Грамадзяніна Ізраіля затрымалі ў Беларусі за «экстрэмісцкія падпіскі», у няволі яго катавалі. Хронікі рэпрэсій 26 сакавіка
Як паведамляе ізраільскае выданне Ynet, грамадзянін Ізраіля, які прыехаў у Беларусь з жонкай і дзецьмі, быў затрыманы і прайшоў праз цяжкія фізічныя і псіхалагічныя катаванні, яго марылі голадам, піша Наша Ніва. Цяпер ён вызвалены і вярнуўся ў Ізраіль. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 26 сакавіка.

Імя пацярпелага па просьбе ягонай сям'і не называецца. Затрымалі ж яго ў пачатку лютага за «падпіску на экстрэмісцкі кантэнт», то-бок на фэйсбук-суполку, дзе абмяркоўвалі жыццё ў Ізраілі і Беларусі.
Сваякі лічаць, што сапраўднай прычынай арышту мужчыны стаў удзел ягонага сына ў дэманстрацыі ў Ізраілі ў падтрымку беларускай апазіцыі.
Пасля арышту сувязь з мужчынам перапынілася, ён быў адпраўлены на 15 сутак у ізалятар, дзе яго марылі голадам і прымянялі іншыя метады катавання.
Беларускія ўлады канфіскавалі дакументы ізраільцяніна, але пазней ён атрымаў часовы пашпарт у пасольстве Ізраіля і вярнуўся дадому.
У ААН занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі ў беларускіх турмах
Незалежныя эксперты па правах чалавека, сярод якіх Нільс Муйжніекс, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ды працоўныя групы па адвольных затрыманнях і гвалтоўных знікненнях 26 сакавіка заклікалі беларускія ўлады зрабіць захады ў сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з жанчынамі, што ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях.
Яны выказалі трывогу з нагоды небяспечнага для жыцця стану палітзняволенай Вікторыі Кульшы, былой адміністратаркі Telegram-канала «97%», затрыманай восенню 2020 года і пасля асуджанай на чатыры з паловай гады калоніі.
Эксперты таксама выказалі занепакоенасць з нагоды трох жанчын-зняволеных сталага веку — Алены Гнаук, Вольгі Маёравай ды Ірыны Такарчук, — асуджаных у межах рэпрэсій, што разгортваюцца з 2020 года.
Жанчыну, якая пасля выступлення Луганскага тэатра ў Мінску выгукнула «Слава Украіне!», арыштавалі на 20 сутак
Пра гэта паведамляюць прапагандысты.
Ірыну Саланкову абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несакнцыянаванае пікетаванне) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам). Прапагандысты сцвярджаюць, што жанчына выгукнула «Слава Украіне!», бо «падтрымлівае народ Украіны, а словы гэтыя, на яе думку, гэта "пажаданні росквіту Украіне"».
Таксама сцвярджаецца, што жанчына «не падпарадкавалася міліцыянтам» і яе заносілі ў машыну ажно чатыры супрацоўнікі.
Палітзняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту яшчэ на паўгода працягнулі рэжым утрымання ў ПКТ
Гродзенскі журналіст знаходзіцца за кратамі ўжо роўна чатыры гады. 8 лютага 2023 года яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск.
Пра тое, што Пачобута чарговы раз пакаралі ўтрыманнем у найбольш жорсткіх умовах зняволення ў памяшканні камернага тыпу, паведаміў (https://t.me/c/1548006845/7369) тг-канал «Право имеют».
Журналісту неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне пра памілаванне, але ён не пагаджаўся. Пра гэта вядома ад былых зняволеных, якія адбывалі тэрмін прысуду разам з ім у калоніі.
Месца ўтрымання палітвязня: ПК № 1. 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8
Палітвязню Мікіту Емяльянаву, які мусіў выйсці на волю ў гэтым годзе, дадалі год зняволення
Актывіста анархічнага руху ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск.
Напачатку лютага ў Гродне яго зноў асудзілі паводле арт. 411 КК. Суддзя Кірыл Ефімовіч прызначыў хлопцу яшчэ год пазбаўлення волі. Агульны тэрмін зняволення Мікіты цяпер складае сем гадоў.
Гарадзенца асудзілі на 1,5 года «хіміі» за ўхіленне ад вайсковай службы
За ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу 26-гадовы гарадзенец атрымаў паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У траўні 2023 года ён з'ехаў Літву. Пазней яго затрымалі ў Расіі і выдалі беларускім уладам.