"У той дзень усе па-беларуску размаўлялі". Як палітвязні адзначалі Дзень Волі ў няволі

 Дзень Волі застаецца асаблівай датай для многіх беларусаў, нават у турэмных сценах і калоніях, дзе любое праяўленне салідарнасці можа стаць падставай для пакарання. Нягледзячы на рызыкі пераследу і ціск з боку адміністрацыі, некаторыя палітзняволеныя знаходзілі магчымасці выказаць сваю павагу да ідэалаў незалежнасці і свабоды. Былыя палітзняволеныя распавялі "Вясне", як знаходзілі спосабы нават за кратамі адзначыць угодкі абвяшчэння незалежнай вольнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

"На стале расклалі сурвэткі, на якія паклалі бел-чырвона-белую пасцілу" 

Актывістка Ірына Шчасная сустрэла ў няволі чатыры Дня Волі — з 2021-га і па 2024-ы год. Найбольш запамінальным і адметным быў першы год зняволення ў засценках СІЗА № 1:

"Гэта была "Валадарка", камера № 86. Там была я, Ксенія Луцкіна, іншыя палітычныя дзяўчаты, а таксама так званая "мнагакратніца", якая ўжо шмат гадоў сядзела па артыкулах за забойства, і жанчына, якая сядзела за нясплату аліментаў.

Мы з дзяўчатамі вырашылі, што гэтае свята трэба адзначаць. Ва ўмовах "Валадаркі" гэта было складана неяк зрабіць, але ж мы прыдумалі. Мы вырашылі, калі 25-га сакавіка а восьмай раніцы прыйдзе праверка, мы ўсе будзем стаяць у белых цішотках. У мяне была майка з беларускім арнаментам, студэнтка Янка Арабейка намалявала і зрабіла ўсім кветкі для валасоў. Тая жанчына-рэцэдывістка, якая шмат гадоў прасядзела і ў Рэчыцы і ў Гомелі [у калоніі № 4 і № 24] казала: "Дзеўкі, колькі сяджу, такога не бачыла! На што вы мяне падпісываеце?!" А тая жанчына, якая сядзела за аліменты, была вельмі спітай і нават не ўсведамляла, што адбываецца. Апроч гэтага, мы перагрукваліся з суседнімі камерамі і казалі пра тое, што неабходна святкаваць Дзень Волі. 

Глядзіце таксама

І вось дзень Х настаў: а восьмай раніцы ў камеру заходзіць праверка, а мы ўсе стаім у белых цішотках, нехта з арнаментам, усе з кветкамі ў валасах. На стале мы расклалі белыя сурвэткі, на якую паклалі знакамітую бел-чырвона-белую пасцілу. Але нам патрапілася дурная змена — да нас прыйшоў вельмі паскудны карпусны. Калі ён гэта ўсё пабачыў, пачаў крычаць, хто гэта прыдумаў, навошта мы гэта робім. Потым проста зачыніў дзверы з лязгам. Нам прызначылі пакаранне — мы ўвесь дзень цягалі свае рэчы па калідорах СІЗА. А ўвечары нашу камеру раскідалі па розных камерах, таму што ім не спадабалася ў нас гэтае свята". 

Узгадала Ірына і наступны Дзень Волі, які яна сустрэла ўжо ў гомельскай калоніі № 4:

"Не ведаю, ці супадзенне, ці наўмысна прыйшлі два супрацоўнікі аператыўнага аддзела Зюзін і Ганчароў і зладзілі бясчынства з маімі рэчамі. Яны скінулі ўсе мае рэчы ў адзіную кучу. Ім было не важна, ці то былі сігарэты, ці то пракладкі, ці то лісты, ці то ежа. Проста ўсе мае рэчы ператварыліся ў вялікую кучу. Я глядзела на гэта і ў мяне цяклі слёзы, я не ведала, як мне разабраць усе свае рэчы". 

"У той дзень усе па-беларуску размаўлялі"

Алесь Папковіч. Фота "Медыязона"

Алесь Папковіч. Фота "Медыязона"

МузыкаАлесь Папковічу калоніі № 3 адзначыў два Дні Волі — у 2023-м і 2024-м:

"У 2023-м Дзень Волі выпаў на суботу. Памятаю, быў вельмі напружаны дзень. Тады ў нас мусілі быць званкі родным, але іх забаранілі, бо баяліся, можа там недзе людзі на пратэсты выходзяць... Наогул, у падобныя дні, як у гадавіну выбараў 9 жніўня, напружана ўсё. Там усе палітвязні на паранойі, нервова ставяцца да ўсяго, хаваюцца, нават паміж сабой некаторыя баяліся камунікаваць. Такія абставіны цяжкія, таму камусьці і не Дня Волі... Я аднойчы нават забыўся на свой Дзень народзінаў там!

У 2024-м атрымалася неяк адзначыць. Можа гэта было не 25-га, а 26-га, але ўсё роўна папілі гарбаты са зняволенымі за Дзень Волі. На пытанні кантралёраў мы адказвалі, што адзначаем кагосьці Дзень народзінаў. У аднаго нават была бел-чырвона-белая пасціла. У той дзень усе па-беларуску размаўлялі, бо так размаўляць у калоніі на ёй небяспечна. Прыемна, што было шмат свядомых людзей, яны імкнуцца да беларускасці, для іх сапраўды гэта важны дзень. Былі людзі, з якімі можна было пагаварыць і за гісторыю, і пра ўсё... Людзі, калі трапляюць у такія ўмовы, больш пачынаюць цікавіцца гэтым усім. У калоніі ў бібліятэцы была кніга Міхаіла Галдзянкова "Страчаная Русь" — і ўсе чыталі гісторыю Беларусі, праўда, у інтэрпрэтацыі гэтага гісторыка. Сітуацыя цяжкая, але неяк спрабавалі гэтыя дні адзначыць".

Алесь звяртае ўвагу, што ўмовы ўтрымання ў калоніі ў многім залежаць ад атрада, у якім ты апынуўся. 

"У СІЗА мы рабілі выгляд, што п'ем за свята" 

Асуджаная па "справе студэнтаў" выкладчыца Вольга Філатчанкава таксама святкавала Дзень Волі ў няволі. Яна ўзгадала самыя яскравыя моманты:

"У СІЗА ў 2021 годзе мы рабілі выгляд, што п'ем за свята. Мы бралі рознакаляровыя жэлейныя цукеркі "Бешеная пчёлка". Чырвоненькія — гэта было віно, зялёныя — абсэнт, нешта яшчэ — чача. Чокаліся і пілі нібыта.

Насамрэч, з "Валадаркі" шмат каго перакінулі на Жодзіна, акурат перад Днём Волі, таму было крыху сумна. І яшчэ прыслухоўваліся на прагулцы да гукаў звонку, гадалі: ці выйшлі людзі? 

Глядзіце таксама

А ў 2022 годзе я ўжо была на зоне. Там, канешне, віншавалі адна адну ў так званым жоўтым кружочку ці ў атрадзе. Вядома, шэптам, каб ніхто з непатрэбных не чуў. Тыя, хто быў у 2021-м яшчэ на волі ўзгадвалі, што людзі ўсё ж выйшлі ў Мінску. Але ў 2022 годзе акурат у той час амаль усю павестку займала вайна ва Украіне, таму гэтая тэма і на Дзень Волі больш абмяркоўвалася.

Памятаю, што большасць верыла, што прыйдзе час і мы ўсе выйдзем з нашымі любімымі бел-чырвона-белымі сцягамі на 25 сакавіка і адзначым, як мае быць. Але ніхто нават і падумаць тады не мог, што выходзіць давядзецца ў іншых краінах..."

"Дастаў торты і распавёў пра Дзень Волі"

Былы палітзняволены Леў (імя зменена ў мэтах бяспекі) распавёў пра Дзень Волі ў брэсцкім СІЗА № 7 у 2021 годзе:

"Яшчэ днём 24 сакавіка я пачаў гатаваць торты на Дзень Волі, загадзя закупіўшы вафельныя каржы і згушчонку ў атаварцы.

Мая камера была не палітычная, акрамя мяне з палітычных былі толькі каментатар па “справе Зельцара” і пенсіянер, астатнія — "п'янае стырно", наркотыкі, крадзеж, аліменты і г.д. Мяне закінулі ў камеру да тых людзей, якім нічога не перадавалі сваякі. 

Я правёў лікбез па Дню Волі, бо пра яго ведаў толькі я, нягледзячы на тое, што ў камеры яшчэ былі палітычныя.

У гэты дзень адзін з сукамернікаў (правакатар і стукач), у ходзе размовы з прадольным міліцыянерам, які прасіў не ляжаць на ложку, паслаў апошняга дарогай "рускага карабля". Прадольны не расчуўшы дарогу, запытаў у іншага сукамерніка, што той сказаў. І пачуў яшчэ раз, што вязень паслаў прадольнага да "рускага карабля". Прадольны пастаяў троху каля дзвярэй з сумным відам і сышоў кудысьці на паўгадзіны. Праз пэўны час рэзка адчыняюцца дзверы і ў камеру заходзяць міліцыянеры з дубінкамі і сабакам. Ідэнтыфікаваўшы, хто размаўляў з прадольным, яго выводзяць з камеры і пачынаюць біць, каб уся астатняя камера гэтага не бачыла, але чула. У ходзе біцця гэты правакатар кажа аб тым, што гэта не ён паслаў прадольнага, а іншы сукамернік, што было няпраўдай. У выніку выводзяць усю камеру і пачынаюць біць іншага хлусліва названага сукамерніка. Я перажываю за тарты і думаю, што зараз я магу зарабіць сабе арт. 364 КК (заўв. – гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), бо буду біць у адказ, але да мяне чарга не дайшла – адміністрацыя спынілася на двух вышэйназваных сукамерніках.

У такой атмасферы мы сустрэлі 25-е сакавіка. Сюды дадаліся абставіны, што праз Дзень Волі адміністрацыя СІЗА па загаду Дэпартамента выканання пакаранняў забараніла сядзець на “нарах”, бо нібыта гэта забаронена ПУР. Гэта прайшло бы незаўважна, калі б не тое, што ў камеры не было лаўкі. То бок нам нават, каб паесці трэба было садзіцца на “нары”, бо іншага варыянту не было. Нам дазволілі садзіцца на нару толькі пры абедзе, вячэры, у астатні час мы павінны былі стаяць. Мне гэта надакучыла і я прадольнаму паведаміў, што гэта катаванне, і я саджуся на нару. Ён патлумачыў, што ў іх ёсць ШІЗА. Я сказаў, што я там ужо быў, і што там ёсць хоць лаўка і можна не адкладаць, і ўжо мяне туды весці, на што ён дадаў, што застаўся самы маленькі і горшы ШІЗА – з цвіллю і без акна. Я сказаў, што я там ужо сядзеў і мяне гэта не страшыць. Прадольны пайшоў за тлумачэннямі да адміністрацыі.

У выніку дазволілі сядзець не больш тром чалавекам на “нары”, а астатнія павінны стаяць – і так мяняцца. Я сказаў, што я буду сядзець на “нарах”, а астатнія могуць далучыцца да мяне і ігнорыць гэтую лічбу ў тры чалавекі. Не ўсе жадаюць у камеры супраціўляцца адміністрацыі і некаторыя пагаджаюцца так стаяць, без лішніх пытанняў. 

Але, паглядзеўшы на мяне, з цягам часу селі на “нары” ўсе. Потым я дастаў тарты, якія захаваліся ў такіх абставінах, зноў распавёў пра Дзень Волі, правёў экзамены на веданне таго, што я сказаў, і дазволіў пачаставацца маімі тартамі ўсёй камерай".