Чарговае абмежаванне інтэрнэту і затрыманне жанчыны ў філармоніі. Хронікі рэпрэсій 24 сакавіка

 Як паведаміў «Hoster.by», паводле распараджэння Аператыўна-аналітычнага цэнтра абмежаванні пачнуцца з 19:00 24 сакавіка па 23:59 25 сакавіка. Як у дзень «выбараў», большасць беларускіх старонак і сэрвісаў будуць недасяжныя з-за мяжы. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 24 сакавіка.

1_1097_1.png

Нагадаем, на 25 сакавіка, калі прадэмакратычная грамадскасць адзначае чарговыя ўгодкі заснавання БНР — Дзень Волі — Аляксандр Лукашэнка прызначыў сваю сёмую інаўгурацыю. Паведамляецца, што абмежаванне інтэрнэту паводле распараджэння ААЦ пачнецца з 19:00 24 сакавіка і працягнецца да 23:59 25 сакавіка. Мэтазгоднасць гэтага кроку тлумачыцца «неабходнасцю абароны ад патэнцыйных пагроз аб'ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем». 

*****

Праўладныя тг-каналы пішуць пра затрыманне жанчыны, якая ўчора выгукнула «Слава Украіне!» у мінскай Філармоніі. Гэта адбылося пасля выступу Луганскага тэатра, які прывёз у Беларусь рок-оперу «Распятае юнацтва» пра падпольную арганізацыю «Маладая гвардыя», піша Еўрарадыё.

У чым абвінавачваюць жанчыну — пакуль невядома. 

*****

Гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука ў Беларусі абвясцілі ў вышук. Аб гэтым былы палітвязень паведаміў у сваіх сацсетках. Фотаздымак мужчыны з'явіўся на інфармацыйнай дошцы каля аднаго з аддзяленняў міліцыі. 

Вадзіма абвінавачваюць паводле ч. 1,2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі) Крымінальнага кодэкса.

Нагадаем, зімою 2021 года Вадзіма Ермашука асудзілі за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК) і «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) на 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Былы палітвязень выйшаў на волю летам 2024 года і з'ехаў з Беларусі.

*****

Чарговае папаўненне ў Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў:

  • Групы ў Telegram: «ХЗ.ХалезинЗнает», «BY_UA, бизнес, ФОП, ВНЖ и работа, банковские карты и прочее», «АЧК-ЧАТ», «Группа активных кибер-партизан», «Беларусы Латвіі», «Білоруські ІТ-фахівці в Україні», «Беларуские беженцы Польши».
  • Групы «Сэрца беларуса — мова беларуса!» і «Типичный Слоним» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».

*****

Праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай з нагоды інаўгурацыі А.Лукашэнкі.

«Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, што адбыліся 26 студзеня 2025 года, не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Яны праходзілі ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека, у атмасферы татальнага страху, выкліканага рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя, апазіцыі ды ўсіх іншадумцаў».

Праваабаронцы адзначаюць, што выбарчы працэс быў арганізаваны выключна для імітацыі шырокай народнай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі і пацвярджэння легітымнасці яго рэжыму. Пра гэта сведчаць наступныя факты:

  • непразрыстае фармаванне выбарчых камісій выключна з прадстаўнікоў кантраляваных уладамі структур, 
  • прымусовая ліквідацыя ўсіх апазіцыйных палітычных партый, 
  • рэгістрацыя толькі тых кандыдатаў, што падтрымліваюць дзейны рэжым і не крытыкуюць ягоны палітычны курс, 
  • нядопуск да выбараў прадстаўнікоў апазіцыі шляхам іх крымінальнага пераследу, пазбаўлення права голасу, забароны іх аб'яднанняў, абвяшчэння іх экстрэмісцкімі ды прымусу да эміграцыі, 
  • пазбаўленне магчымасці прагаласаваць грамадзянам, што жывуць за межамі Беларусі,
  • прымусовы збор подпісаў і мабілізацыя выбаршчыкаў з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу.

Уціск свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, а таксама адсутнасць незалежнага назірання пазбавілі грамадзян Беларусі магчымасці свабодна ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Усё гэта сведчыць, што дзяржаўная ўлада ўтрымліваецца Аляксандрам Лукашэнкам неканстытуцыйным шляхам.

«У той жа час, нягледзячы на адсутнасць дэмакратычнай легітымнасці, рэжым А. Лукашэнкі працягвае ажыццяўляць эфектыўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, уключна з дзяржаўнымі інстытутамі, і, такім чынам, з'яўляецца дэ-факта ўладай на гэтай тэрыторыі. У сваю чаргу, гэта накладвае на прадстаўнікоў улады ўсю поўнасць абавязальніцтваў па выкананні правоў чалавека, прадугледжаных Канстытуцыяй і міжнародным правам», адзначаюць праваабаронцы.

Фактычнае кіраўніцтва Беларусі нясе поўную адказнасць за грубыя і масавыя парушэнні правоў чалавека, шэраг з якіх кваліфікаваныя Групай незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі як злачынствы супраць чалавечнасці, уключна з крымінальным пераследам грамадзян паводле палітычных матываў, ужываннем катаванняў ды іншага забароненага абыходжання, уціску свабоды слова, сходаў і асацыяцый. Гэтыя злачынствы не могуць заставацца беспакаранымі і мусяць стаць прадметам судовага разбору як у межах міжнародных механізмаў, так і на ўнутрыдзяржаўным узроўні.

Праваабаронцы звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам засноўваць сваю палітыку ў дачыненні да беларускіх уладаў на падставе пералічаных фактаў, не дапускаючы захадаў па падтрымцы і ўзмацненні рэжыму А. Лукашэнкі, падтрымліваючы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, беларускую грамадзянскую супольнасць, і выкарыстоўваць усе дасяжныя дыпламатычныя сродкі для аказання ўплыву на ўлады Беларусі з мэтай спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў.