Затрыманні па справе «Беларускага Гаюна» і папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Хронікі рэпрэсій 25 сакавіка

Сёння ў Беларусі некалькі чалавек былі затрыманыя па крымінальных справах. Паводле папярэдняй інфармацыі «Вясны», затрыманні прайшлі па справе праекта «Беларускі Гаюн». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 25 сакавіка.

1_1097_1.png

Колькі чалавек было затрымана 25 сакавіка па справе «Беларускага Гаюна» і па якіх артыкулах —праваабаронцы не ўдакладняюць.

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы праект, які вывучаў актыўнасць расейскіх войскаў у Беларусі. У лютым невядомыя атрымалі доступ да чату, куды бот праекта перанакіроўваў паведамленні ад інфарматараў. Пасля гэтага праект заявіў аб спыненні працы. Вядома як мінімум аб адным затрыманні па гэтай справе -- блізкі да сілавікоў канал публікаваў відэа з 42-гадовым Максімам Нікіценкам з Мазыра. Сцвярджалася, што ён быў звязаны з «Гаюном».

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі Славы Камісаранкі і кнігу пра Лукашэнку

Гаворка пра афіцыйны сайт стэндап-коміка slavakomissarenko.com, яго старонкі ў Instagram і YouTube. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Магілёва 20 сакавіка.

Раней у Беларусі Славу Камісаранку завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі, а пасля дадалі ў спіс «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў».

Суд Цэнтральнага раёну Мінска 18 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу пра Лукашэнку «Случайный президент». Яе суаўтары — Павел Шарамет і Святлана Калінкіна. Кніга выйшла ў выдавецтве «Лімбус Прэс» у Санкт-Пецярбургу ў 2004 годзе.

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс дададзены:

рэсурсы «Арт Сядзiбы», у тым ліку старонкі праекту ў Soundcloud, Facebook, «Укантакце», YouTube;

суполка ў «Аднакласніках» «Сэрца беларуса — мова беларуса!»;

старонкі ў Instagram «Бульбяная Баба», Polesie United, «Беларусы ў Варшаве», milafirefly (разам з лагатыпам), oleg.razhkou, businessladies_abroad;

суполкі і старонкі ў «Аднакласніках» «Типичный Слоним», «Несвиж», «По Пиццот», «Пинск: Блошиный рынок: Объявления», «Отделочные работы Барановичи и вся Беларусь»;

відэаролік, размешчаны ў Youtube, з назвай «Беларусь vs „Русский мир“_ сопротивление хватке Кремля — Дмитрий Мицкевич»;

старонкі ў Facebook «Волечка Народная», Alliance of Belarusian Business Ladies — ABBL;

TikTok-акаўнт ancetosca;

сайт і сацыяльныя сеткі бізнес-прэміі Free Belarus Business Award;

старонка ў Х Ernie Barbarash.

Сёння — чацвёртая гадавіна затрымання Анджэя Пачобута

Анджэй Пачобут — палітвязень, журналіст і актывіст забароненага ўладамі Саюза палякаў Беларусі.. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус.

Працэс над  Пачобутам пачаўся 16 студзеня 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Ажыццяўленне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і ажыццяўленне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і прысудзіў яму 8 гадоў зняволення з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Беларускія ўлады дадалі Пачобута ў «спіс тэрарыстаў».

Анджэй Пачобут адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку. Вядома, што ўвесь час на яго аказваецца ціск. Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым палітвязня змяшчалі ў карцар. Журналісту практычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.

Вызвалення Пачобута патрабуюць у тым ліку і польскія ўлады.

Адрас утрымання: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Пачобут Андрэй Станіслававіч.