У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек. Хронікі рэпрэсій 27 сакавіка
На 27 сакавіка КДБ і МУС прызналі ў Беларусі 269 «экстрэмісцкіх фармаванняў». Паводле інфармацыі «Вясны», за «стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» ў Беларусі асудзілі мінімум 258 чалавек, 58 з іх — завочна. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 27 сакавіка.

Хто трапляе пад крымінальны пераслед за «экстрэмізм», якія змены ў заканадаўстве яго ўзмацнілі, што рабіць у выпадку ўзбуджэння справы і арышту маёмасці вы можаце прачытаць у матэрыяле «Вясны».
СК рыхтуе крымінальныя справы супраць удзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой
Прапагандысты паведамляюць, што апазнаны 260 удзельнікаў акцый да Дня Волі ў Беластоку, Пазнані, Варшаве, Уроцлаве, Вільне, Берліне, Філадэльфіі, Чыкага, Альберце і Маямі. Пры гэтым, 98 чалавек раней у поле зроку сілавікоў не траплялі.
У Гародні затрымалі мужчыну, які ў 2020-м быў асуджаны за пратэсты
Як паведамляе МУС, мужчыну спынілі ў Гародні — дакументаў пры ім не было, таму яму прапанавалі прайсці ў пастарунак. Беларус аказаў супраціў міліцыянтам і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з іх руку.
Паводле @nebovkletku, затрыманы — верагодна, Мікіта Самарын
У снежні 2020 года яго асудзілі да 4 гадоў «хіміі» за тое, што ён нібыта распыліў газ у твар амапаўцу 25 жніўня 2020 года.
Пасля затрымання 5 кастрычніка 2020 года Мікіту кінулі ў мікрааўтобус у кайданках, зацягнутых вышэй кісцяў на запясце — у яго засталіся шнары ад рэзаных ран. Прама ў аўтобусе Самарыну нажом абрэзалі доўгія валасы. У ГУБАЗіКу яму загадалі даць паказанні пад пагрозай вывезці ў лес і завядзеннем крымінальнай справы на затрыманага з ім сябра.
У сакавіку 2021-га году хлопцу замянілі прысуд на 2,5 года калоніі. Сам Мікіта ў суд не з’явіўся.
Мікіта з'ехаў з Беларусі, але потым вярнуўся дадому.
Супраць праваабаронцы Судаленкі распачалі новую крымінальную справу
Следчы камітэт распачаў новую крымінальную справу ў дачыненні да былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Ён абвінавачваецца ў садзейнічанні» экстрэмісцкай дзейнасці (арт.361-4 КК).
26 сакавіка па месцы рэгістрацыі Судаленкі прыходзілі некалькі сілавікоў, у тым ліку пракурор, каб у прысутнасці панятых скласці акт аб яго адсутнасці дома.
«Я буду працягваць працу на міжнароднай арэне і звяртацца да ўсяго свету ў барацьбе з рэжымам, які парушае правы і свабоды беларусаў. Да тэрміну ў 5 гадоў мне хочуць дадаць яшчэ 7, а потым так і да 30 магчымых у Беларусі гадоў пазбаўлення волі, але гэтым мяне ўжо не спыніць, таму што мае перакананні — у праўдзе», — заявіў Судаленка.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Wild Division», «РОНІНИ», «Беларусы Познані ׀ Poznan», «Беларускі інстытут публічнай гісторыі», «СЧТН», «BY_UA акции и события белорусов в Украине»;
- Instagram старонка «Centrum obslugi cudzoziemcow Irina Vorochkova»;
- YouTube-канал «Вячеслав Вячеславович Яковчик»;
- Старонкі ва «Укантакце» «Федор Шмиголь», «Беларусь/Новости/NEXTA Live»;
- Старонкі ў «Х» «JP», «Барыс Фішар», «БЕЛА(вешкін анд)РУСЬ», «Вестник бури», «Русофобия в Беларуси», «Вячаслау Сікора», «Артемий Троицкий», «АГ-Астрахвізык Глыбоччыны», «Petrenko Andryi (Ukraine)»;
- Старонка ў Аднакласніках «Светлана Тихановская», «Мы в Пинске», «Ликбез па Беларуску».
Таксама прызналі «экстрэмісцкай» старонку ў «Х» амерыканскага кінарэжысёра Эрні Барбараша, які падтрымлівае беларускіх палітвязняў.
Эрні — амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар. Амаль кожны дзень у сваім «Х» і іншых сацсетках ён публікуе кароткую гісторыю аднаго з беларускіх палітвязняў і спосабы іх падтрымкі. Кінарэжысёр таксама далучыўся да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі і зрабіў мазаіку з карціны «Узяцце Бастыліі», выкарыстаўшы фотаздымкі вязняў.
Камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе раскрытыкавала сітуацыю ў Беларусі
Камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF) у сваім новым дакладзе 2025 года адзначыла, што стан рэлігійнай свабоды ў Беларусі пагаршаецца, піша Хрысціянская Візія.
У прыватнасці, было адзначана наступнае:
Рэлігійныя арганізацыі ў Беларусі пачалі працэс дзяржаўнай перарэгістрацыі пасля прыняцця ў 2023 годзе новага закона аб рэлігіі, які патрабуе ад іх перарэгістравацца да ліпеня 2025 года, інакш ім пагражае ліквідацыя. Закон паўтарыў і мадыфікаваў некалькі абмежавальных артыкулаў папярэдняга закона і ўвёў новыя патрабаванні і абмежаванні для рэлігійных абшчын. У лютым Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні аб свабодзе рэлігіі або перакананняў Назіла Ганеа і два іншых спецыяльных дакладчыка раскрытыкавалі закон за неадпаведнасць міжнародным юрыдычным абавязацельствам краіны.
Таксама выклікаюць занепакоенасць іншыя падзеі апошніх гадоў, у тым ліку забарона рэлігійнага кантэнту і кантэнту, звязанага са свабодай рэлігіі або перакананняў як «экстрэмісцкага», а таксама затрыманне рэлігійных дзеячаў за іх меркаваную палітычную дзейнасць.