Асобная думка. Воля, якой ніколі не было
25 сакавіка частка беларусаў у чарговы раз адсвяткуе Дзень Волі. Гэты дзень, здаецца, мусіць аб’ядноўваць усіх грамадзян краіны ідэямі яе незалежнасці і суб’ектнасці. Але ж на справе дзясяткаў гадоў 25 сакавіка суправаджаецца жорсткімі рэпрэсіямі і катэгарычным адмаўленнем афіцыйнай уладай гістарычнасці падзей, што адбыліся ў 1918-м. Ці стане калісьці гэты дзень натуральным агульным святам, а не толькі апазіцыйным Днём прывіднай Волі?

Адзначэнне #БНР100. Мінск, 2018 год. Архіўне фота, Дзіяна Пінчук
Я не збіраюся сёння палемізаваць пра старажытную гісторыю Беларусі і ці была наша краіна калі-небудзь сапраўды вольнай і незалежнай — на гэты конт ёсць і будзе шмат меркаванняў ад самых розных паважаных і не вельмі даследчыкаў. Неаспрэчна, на мой погляд, тое, што цягам мінімум апошніх трох стагоддзяў аніякай Воляй на Беларусі нават і не пахла. Знішчаліся рэлігійныя погляды і храмы, людзей адрывалі ад сваёй зямлі ды перасялялі за тысячы кіламетраў, культурную спадчыну перакройвалі пад асабістыя патрэбы і погляды і нават саму краіну дралі на кавалкі ў адпаведнасці з палітычнай мэтазгоднасцю бягучага моманту. Ні аб якой Волі гаворкі і быць не магло, бо імперскія выбрыкі ўсходняга суседу адчуваюцца і дагэтуль.
Глядзіце таксама

Тым не менш, падзеі 1918 году і ўсе тры Устаўныя Граматы Рады БНР асабіста для мяне маюць вельмі вялікае значэнне. Беларусь была абвешчана незалежнай рэспублікай, і гэта сталася першай за некалькі стагоддзяў спробай цывілізаваным шляхам дабіцца суб’ектнасці краіны. Сёння тыя падзеі афіцыйныя ўлады лёгка і нядбайна спрабуюць прадставіць як нешта недарэчнае і не вартае ўвагі: маўляў, іх народ не падтрымаў, бо як адзін імкнуўся ў светлую будучыню пад сцягамі бальшавікоў. Гісторыя Слуцкага збройнага чыну гэта яскрава аспрэчвае ды пакідае шмат пытанняў наконт еднасці імкненняў народу.
Безумоўна, у сучасных рэаліях варты адзначэння і павагі той факт, што чальцы тагачаснай Рады БНР здолелі пераадолець свае розныя погляды ды спрэчкі дзеля агульнай справы. Сённяшнім палітычным дзеячам, ладзячым бясконцыя панэлі з канферэнцыямі, гэта вой як неабходна. Так што падзеі 25 сакавіка 1918 году вартыя памяці і ёсць вельмі заўважным крокам да сапраўднай незалежнасці і Волі.
Незалежная і вольная краіна складаецца з незалежных і вольных людзей, але ж афіцыйныя ўлады жорстка і цынічна адмаўляюць людзям у базавым праве вольна абіраць свой светапогляд, мець і ствараць каштоўнасці, якія адрозніваюцца ад стандартных «чаркі-шкваркі» ды дзяржаўных сімвалах на кожным куце. Ніякай Волі ў сучаснай Беларусі няма, як не было яе і дагэтуль. Мы ўсе памятаем, што падчас святкаванняў 25 сакавіка штогод не абыходзілася без затрыманняў і збіццяў.
Беларусы ніколі не ведалі што такое Воля і святкаванне гэтага Дня — гэта такі наш своеасаблівы аванс самім сабе. І толькі ад нас залежыць, ці атрымаем мы «заробак», ці заслужым яго, ці не пашкадуем на гэта высілкаў і пэўных ахвяр. Ну і самае галоўнае: а ўвогуле ёсць гэтыя самыя «мы» ці ёсць толькі адзінкі, якія не шкадуюць сябе ў гэтай барацьбе за ўсіх астатніх?
Прага да Волі не з’яўляецца сама па сабе, шмат хто абыходзіцца без гэтага «шкоднага пачуцця» і нармальна жыве. А ёсць яшчэ шмат людзей, якія проста баяцца ўзняць свой голас, бо «ў мяне ж сям’я, праца і крэдыты». Выбар зрабіць давядзецца кожнаму. І многія яго ўжо зрабілі. Ну а тым, хто пакуль хістаецца трэба памятаць, што проста седзячы і гледзячы на мяшок з бульбай можна памерці з голаду, бо дранік сам сябе не прыгатуе.