Вайна расійскай ганьбы. 5 фактаў пра Крымскую вайну

Крымская вайна пачалася 16 кастрычніка 1853 года. Узброены канфлікт, дзе Расійская імперыя, спадзеючыся на слабасць Турцыі, акупавала частку яе тэрыторый, але сутыкнуўшыся з кааліцыяй еўрапейскіх дзяржаў, аказалася абсалютна не ў стане весці вайну і была вымушана з ганьбай адступіць.

Карта Крыма і Чорнага мора, 1854 год

Карта Крыма і Чорнага мора, 1854 год

1. Рэлігійная напружанасць дапамагла справакаваць вайну

Хоць Крымская вайна запомнілася як сутыкненне імперый, яна была выклікана, здавалася б, нязначнай рэлігійнай спрэчкай. На працягу многіх гадоў хрысціяне праваслаўнага і каталіцкага веравызнання сварыліся з-за доступу да святых мясцін у Асманскай імперыі. І Францыя, і Расія прэтэндавалі на ролю афіцыйных абаронцаў турэцкіх хрысціян — Францыя падтрымлівала каталікоў, а Расія — праваслаўных. У 1852 годзе абедзве дзяржавы пачалі змагацца за прызнанне з боку асманскага ўрада на гэтае права.

Урад Мікалая І, які ў асабістых размовах заўсёды называў Турцыю «хворым чалавекам Еўропы», у такім становішчы паводзіў сябе вельмі нахабна. Яго нават пачалі зваць «другім султанам». Калі ж у Стамбуле ўсё ж такі асмеліліся праігнараваць некаторыя з яго патрабаванняў, ён абвясціў аб тэрміновай неабходнасці абароны праваслаўнага насельніцтва ў Турцыі, мабілізаваў сваё войска і акупаваў асманскія тэрыторыі ў Малдавіі і Валахіі. Гэта выклікала справядлівае абурэнне асман. Адмова рускага цара вывесці свае войскі з акупаваных тэрыторый прымусіла Турцыю 16 кастрычніка 1853 года абвясціць Расіі вайну.

Рускі цар Мікалай I (1825—1855)

Рускі цар Мікалай I (1825—1855)

Баючыся, што рускі цар імкнецца цалкам разбурыць Асманскую імперыю, Францыя і Вялікабрытанія следам абвясцілі Расіі вайну ў сакавіку 1854 года. Даволі хутка Крымская вайна ператварылася ў барацьбу «Вялікіх дзяржаў» за ўплыў на аслабленую Асманскую імперыю.

2. Ваявалі не толькі ў Крыме

Нягледзячы на сваю назву, Крымская вайна была глабальным, а не лакальным канфліктам. У гэтай вайны было некалькі абсалютна розных тэатраў баявых дзеянняў. Першыя сутыкненні пачалі адбывацца на Балканах і ў Турцыі. І хоць большасць самых вядомых бітваў вайны адбываліся ўсё ж такі менавіта ў Крыме, марскія сутыкненні і перыядычныя баі на сушы таксама ўспыхвалі ў такіх аддаленых месцах, як Каўказ, Чорнае, Балтыйскае і нават Белае мора. Цэнтр ваенных дзеянняў перайшоў у Крым толькі пасля таго, як саюзнікі пачалі высадку дэсанта на паўвостраў у верасні 1854 года.

Высадка дэсанта на Аландскія астравы Балтыкі, жнівень 1854 год

Высадка дэсанта на Аландскія астравы Балтыкі, жнівень 1854 год

У жніўні 1854 года французскія і брытанскія войскі нават распачалі атаку на Петрапаўлаўск-Камчацкі. І хоць Петрапаўлаўск ім узяць не ўдалося, атака выклікала такі страх у Пецярбургу, што расійскія вайскоўцы былі вымушаныя тэрмінова пакінуць горад.

3. Большая частка вайны ў Крыме прайшла ў 11-месячнай аблозе

Пасля высадкі дэсанта на Крымскі паўвостраў увосень 1854 года саюзныя войскі спачатку атрымалі буйную перамогу ў бітве на рацэ Альме, а затым аблажылі жыццёва важны для расійскага Чарнаморскага флоту Севастопаль.

Бітва пры Альме, 20 верасня 1854 год

Бітва пры Альме, 20 верасня 1854 год

І тут вайна пачынала зацягвацца. Салдаты абедзвюх армій былі змушаныя пакутаваць ад занадта халоднай для гэтых шыротаў зімы, і шмат хто з іх памёр, хутчэй, ад хвароб і маразоў, чым ад куль і снарадаў ворага. У канчатковым выніку запатрабавалася цэлых 11 месяцаў, перш чым французская атака 9 верасня 1855 года прымусіла рускіх пакінуць Севастопаль.

Атака французаў на Севастопаль

Атака французаў на Севастопаль

Падзенне горада стала сімвалічным завяршэннем Крымскай вайны, але разрозненыя баі працягваліся да таго часу, пакуль у наступным годзе Расія, нарэшце, не была вымушана прызнаць сваё паражэнне. Увесну 1856 года быў падпісаны Парыжскі мірны дагавор, які фактычна пазбавіў яе Чарнаморскага флоту. Гэта стала вялікай ганьбай для самаўпэўненай імперыі. Што характэрна, цар Мікалай да падпісання дамовы аб спыненні распачатай па яго глупстве вайны не дажыў.

4. Крымская вайна ў некаторым родзе была першым тэхналагічным канфліктам у сучасным разуменні гэтага слова

Менавіта ў гэтай вайне салдаты пачалі масава выкарыстоўваць вінтоўкі, якія вырабляліся серыйна на заводах, і высаджвацца на ўзбярэжжа на браніраваных дэсантных караблях. Брытанскія і французскія войскі звязваліся паміж Крымам і штаб-кватэрай у Парыжы па тэлеграфных лініях і пабудавалі чыгуначныя пуці для перавозкі боепрыпасаў і асабовага складу.

Новая чыгунка, пабудаваная ў Балаклаве

Новая чыгунка, пабудаваная ў Балаклаве

Расія ж проста жахліва адставала па ўсіх тэхнічных паказчыках. Таксама адбілася вечная расійская праблема: прыпіскі ў войску. Маючы на паперы да мільёна салдат, Расійская імперыя змагла выставіць толькі крыху больш за палову ад гэтай колькасці. Гэта пры тым, што да пачатку вайны рускі цар вельмі ўпэўнена лічыў сябе самым магутным манархам Еўропы, а сваё войска — цалкам непераможным.

5. Вайна дапамагла пераканаць Расію прадаць Аляску Злучаным Штатам Амерыкі

На рашэнне Расіі адмовіцца ад сваіх паўночнаамерыканскіх тэрыторый на Алясцы паўплывала некалькі фактараў, але найболей важнымі з іх сталі наступствы яе паразы ў вайне. Царскі ўрад адчайна меў патрэбу ў золаце, каб кампенсаваць велізарныя вайсковыя выдаткі. Таксама ў расійскіх эліт былі небеспадстаўныя асцярогі, што яны хутка проста не змогуць утрымліваць Аляску ў сваіх руках. Злучаныя Штаты сталі відавочным пакупніком гэтай тэрыторыі. У 1867 годзе, пасля затрымкі, выкліканай грамадзянскай вайной, дзяржсакратар Уільям Генры С'юард падпісаў здзелку аб куплі Аляскі па зніжанай цане ў 7,2 мільёна долараў, што эквівалентна ўсяго двум цэнтам за акр зямлі. Здзелка аказалася выдатнай інвестыцыяй для амерыканцаў, у будучыні там будуць знойдзены буйныя паклады золата і нафты.

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Уільям Генры С’юард

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Уільям Генры С’юард