Ці прызнае Лукашэнка ДНР і ЛНР услед за Расіяй? Адказвае Пётр Кузняцоў

Палітычны аглядальнік і заснавальнік «Моцных навін» адгукнуўся ў сваім тэлеграм-канале на галоўную тэму тыдня — прызнанне Расіяй незалежнасці самаабвешчаных ДНР і ЛНР.

— А цяпер пару слоў аб палітыцы, як аб «мастацтве магчымага», — піша Пётр Кузняцоў. — Або немагчымага. І, заадно, трохі аб нашым кантэксце.

Якія ёсць варыянты ў афіцыйнага Мінска не прызнаць ЛДНР услед за Масквой? Рэальна — ніякіх. Татальная залежнасць пасля 2020-га, поўная блакада на Захадзе, фінальная страта суб'ектнасці ў ходзе ваенных ігрышчаў апошняга часу, ды яшчэ і расійскія войскі ў колькасці, ледзь і не перавышаючай беларускія, на тэрыторыі — кантролечка.

Мяркуючы па тым, як Сірыя і Венесуэла паспешліва агучылі прызнанне, Крэмль над гэтым дыпламатычным вектарам працуе сур'ёзна і надае яму значэнне.

Гэта значыць, прызнанне магчыма, непрызнанне жа выглядае немагчымым.

Далей. Якія варыянты ў Зяленскага, калі такое прызнанне адбудзецца? Ніякіх — толькі ўводзіць санкцыі і цалкам спыняць гандаль. Альтэрнатыва — палітычная смерць.

Далей усё будзе проста і сумна. Каліем дык вось хутка можна будзе зарплаты ў залік выдаваць, а тут яшчэ і плошчы Мазырскага НПЗ можна будзе здаваць пад офісы. Дадамо сюды немінучыя новыя эканамічныя санкцыі і атрымаем альбо хуткі калапс у адзіночку, альбо больш павольны, але разам з Масквой.

Бо Расія пры такім раскладзе мала таго, што сама трапляе ў канфрантацыю, у першую чаргу эканамічную, з Захадам, але яшчэ і аказваецца вымушаная фінансаваць усе свае «бонусы» ў выглядзе новаздабытых «незалежных» суседзяў, і стараабрэценых «саюзнікаў», якія сваё саюзніцтва пацвердзяць прызнаннем. А антыкрызіснае стратэгічнае планаванне там сёння Мядзведзеў вельмі пераканаўча агучваў: «Захаду, маўляў, мы больш патрэбныя, чым ён нам, самі прыйдуць» (А калі не? Такога пытання ніхто не задаў).

Таму фінал, ранні або позні, крывавы або бяскроўны, усё роўна прадказальны. У спіралі эскалацыі выйграе заўсёды больш эканамічна ўстойлівы — так было заўсёды ў гісторыі роўна з таго моманту, як людзі перасталі ваяваць дубінамі і перайшлі на іншы ўзровень.

Зыходзячы з таго, што магчыма, менавіта так усё і павінна развівацца. Але, можа, магчыма і неяк па-іншаму?

Гісторыя пакажа.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: