БНР на Волзе
Падчас сталінскіх рэпрэсій некаторыя з заснавальнікаў БНР апынуліся на Саратаўшчыне, дзе іх да гэтага часу памятаюць і паважаюць.

Мясцовыя гісторыкі сцвярджаюць, што з саратаўскім краем звязаны лёс як мінімум трох заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці.
Язэп Лёсік — родны дзядзька пісьменніка Якуба Коласа
У 1930 годзе Лёсік стаў фігурантам справы «Саюза вызвалення Беларусі» і быў сасланы на пяць гадоў у горад Камышын Ніжне-Волжскага краю (так называлася тады цяперашняя Саратаўская вобласць). У 1938 годзе ўжо ў Саратаве Язэпа Лёсіка зноў арыштавалі нібыта па падазрэнні ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі. А 31 сакавіка 1940 года суд прыгаварыў яго да пяці гадоў лагераў.
Антон Луцкевіч
У 1939 годзе пасля ўваходу савецкіх войскаў у Вільню Луцкевіча затрымалі супрацоўнікі НКУС. У СССР яму далі восем год лагераў, дзе ён і загінуў. Пра дату і месца смерці Луцкевіча розныя крыніцы кажуць рознае. Па адной з версій, памёр ён 23 сакавіка 1942 года на перасылцы ў Аткарску — горадзе пад Саратавым.
Вацлаў Ластоўскі
Імя Вацлава Ластоўскага згадваюць у Саратаве найчасцей. На бераг Волгі Ластоўскі трапіў у 1930-м, калі яго арыштавалі па справе «Саюза вызвалення Беларусі».
Пазбаўлены акадэмічных рэгалій, Ластоўскі апынуўся ў зняволенні, але, як любяць казаць, часы тады былі яшчэ «вегетарыянскія». У красавіку 1931 года яго адправілі жыць на пяць гадоў у Саратаў. Там Вацлаў Усцінавіч працаўладкаваўся ў бібліятэку ўніверсітэта. А ў лістападзе ці снежні 1931 года Ластоўскага нават перавялі на пасаду старэйшага бібліятэкара ў аддзел рэдкіх і каштоўных кніг, аддзяленне рукапісаў.
Неўзабаве ссыльны акадэмік і стваральнік БНР пачаў ладзіць заняткі па павышэнні кваліфікацыі супрацоўнікаў, чытаў лекцыі па кнігазнаўстве. У 1936 годзе праграма курса выйшла нават асобнай публікацыяй.
Глядзіце таксама

Але 1937 год Ластоўскі не перажыў. Яго арыштавалі 20 жніўня. Неўзабаве, паводле адных звестак, Ластоўскага асудзілі на смяротнае пакаранне як «агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Па іншай інфармацыі, стваральніка беларускай дзяржаўнасці нібыта абвінавацілі ў паездцы ў Ватыкан, дзе ён сапраўды быў, як і ў многіх іншых «капкраінах», з'яўляючыся ў пачатку 1920-х свайго роду «паўпрэдам» БНР.
Падрабязнасці смерці Ластоўскага ўсплылі ў 1990-м, калі ў Мінску на хвалі перабудоўнай галоснасці і цікавасці да гісторыі згадалі стваральнікаў БНР. У Саратаў з Мінска камандзіравалі нават асобную групу з Белтэлебачання з мэтай сабраць матэрыялы пра рэпрэсаванага суайчынніка.
На шчасце, на той момант была яшчэ жывая Вера Артысевіч. Менавіта яна ў далёкім 1932-м пагадзілася, каб ссыльнага беларускага навукоўцу ўзялі на працу ў бібліятэку.
Пасля сустрэчы з мінскім рэжысёрам Сухоцкім Артысевіч напісала ў архіў саратаўскага КДБ запыт наконт вывучэння матэрыялаў справы Вацлава Ластоўскага. Спачатку ёй было адмоўлена ў доступе да папер, але праз тры гады яна змагла дабіцца з органаў адказу
З атрыманага дакументу вынікала, што Вацлаў Ластоўскі паводле прыгавору Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР быў расстраляны 23 студзеня 1938 года. А 16 верасня 1958 года, у перыяд адлігі, яго рэабілітавалі.
У адказе з органаў утрымлівалася таксама інфармацыя аб жонцы Вацлава Усціновіча — Станіславе Пятроўне Ластоўскай, якая на момант рэабілітацыі пражывала па вуліцы Вялікая Горная. Гэта значыць, што пасля смерці мужа яна больш за 20 гадоў пражыла ў Саратаве.
Дом на скрыжаванні Вялікай Горнай і Саборнай (Камунарнай), дзе жылі Ластоўскія, не захаваўся — у канцы 1970-х тут пабудавалі шматпавярховік. Пры гэтым двор дома на Вялікай Нагорнай яшчэ з 80-х гадоў упрыгожваюць мудрагелістыя жывёлы ў духу правінцыйнага двор-арта. Некаторыя з іх нагадваюць зуброў, што дало тутэйшым гісторыкам падставу для незвычайных высноў.
Як іранічна адзначыў у адной з публікацый Антон Морван, адзін з саратаўскіх краязнаўцаў, гэтыя «зубры», магчыма, служаць ролю часовага эрзаца будучай памятнай шыльды аб тым, што некалі тут мешкалі Ластоўскія.
Антон Морван: «Дабрадушныя захавальнікі постсавецкага ўрбаністычнага апакаліпсісу ў выглядзе фігурак зуброў нагадваюць жыхарам Саратава пра Беларусь, якая з'явілася на карце свету шмат у чым дзякуючы сціпламу саратаўскаму бібліятэкару».