаўруснікаў стане магчымым утварыць сталае вайсковае фарміраванне, якое ў пэўны момант пачне дзеянні на ўласнай тэрыторыі за вызваленне сваёй зямлі.

Юліўш Косак. Адам Міцкевіч і Садык-паша (Міхал Чайкоўскі) на паляванні ў Турэччыне. 1890 г.

Юліўш Косак. Адам Міцкевіч і Садык-паша (Міхал Чайкоўскі) на паляванні ў Турэччыне. 1890 г.

У перыяды паміж паўстаннямі і ў часы нестабільных адносін паміж вялікімі дзяржавамі розныя палітычныя дзеячы і групоўкі фармулявалі планы стварэння нацыянальных узброеных падраздзяленняў, што мелі на мэце змяніць палітычны статус-кво сваёй краіны і нацыі. Спачатку, праз уздзеянне рамантычнага погляду на барацьбу за нацыянальнае вызваленне, утвараліся нерэгулярныя фарміраванні, арганізаваныя стыхійна, без прадуманага плана дзеянняў на перспектыву і без матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі, аб’яднаных рэвалюцыйнай максімай «За нашу і вашу свабоду», аўтарства якой прыпісваюць Іяхіму Лелявелю.
Меркавалася, што дастаткова падняць рэвалюцыйны сцяг — і масы людзей пойдуць пад той штандар, гатовыя змагацца супраць абсалютызму ў асобе Прусіі, Аўстрыі і, галоўнае, — Расіі. Аднак у рэальных умовах такія планы не спраўджваліся…

 Злева направа: (а) штандар палка ўланаў польскіх Замежнага Легіёна ў Іспаніі (1836); (б) штандар кавалерыйскі Паўднёвага Легіёна Рэчыпаспалітай Польскай (1846) у Малдавіі і Валахіі; (в) адзін са штандараў Польскага легіёна Міцкевіча ў Італіі (1848). Паводле інфармацыі з польскага вексілалагічнага выдання «Flaga»

 Злева направа: (а) штандар палка ўланаў польскіх Замежнага Легіёна ў Іспаніі (1836); (б) штандар кавалерыйскі Паўднёвага Легіёна Рэчыпаспалітай Польскай (1846) у Малдавіі і Валахіі; (в) адзін са штандараў Польскага легіёна Міцкевіча ў Італіі (1848). Паводле інфармацыі з польскага вексілалагічнага выдання «Flaga»


Яшчэ да крымскіх падзей ліцвінскія афіцэры і малодшыя чыны бралі ўдзел у польскіх рэвалюцыйных кампаніях на чужыне — напрыклад, у паўстанні 1848-49 гг. на Вугоршчыне, ў Аўстра-Венгрыі. Так, ва ўспамінах генерала Высоцкага («Pamiętnik Jenerała Wysockiego, dowódcy Legionu Polskiego na Węgrzech z czasu kampanii węgierskiej w roku 1848 i 1849») пададзены спіс пад загалоўкам «Legion Polski na Węgrzech. Lista Oficerów znajdujących się w Turcyi, ułożona podług starszeństwa przez komisyą na ten cel wyznaczoną», дзе ўзгаданы названыя вышэй Аляксандр Матушэвіч і Юзэф Ягмін, нашы суайчыннікі — пра іх біяграфіі мы пагаворым крыху ніжэй.
Словы ж удзельніка паўстання 1830-31 гг., пісьменніка і мемуарыста Ігнацыя Яцкоўскага (1800 — 1873) «а я хоць і ліцвін, але Польшчу моцна люблю» яскрава выяўляюць тагачасны светапогляд: тут памяць і пра сваю тутэйшасць, і пра сваю палітычна-дзяржаўную прыналежнасць. Тут і патрыятызм краёвы, ліцвінскі, і патрыятызм агульны, рэчыпаспалітаўскі. У ХІХ ст. адукаваная частка грамадства з земляў былога Вялікага княства Літоўскага ў значнай ступені мела падобныя погляды і перакананні. (Таму далей пад «палякамі» і «польскім» будзем разумець палітычна-этнічна-канфесійную супольнасць, датычную да абодвух народаў — Польшчы і ВКЛ — былой Рэчы Паспалітай).
Па выніках агульнаеўрапейскай рэвалюцыйнай хвалі 1848-1849 гг., якая атрымала ў гістарыяграфіі назву «Вясна народаў», пачалі ўтварацца вайсковыя адзінкі, што мелі як юрыдычную, так і фінансавую падтрымку ўрадаў і дзяржаў па месцы дыслакацыі або хаўруснай дамоўленасці. Князь Адам Ежы Чартарыйскі прыклаў вялікія высілкі, арганізаваўшы падобныя аддзелы ў арміях Бельгіі, Францыі, Партугаліі, Іспаніі, Італіі. На Балканах Чартарыйскі вёў перамовы з мясцовымі лідарамі аб перадачы зямлі для дыслакацыі «польскіх» збройных аддзелаў; таксама разглядаўся варыянт атрымання вострава ад Турцыі — пажадана Кіпра — з экстэрытарыяльным статусам, на якім бы канцэнтраваліся эміграцыйныя «польскія» сілы і стваралі сваё войска.

Жаўнеры Замежнага Легіёна (Legii Cudzoziemskiej), які быў утвораны з насельнікаў былой Рэчы Паспалітай і браў актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях «Вясны народаў». Малюнак Jean Sorieul, 1852 г.

Жаўнеры Замежнага Легіёна (Legii Cudzoziemskiej), які быў утвораны з насельнікаў былой Рэчы Паспалітай і браў актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях «Вясны народаў». Малюнак Jean Sorieul, 1852 г.


З таго факта, што асманская Порта ніколі не прызнавала падзелаў Рэчы Паспалітай, усё доўгае ХІХ стагоддзе Турэччына разглядалася ўплывовымі коламі былой дзяржавы як патэнцыйны палітычны і эканамічны хаўруснік. Сваіх прадстаўнікоў у Турэччыне падчас паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гг. мелі паўстанцкія ўрады.
Польская падвышаная актыўнасць у Турэччыне таксама назіраецца і ў перыяды турэцка-рускай напружанасці. У прыватнасці, у Канстанцінопалю-Стамбуле дзейначаў г. зв. «Гатэль Ламбер» («Hôtel Lambert» — манархісцкая кансерватыўна-ліберальная групоўка, створаная ў 1833 г., пасля паразы Лістападаўскага паўстання 1830-31 гг., якая абапіралася галоўным чынам на заможных прадстаўнікоў Вялікай эміграцыі, а палітычна — грунтавалася на палажэннях Канстытуцыі 3 мая. Яе чальцы спадзяваліся на ўмяшанне заходніх дзяржаў у «польскія» справы). Падчас Крымскай вайны была ўтворана Дывізія казакоў султанскіх (1855 г.), а падчас чарговай руска-турэцкай вайны таксама сфармаваны Польскі Легіён у Турэччыне (1877 г.).

 Штандар Дывізіі казакоў султанскіх падчас каардынацыі вайсковай дзейнасці праз «Гатэль Ламбер» (рэканструкцыя)

 Штандар Дывізіі казакоў султанскіх падчас каардынацыі вайсковай дзейнасці праз «Гатэль Ламбер» (рэканструкцыя)


Уяўляючы сабе праблему больш шырока, Ігнацій Яцкоўскі, аўтар кнігі «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды», які таксама браў чынны ўдзел у фармаванні польскіх частак у Турэччыне, у лісце да князя Уладзіслава Чартарыйскага зазначаў:
«У цяперашняй сітуацыі Захад пасварыўся з самым магутным уладальнікам нашае зямлі, але схільны падтрымліваць добрыя адносіны з двума нашымі нямецкімі ворагамі, выключае нас і адпіхае ад адкрытага ўдзелу ў вайне, якая ідзе, а мы таксама — ацэньваючы справу грунтоўна — не ведаем, ці запалам і кавалерствам, ці здаровым розумам павінны кіравацца.
З польскага сэрца два ідуць помыслы: адзін раіць нам фармаваць легіёны дзеля паслуг ці дзеля абароны Турцыі, другі — падымаць паўстанне ў Польшчы; абодва гэтыя шляхі, нават калі б былі магчымыя (а такімі не ёсць), не здаюцца мне адпаведнымі ў гэты час. Я жадаю, каб наша гатоўнасць пасвяціць сябе Польшчы была вядомая заходнім дзяржавам, але калі яны ўваскрашэння Польшчы адкрыта не могуць абяцаць, дык і мы таксама кідацца з нашымі паслугамі не маем патрэбы, не павінны. <…> для Польшчы лепш, калі не рушыць, бо няма з чым рушыць: няма ні зброі, ні адпавeдных людзей, ні рэсурсаў, ні камунікацый. <…> Палякі, на маю думку, нaйвялікшы нейтралітэт захаваць, чакаць развіцця падзей павінны. <…> Дык тае хвіліны чакаць трэба, а да агульных дзеянняў трэба рыхтаваць грамадскую думку, заснаваўшы патрыятычнае выданне, якое б сумленнасцю, шчырасцю і словам пра польскі інтарэс перамагло прадузятасць партыйную».

Міхал Чайкоўскі (Садык-паша) герба Ястжэмбец (1804 г., на Валыні — 1886, Боркі ва Украіне). Камандзір 1-га палка Казакоў Султанскіх, утворанага з эмігрантаў былой Рэчы Паспалітай

Міхал Чайкоўскі (Садык-паша) герба Ястжэмбец (1804 г., на Валыні — 1886, Боркі ва Украіне). Камандзір 1-га палка Казакоў Султанскіх, утворанага з эмігрантаў былой Рэчы Паспалітай


Аднак палітычная актыўнасць з боку Брытаніі і Францыі, іх заўпэўненасць у фінансавай і матэрыяльнай падтрымцы польскай эміграцыі, а таксама настойлівая дзейнасць «Гатэля Ламбер» прынеслі прыхільнікам ідэі фармавання экстэрытарыяльных вайсковых частак упэўненасць, што пачатая справа — не «авантура».

Першы полк Казакоў Султанскіх

Стварэнне ў канцы 1853 г. 1-га палка Казакоў Султанскіх дзякуючы намаганням Міхала Чайкоўскага (1804-1884), пісьменніка і паэта, палітычнага агента «Гатэля Ламбер», было першым і вельмі важным крокам да стварэння будучай дывізіі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Замойскага. Полк падзяляўся на дзве дывізіі, у кожнай — па тры эскадроны (па сто жаўнераў у аддзеле). Полк быў шматнацыянальным і шматканфесійным (сам Міхал Чайкоўскі прыняў іслам у 1850 годзе, узяўшы імя Мехмед Садык-Паша).

Султанскі фірман (дэкрэт) на стварэнне вайсковай фармацыі казацкай з «польскіх» эмігрантаў (чытай — жыхароў былой Рэчы Паспалітай) падчас Крымскай вайны (Паводле: Krzysztof Karbownik. Polskie formacje zbrojne w armii tureckiej w wojnie krymskiej 1853-1856 // Przegląd Historyczno—Wojskowy. — 2012, №13. — s.215-233)

Султанскі фірман (дэкрэт) на стварэнне вайсковай фармацыі казацкай з «польскіх» эмігрантаў (чытай — жыхароў былой Рэчы Паспалітай) падчас Крымскай вайны (Паводле: Krzysztof Karbownik. Polskie formacje zbrojne w armii tureckiej w wojnie krymskiej 1853-1856 // Przegląd Historyczno—Wojskowy. — 2012, №13. — s.215-233)

Акрамя ўраджэнцаў Рэчы Паспалітай і балгараў, якія дамінавалі ў гэтай фармацыі, былі таксама добраахвотнікі: сербы, русіны, валахі, армяне і яўрэі. У выніку полк налічваў 600 жаўнераў (першапачаткова былі сфармаваны дзве сотні, адна ў асноўным складалася з «палякаў», а другая — шматнацыянальная).

Першы рэгімент (полк) польскіх Казакоў Султанскіх. Ананімны малюнак 2-й паловы ХІХ ст.

Першы рэгімент (полк) польскіх Казакоў Султанскіх. Ананімны малюнак 2-й паловы ХІХ ст.

Першы султанскі казацкі полк удзельнічаў у баях з расийскімі часткамі з пачатку 1854 г. і праславіўся некалькімі паспяховымі сутычкамі на Балканах. Полк першым увайшоў у Бухарэст 8 жніўня 1854 г. за расійскай арміяй, якая адступала, што падняло настрой румынскім афіцэрам і жаўнерам, што служылі ў палку. 
Галоўнакамандуючы турэцкай арміяй Омер-паша падзякаваў усяму палку за адважную пазіцыю ў бітве пры Слабазіі, дзе былі разгромлены расійцы; Міхал Чайкоўскі быў узнагароджаны высокім ордэнам ІІІ ступені. Потым полк стаяў на рацэ Камчыі, у Бургасе і Слівене. У сярэдзіне 1855 г. полк стаяў каля Тырнава ў Баўгарыі.
Казацкі лагер незадоўга да сваёй смерці наведаў Адам Міцкевіч — з падтрымкай далейшых планаў Садык-пашы ў імкненні пашырыць польскія фарміраванні на тэрыторыі Турцыі і адначасова аслабіць канфлікт паміж камандзірам і прадстаўнікамі «Гатэля Ламбер» адносна пашырэння польскіх фарміраванняў на ўсходзе.


Другі полк Казакоў Султанскіх

Наступным этапам фармавання польскіх войскаў на падасманскай тэрыторыі стала арганізацыя Другога палка Казакоў Султанскіх. Фактычную згоду на ўтварэнне вайсковага злучэння падпісаў султан Абдул Меджыд 7 лістапада 1854 года. Фармальна камандзірам палка і яго арганізатарам быў, на просьбу французскага імператара Напалеона III, генерал Уладзіслаў Замойскі, прадстаўнік «Гатэля Ламбер» у Стамбуле. З засцярогі на пратэсты з Вены было дамоўлена, што новая вайсковая частка не павінна падыходзіць да мяжы з Аўстрыяй або праходзіць да Дунайскіх княстваў, дзе размяшчаліся аўстрыйскія войскі. Першапачаткова добраахвотнікі квартавалі ў Русе на Дунаі, але пад аўстрыйскім ціскам былі перамешчаны ў Шумен, углыб сучаснай Балгарыі. Туды павінны былі прыехаць эмігранты — галоўным чынам з Францыі, а таксама з Англіі, Алжыра і Польшчы.

Жаўнеры і харунжы са штандарам 2-га палка Казакоў Султанскіх (сучасная рэканструкцыя). Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)

Жаўнеры і харунжы са штандарам 2-га палка Казакоў Султанскіх (сучасная рэканструкцыя). Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)


У чэрвені 1855 г. Другі султанскі казацкі полк налічваў ужо 800 жаўнераў і складаўся з шасці эскадронаў. Пераважная большасць навабранцаў паходзіла з шэрагаў ваеннапалонных і дэзерціраў з расійскай арміі, перададзеных генералу Замойскаму заходнімі дзяржавамі і Турцыяй. Найбольшую групу складалі 350 польскіх жаўнераў з расійскай арміі, захопленых у бітве пры Баморсундзе і адпраўленых англічанамі спачатку ў Стамбул, а затым у Шумен.

Другі рэгімент (полк) польскіх Казакоў Султанскіх. Ананімны малюнак 2-й паловы ХІХ ст.

Другі рэгімент (полк) польскіх Казакоў Султанскіх. Ананімны малюнак 2-й паловы ХІХ ст.

Тыповую кар’еру і лёс ліцвіна-эмігранта і добраахвотніка можна прасачыць на прыкладзе нашага суайчынніка Аляксандра Матушэвіча.
Аляксандр Матушэвіч (нар. 19 сакавіка 1828 у Аношавічах (Anoszewicy), Мазырскі павет Менскага ваяводства — пам. пасля 1865 г.) — палкоўнік у паўстанні 1863 г., афіцэр Замежнага Легіёна. Са шляхетнага роду, сын Фелікса і Багумілы з Лазоўскіх. Атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю. Працаваў у Францыі інжынерам па будаўніцтве дарог і мастоў. 3 ліпеня 1847 г. уступіў у Замежны легіён, удзельнічаў у баявых дзеяннях у Алжыры. 16 мая 1848 па яго ўласнай просьбе быў накіраваны ў Еўропу, браў удзел у Вугорскім паўстанні, а потым быў звольнены са службы ў легіёне. У 1854 г. далучыўся да добраахвотніцкага палка Казакоў Султанскіх, ваяваў супраць Расіі падчас Крымскай вайны, спачатку ў якасці унтэр-афіцэра, а з 23 мая 1855-га — у званні лейтэнанта.
На пачатку Студзеньскага паўстання 1863 г. камандаваў невялікім атрадам у раёне Каніна. Пазней служыў у кавалерыйскай брыгадзе генерала Тарчаноўскага ўланскім палкоўнікам. Потым некалькі разоў збіраў атрады на тэрыторыі Польшчы і з пераменным поспехам ваяваў з царскімі часткамі. Пасля паразы паўстання Матушэвіч адчуў сябе моцна хворым і зломленым і быў вымушаны перабрацца ў Францыю. Там ён вярнуўся да працы, спрабаваў фармаваць вайсковыя адзінкі ў Вялікім княстве Познанскім, у Прусіі. Далейшы лёс нашага суайчынніка дакладна невядомы…

Дывізія Казакоў Султанскіх

Ваенны міністр брытанскага ўрада накіраваў генералу Замойскаму афіцыйны ліст, у якім паведамляў пра магчымасць стварэння султанскай казацкай дывізіі на англійскім фінансаванні. Агульная колькасць фарміравання павінна была налічваць 4000 жаўнераў, у тым ліку 1000 кавалерыі і 3000 пяхоты. Зброю, форму і ўсё неабходнае перадаваў брытанскі ўрад. Заробак афіцэрам павінен быў выплочвацца па стаўках, якія дзейнічалі ў французскай арміі, а ўнтэр-афіцэрам і салдатам — па стаўках, прынятых для асманскіх салдат у турэцкім кантынгенце. Замойскі быў прызначаны генерал-маёрам і разам з фарміраваннем павінен быў падпарадкавацца брытанскаму камандуючаму турэцкім корпусам у Крыме.

Сучасная рэканструкцыя штандара Іга палка Казакоў Султанскіх, які потым выкарыстоўваўся і ў дывізіі. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)

Сучасная рэканструкцыя штандара Іга палка Казакоў Султанскіх, які потым выкарыстоўваўся і ў дывізіі. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)

Палкавое паданне сцвярджае, што гэты штандар нібыта ўзыходзіць да арыгінальнай харугвы запарожскіх казакоў Пятра Дарашэнкі. Потым яна трапіла да казацкага гетмана Яна Мазепы і праз наступных палкаводцаў, якія перабраліся ў Турцыю, была перададзена Канстанцінопальскаму патрыярхату. Патрыярх Іякім перадаў штандар Садык-пашы з афіцыйным пацвярджэннем яго арыгінальнасці. Трохі іншая версія распавядае, што харугву калісьці падарыў султан Ахмед III польскім казакам-эмігрантам, якія перабраліся ў Турэччыну разам з Мазепам і шведскім каралём Карлам XII пасля паразы пад Палтавай. Лёс гэтай харугвы пасля роспуску палка ў 1876 г. дакладна невядомы. Аднак яна зноў з’яўляецца 17 жніўня 1909 г. у Канстанцінопалю падчас святкавання гадавіны Крымскай вайны і смерці Адама Міцкевіча.
16 лістапада 1855 г. генералу Замойскаму быў афіцыйна ўручаны акт аб стварэнні польскай дывізіі. Асноўным ядром фарміравання павінен быў стаць Другі султанскі казацкі полк. Як было раней дамоўлена, утвараліся два палкі пяхоты (па 1000 салдат у кожным), 1 стралковы батальён (1000 жаўнераў), якія складалі адну брыгаду і два кавалерыйскія палкі (па 500 салдат у кожным), якія складалі другую брыгаду дывізіі. Усё фарміраванне павінна было афіцыйна ўваходзіць у склад крымскага кантынгенту брытанскіх войскаў. У 1855 г. арганізацыйны аддзел ужо набыў пэўныя формы, былі зроблены першыя афіцэрскія прызначэнні. Пунктам збору стала вёска Скутары пад Стамбулам. Да канца лістапада 1855 г. падпалкоўнік Антоні Верускі і маёр Юзэф Ягмін здолелі сабраць у пяхотны батальён толькі каля 500 жаўнераў. Кавалерыйскія палкі спачатку былі сфармаваны ў лагеры пад Бургасам, а з лістапада 1855 г. — у Варне.

Адам Міцкевіч з дрэварыту — паводле малюнка П. Сухадольскага «Вяртанне з палявання. Сцэна ў абозе Казакоў Султанскіх у Бургасе», 1855 г. На малюнку ў левым куце можна заўважыць палкавы штандар.

Адам Міцкевіч з дрэварыту — паводле малюнка П. Сухадольскага «Вяртанне з палявання. Сцэна ў абозе Казакоў Султанскіх у Бургасе», 1855 г. На малюнку ў левым куце можна заўважыць палкавы штандар.


Пакуль генерал Замойскі ездзіў па справах у Англію, а потым прысутнічаў на пахаванні Адама Міцкевіча ў Парыжы, палітычныя сітуацыя на ўсходзе крута змянілася: Аўстрыя апярэдзіла Англію і Францыю і дарога да мірных перамоў па заканчэнні Крымскай вайны была адкрыта. У гэтай сітуацыі далейшы лёс дывізіі паставіўся пад пытанне. Брытанцы мелі намер агучыць існаванне польскіх узброеных сіл як «запужвальны фактар» супраць Расіі ў мірных перамовах, французы жадалі падняць польскае пытанне на міжнародным узроўні — гэтыя абставіны запэўнілі генерала працягваць набор і фармаванне дывізіі. Дабраўшыся да галоўнага лагера ў Скутары, Замойскі аддаў загад аб рэарганізацыі: на працягу месяца былі створаны пяхотны полк першай лініі і чацвёрты пешы стралковы полк; таксама была рэарганізавана кавалерыйская брыгада на два палкі (2-гі полк конных стральцоў і 5-ты полк уланаў) і з 4 эскадронаў у кожным палку. Генерал таксама наведаў артылерыйскую батарэю дывізіі.

Пяхотнікі дывізіі Казакоў Султанскіх з неафіцыйным дывізійным штандарам. 1855 г. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)

Пяхотнікі дывізіі Казакоў Султанскіх з неафіцыйным дывізійным штандарам. 1855 г. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)


Напружаная арганізацыйная праца была, аднак, перапынена 18 сакавіка 1856 г. загадам з Лондана спыніць далейшае фармаванне дывізіі. А неўзабаве, 30 сакавіка 1856 г., Францыя, Англія і Турцыя заключылі мір з Расіяй. У дывізіі запанавала трывога, выявіліся першыя дэзерціры і датэрміновыя звальненні. Такія настроі былі і ў дывізіях у Францыі і Англіі. У такіх складаных умовах генерал быў вымушаны пагадзіцца перадаць польскае фарміраванне з усім узбраеннем і тэхнікай турэцкаму боку і на яго ўтрыманне. У маі 1856 г. аддзелы дывізіі былі пераведзены ў Буюк ​​Чэкмэчэ, вёску паміж Стамбулам і Адрыянапалем. У хуткім часе пасля пераходу войскаў на новае месца адбыўся адкрыты бунт афіцэраў і салдат. Генерал Замойскі заўпэўніў іх, што, калі Турцыя, нягледзячы на ​​заклікі Англіі і Францыі, не жадае захаваць асобнае польскае фарміраванне з усімі выгодамі і жалаваннямі, як гэта было дагэтуль, дык дывізія будзе распушчана і ніхто не будзе прымушаны да службы пад турэцкай камандай. Аднак толькі пасля падпісання лістоў на звальненне усім жадаючым, а таксама адхілення ад службы падбухторшчыкаў, вайскоўцаў удалося супакоіць.

Жаўнер 2-га палка стральцоў конных (былы ІІ полк дывізіі Казакоў Султанскіх) з палкавым штандарам. Малюнак з тагачаснай газеты. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)

Жаўнер 2-га палка стральцоў конных (былы ІІ полк дывізіі Казакоў Султанскіх) з палкавым штандарам. Малюнак з тагачаснай газеты. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)


Нягледзячы на ​​ранейшыя заявы пра прыём дывізіі ў сваю армію, Турцыя пасля абмеркавання адмовілася ад свайго рашэння. Вырашальным фактарам стала неспрыяльная знешняя сітуацыя: з аднаго боку — ціск Расіі і Аўстрыі на Турцыю, а з другога — усё больш прыязныя настроі заходніх дзяржаў у дачыненні да Расіі. Апошняй акцыяй генерала Замойскага, здзейсненай з мэтай пазначыць польскую прысутнасць на гэтых землях, было асвячэнне помніка ў гонар польскага караля Уладзіслава III у Варне.
Роспуск у ліпені 1856 г. дывізіі генерала Замойскага не стаў канцом існавання польскіх фарміраванняў побач з Турцыяй. Султанскія казацкія фарміраванні працягвалі існаваць.

Султанскія драгуны з палкавым штандарам. Сучасная рэканструкцыя. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)

Султанскія драгуны з палкавым штандарам. Сучасная рэканструкцыя. Паводле: FLAGA. Biuletyn Polskiego Towarzystwa Weksylologicznego. – 2020 — №24 (48)

У 1857 г. з часткі расфармаванай дывізіі быў створаны 2-гі султанскі драгунскі полк, які ўключаў часткі пад камандаваннем Садык-пашы і папоўніўся балгарскімі валанцёрамі. Султанская казацкая брыгада, сфармаваная з першага палка казакоў і другога палка драгунаў, да 1866 г. стаяла на турэцка-грэчаскай мяжы ў Фесаліі, выконваючы функцыі памежнай аховы. Пазней гэтыя падраздзяленні былі перакінуты ў Балгарыю, а пасля 1870 г. былі падпарадкаваны турэцкаму камандаванню.

Польскі легіён з ліцвінскім духам

Польскія жаўнеры вярнуліся ў Турцыю у 1877 г., падчас турэцка-расійскай вайны. Некаторыя эмігранты ўдзельнічалі ў стварэнні тут невялікага польскага легіёна, падзеленага на Еўрапейскую і Азіяцкую часткі (у залежнасці ад зоны дзеяння ў еўрапейскай або азіяцкай Турцыі). Азіяцкі аддзел змагаўся на Каўказскім фронце. Еўрапейскае аддзяленне складала каля 70 чалавек пад кіраўніцтвам ліцвіна Юзэфа Ягміна ў складзе асманскай дывізіі Салха-пашы. 23 жніўня 1877 г. легіён прыняў удзел у бітве пад Кізларам (у Балгарыі), дзе многія легіянеры былі забітыя.

Капітан Людамір Райскі са штандарам Легіёна ў акружэнні польскіх афіцэраў. Здымак каля 1877 г.

Капітан Людамір Райскі са штандарам Легіёна ў акружэнні польскіх афіцэраў. Здымак каля 1877 г.


Падпалкоўнік Юзэф Ягмін, здымак 1867 г.

Падпалкоўнік Юзэф Ягмін, здымак 1867 г.

Юзэф Ягмін (1810-1877) — афіцэр, удзельнік Лістападаўскага (1830) і Студзеньскага (1863) паўстанняў, эмігрант. Юзэф браў удзел у Лістападаўскім паўстанні на Літве пад камандаваннем генерала Дэмбінскага, а затым — удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні, пасля паразы якога эміграваў у Францыю. У жніўні 1848 г. далучыўся да польскага легіёна генерала Высоцкага ў Вугоршчыне ў званні падпаручніка і ваяваў у Шольнаку і Хатване. За службу быў узнагароджаны венгерскім паўстанцкім ордэнам «За баявыя заслугі» ІІІ-й ступені. Пасля паразы паўстання ў жніўні 1849 г. здолеў патрапіць у Турцыю, дзе жыў у Канстанцінопалю. У званні маёра запісаўся на службу ў полк Казакоў Султанскіх генерала Замойскага; ваяваў супраць Расіі падчас Крымскай вайны 1853-1856 гг., пасля чаго вярнуўся ў Францыю. У 1863 г. — удзельнік Студзеньскага паўстання ў якасці камандзіра аддзялення на Любліншчыне. Каб трапіць у Польшчу, ён далучыўся да атрада Зыгмунта Мілкоўскага і разам з ім вёў бітву пад Кастангаліяй з румынамі (15 ліпеня 1863 г.), бо румыны не жадалі прапускаць вайскоўцаў у Польшчу. Пасля паразы паўстання змог перабрацца на тэрыторыю Порты. У наступнай руска-турэцкай вайне ў 1877 г. у званні палкоўніка (паводле іншых звестак — маёра) быў камандзірам еўрапейскай часткі Польскага легіёна ў складзе турэцкай арміі. Памёр ад ран у Шумле (цяпер Шумен), атрыманых у бітве пры Эскі-Загра (асманская назва Стара-Загоры) у Балгарыі. Зыгмунт Мілкоўскі ў сваіх успамінах «Постаці эміграцыйныя», якія з’яўляюцца, фактычна, адзінай крыніцай па біяграфіі Юзэфа Ягміна, сардэчна аб ім адгукаецца: «Litwin z krwi, kości i ducha, potomek zapewne po kądzieli Podbipięty» (Лангін Падбіпята — выдуманы персанаж з твора Г. Сенкевіча «Агнём і мячом», ліцвінскі шляхціч, уладальнік вялізнага рыцарскага мяча «Сарвікаптур»).
Досвед фармавання вайсковых адзінак на чужыне, удзел у вызвольных паўстаннях, рэвалюцыйным руху і войнах супраць агрэсараў паказаў усяму еўрапейскаму свету (а і нават Новаму свету) — наколькі рашучыя ў сваіх памкненнях да адраджэння дзяржаўнасці і незалежнасці насельнікі былой Рэчы Паспалітай, слаўныя сыны Польшчы, Літвы і Украіны.