Рада БНР узнагародзіла пецярых беларусаў

 З нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэты аб узнагароджанні адзнакамі Рады БНР.

mycollages_16.jpg

За асабісты гераізм, выяўлены ў змаганні з расійскімі агрэсарамі за волю народаў Украіны і Беларусі Ордэнам Жалезнага рыцара ўзнагароджаная добраахвотніца Марыя Зайцава (пасмяротна). Імя гэтай дзяўчыны, якая была цяжка параненая сілавікамі ў часе народнага пратэсту супраць узурпацыі ўлады Лукашэнкам у 2020 годзе, а потым ваявала на фронце і гераічна загінула, увойдзе ў гісторыю беларускай нацыі як сімвал няскоранасці і адданасці ідэалам свабоды.

Чатыры асобы ўзнагароджаныя медалём Ордэну Пагоні.

Ксёндз Вячаслаў Барок у барацьбе дабра са злом застаўся на баку сваіх вернікаў, якія праглі свабоды. Ён быў першым святаром у найноўшай гісторыі, якога кінулі за краты яшчэ ў 2006 годзе за грамадзянскую пазіцыю. Ён працягвае несці Боскае слова да беларусаў у касцёле св. Аляксандра ў Варшаве.

Таццяна Гацура-Яворская — стваральніца і кіраўніца рэабілітацыйнага Цэнтру «Ланка» (у Беларусі вядомае як «Звяно»), яна ўратавала жыцці сотняў добраахвотнікаў, якія змагаюцца з расійскімі агрэсарамі ва Украіне.

Алег Груздзіловіч вызначаўся сваёй адданасцю нацыянальнаму Адраджэнню яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Ветэран незалежнай журналістыкі, ён застаўся верным прынцыпам свабоды слова і быў зняволены за сваю прафесійную дзейнасць.

Крысціна Шыянок дапамагала эвакуацыі і лячэнню ў Чэскай Рэспубліцы параненых у выніку злачынных дзеянняў лукашэнкаўскіх сілавікоў, а таксама пацярпелых ад рэпрэсій беларускіх медыкаў. Цяпер яна ўзначальвае Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе і імкнецца, каб тэма змагання за незалежнасць Бацькаўшчыны, лёс палітычных вязняў заставаліся пад увагай  чэскіх палітыкаў.