У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у ім 5073 чалавекі. Хронікі рэпрэсій 21 сакавіка
21 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 21 сакавіка.

Сярод іншых, у «Спіс» дадалі Паўла Данэйку, палітвязня Аляксандра Дарагакупца, былога кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука, супрацоўніка дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі Мікалая Хілу, звяртае ўвагу «Вясна».
Асабістыя старонкі Наталлі Радзінай і Іллі Міронава ў Facebook прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Таксама Спіс папоўнілі старонка ў Tiktok «ПАЛIТВЯЗЕНЬ», суполка ў «Аднакласніках» «Кобрин наш город», старонка ў Facebook «Гарадзенская Праваабарона» .
МУС адмаўляе, што расійскага стэндап-коміка Арцемія Астаніна збілі пры затрыманні
Як паведаміў намеснік міністра МУС Генадзь Казакевіч, «распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя аб нанясенні цялесных пашкоджанняў пры затрыманні і этапаванні вядомаму расійскаму стэндаперу. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Беларускія сілавікі дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам».
Таксама, піша «Вясна», намеснік МУС заявіў, што стэндап-коміка Арцёма Фралова (Астаніна) затрымалі 17 сакавіка ў аэрапорце «Мінск» беларускія сілавікі па запыце расійскіх сілавых ведамстваў. Пасля гэтага яго прымусова выслалі з Беларусі ў аўтамабілі пад канвоем супрацоўнікаў ГУБАЗіК і на мяжы перадалі расійскім сілавікам.
Нагадаем, стэндап-коміка Арцемія Астаніна збівалі дручкамі і катавалі токам беларускія сілавікі. Пра гэта ён паведаміў свайму адвакату. Падчас канваіравання завезлі ў лес, дзе сталі збіваць тры чалавекі. Падчас медагляду Арцемію дыягнаставалі пералом пазванка, сінякі і праблемы з дыхальнымі шляхамі і лёгкімі.
У БрДТУ паказальна судзілі мужчыну па палітычнай справе
Афіцыйны тэлеграм-канал Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта паведаміў пра тое, што прама ў сценах ВНУ прайшоў суд.
Мужчына на момант суда быў пад вартай. А абвінавачвалі яго ў тым, што 21.01.2025 «у адным з тэлеграм-каналаў» напісаў каментар, які расцанілі як «публічную абразу» Лукашэнкі.
Вынікам суда стала 2 гады «хіміі».
Берасцейская Вясна па фатаграфіях з судовага пасяджэння выявіла, што пракурорам на ім быў Глеб Мельнікаў, суддзёй — Вікторыя Ляўчук. Усё дзейства адбывалася перад публікай, якая складаецца са студэнтаў.
Мінімум 34 асуджаныя: як у Беларусі пераследуюць за дыверсіі на чыгунцы
Пераслед за «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў спалучэння» (арт. 309 КК) у Беларусі распачаўся яшчэ ў 2020 годзе, калі беларусаў затрымлівалі за блакаванне руху чыгуначнага транспарту, адзначаюць праваабаронцы. Але большасць судоў паводле гэтага артыкулу адбылася пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі беларускія «рэйкавыя партызаны» пачалі актыўна выводзіць з ладу чыгуначнае абсталяванне, каб перашкодзіць руху расійскай тэхнікі. Акрамя гэтага, паводле арт. 309 КК судзілі і фігурантаў «справы Мачулішчаў», меркавана, за падрыў расійскага самалёта дальняй выведкі ДРЛВ А-50.
Агулам з сярэдзіны 2020 года за «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў спалучэння» або замах на гэта былі асуджаныя не менш за 34 чалавекі, 19 з якіх да гэтага часу ўтрымліваюцца ў зняволенні.
Былога мытніка асудзілі за «здраду дзяржаве». З ім знялі прапагандысцкі фільм
Былога супрацоўніка мытні Дзмітрыя Скубілава асудзілі ў Гродзенскім абласным судзе за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) да дзевяці гадоў калоніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ў супрацы з літоўскімі органамі дзяржаўнай бяспекі. Прысуд вынеслі яшчэ 9 снежня 2024 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер — з прапагандысцкага фільма пра асуджанага.
У фільме паказалі жорсткія кадры затрымання Дзмітрыя, але невядома, ці гэта была аператыўная здымка, ці пастановачная. У затрыманні прымалі ўдзел пяць супрацоўнікаў КДБ у поўным абмундзіраванні. На ім Скубілаву надзелі мех на галаву, закавалі рукі за спінай у кайданкі, а потым у нейкі момант ён апынуўся без верхняй вопраткі.
400 чалавек прызналі падазраванымі па крымінальнай справе, звязанай з удзелам у вулічных акцыях у дзень «выбараў»
Самі акцыі, якія беларусы замежжа правялі 26 студзеня ў дзень «выбараў Аляксандра Лукашэнкі», СК называе «антыбеларускімі».
«Па месцах рэгістрацый і на аб'ектах рэальнай уласнасці дэананімізаванага экстрэмісцкага актыву праведзены ператрусы. Выяўляецца маёмасць і нерухомасць, на якія накладаецца арышт для наступнага забеспячэння кампенсацыі прычыненай дзяржаве шкоды. У рамках расследавання ўсе ўдзельнікі вулічных дзеянняў за мяжой, а гэта каля 400 чалавек, прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе».
Следчы камітэт заяўляе, што збіраецца ідэнтыфікаваць усіх замежных удзельнікаў вулічных акцый з нагоды сёлетняга святкавання Дня Волі. А таксама пагражае завесці завочныя крымінальныя справы.
Генеральная пракуратура распавяла пра справу палітвязня Аляксандра Рандарэнкі
Нагадаем, былога віцебскага лекара асудзілі да 4 гадоў калоніі паводле ч.1 арт.130 - 1 (рэабілітацыя нацызма) і ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай варожасці ці варажнечы). Яго крымінальную справу ў снежні 2024 года разбіраў Віцебскі абласны суд. Вырак суда першай інстанцыі Рандарэнка справабаў аспрэчыць у Вярхоўным судзе, але яго скаргу пакінулі без задавальнення, а прысуд — без зменаў.
У паведамленні Генпракуратуры падкрэсліваецца, што «мужчина утверждал, что размещенные в Telegram-группах сообщения, оправдывающие нацизм, одобряющие деятельность Гитлера, преступления против белорусского народа, а также разжигающие расовую, национальную и иную социальную вражду ему не принадлежали. Заявлял о своей невиновности». Іншых падрабязнасцяў справы Аляксандра Рандарэнкі няма, піша Віцебская Вясна
А пачалося ўсё з таго, што Рандарэнку разам з сябрам «развялі на шчырасць» у відэа-чаце «Размовы з Палычам». Падчас распівання спіртовых напояў у відэаразмове з правакатарам мужчына выказаў лозунг грамадска-палітычнага характару, пры гэтым прадэманстраваў вымпел з выявай сцяга Украіны жоўта-сіняга колеру. Пасля гэтага ў красавіку 2024 года Рандарэнка быў затрыманы, 5 разоў асуджаны да арыштаў па адміністрацыйных артыкулах. Увесь гэты час аргтэхніка арыштаванага знаходзілася ў Следчым камітэце, і потым супраць Аляксандра Рандарэнкі былі высунуты крымінальныя абвінавачанні.