Эксперт: У выпадку прызнання «ЛДНР» Лукашэнка перастане ўспрымацца нават як паўсамастойная фігура
Прызнаць ці не прызнаць "ЛДНР" — лёсавызначальнае пытанне для беларускай улады.
— Калі Лукашэнка прызнае незалежнасць "ДНР" і "ЛНР",
гэта будзе мець сур'ёзныя наступствы, у першую чаргу, гэта адаб'ецца на
стасунках з Украінай, якія і без таго дастаткова складаныя, — адзначыў дырэктар
Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — У такім выпадку сам Лукашэнка будзе разглядацца як
непасрэдная пагроза нацыянальнай бяспецы Украіны, а супрацоўніцтва ва ўсіх
сферах, у тым ліку ў гандлёвых адносінах, будзе неадкладна перагледжана.
Акрамя таго, на думку палітолага, прызнанне Лукашэнкам "ДНР" і "ЛНР" не лепшым чынам адаб'ецца на адносінах з іншымі краінамі на
постсавецкай прасторы:
— Рэакцыя будзе негатыўнай на ўсёй постсавецкай прасторы.
Зразумела, што такія дзеянні Расіі не выклічуць пазітыўных эмоцый у дзяржавах,
якія лёгка могуць прымерыць украінскі сцэнар на сябе. Той жа Казахстан разумее,
што пры пэўных абставінах з ім могуць зрабіць тое ж самае.
Палітолаг працягвае, што з краінамі на постсавецкай прасторы
такое рашэнне (з боку афіцыйнага Мінска, калі прызнае) выльецца ў
халоднасць адносін і нежаданне супрацоўнічаць.
Казакевіч працягвае, што такім чынам Лукашэнка канчаткова
страціць сваю суб'ектнасць на знешнепалітычнай арэне і нанясе шкоду
нацыянальным інтарэсам краіны:
— Гэта самы галоўны момант. Прызнанне "ЛДНР" прывядзе да таго,
што Лукашэнка на міжнароднай арэне перастане ўспрымацца як самастойны лідар, і
нават як паўсамастойны.
Усе зафіксуюць факт, што самастойнай замежнай палітыкі ў
дзейнай улады Беларусі больш няма, яна цалкам падпарадкаваная расійскім
інтарэсам. Адпаведна, ніхто не будзе прымаць Лукашэнку як суб'ект, з якім можна
весці нейкі дыялог.
Зразумела, што і цяпер яго міжнародная суб'ектнасць вельмі
абмежаваная, але на той жа постсавецкай прасторы ён многімі прызнаваўся, па
меншай меры, для часткі краін спрабаваў дэманстраваць, што ён усё роўна яшчэ
самастойны палітык. Што ён ідзе ў расійскім фарватэры, але, тым не менш,
захоўвае нейкую аўтаномію і сам прымае нейкія рашэнні.
Прызнанне, відавочна, ідзе ў разрэз з нацыянальнымі
інтарэсамі Беларусі. Такое рашэнне будзе вельмі складана растлумачыць лагічна
нават з пункту гледжання расійскай пазіцыі, якая доўгі час пацьвярджала, што
прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. І тое ж самае рабіла Беларусь, — нагадаў палітолаг.
Вяртаючыся да ўнутраных падзеі Беларусі, ён адзначыў, што рэферэндум адбудзецца ў любым выпадку.
— Тэма рэферэндуму сыдзе цяпер на другі план, аднак прапагандысцкая машына раскручаная. Вядома ж, рэферэндум будзе, пра яго будуць гаварыць. Магчыма, у агітацыі за рэфэрэндум будуць узмацняць момант нагнятання знешнепалітычнай пагрозы, вайны.
Але гэта не значыць, што саму працэдуру адменяць. У прынцыпе, і так гэты рэферэндум нікім не ўспрымаўся, як сур'ёзная палітычная працэдура, у сэнсе волевыяўлення грамадзян або ўдзелу іх у гэтым працэсе. З пункту гледжання дэмакратычных працэдур, гэта проста адміністрацыйнае рашэнне, навязанае сілавым метадам, — падкрэсліў Казакевіч.