Цені заснавальнікаў БНР за спінай Лукашэнкі

Лукашэнка наважыўся чарговым разам інаўгуравацца 25 сакавіка, у той дзень, калі ўсе «змагары», як ён іх называе, адзначаюць Дзень Волі. Большасць аналітыкаў лічаць абраную дату не выпадковай: маўляў, такім чынам Лукашэнка вырашыў «сапсаваць свята» ўсім нацыянальна скіраваным беларусам. Вядома, і гэта таксама, але прычына, напэўна, усё ж значна глыбей.

Калаж з ВКонтакте

Калаж з ВКонтакте

Бо ўжо не ў першы раз Лукашэнка спрабуе «сапсаваць свята» беларусам менавіта ў Дзень Волі. Узгадаць хаця б, што менавіта ў гэты дзень два гады таму Беларусі быў зроблены «падаруначак» у выглядзе ядзернай зброі — 25 сакавіка Пуцін пра гэта абвясціў.

І не варта забывацца на перыпетыі са святкаваннем Дня Волі ў Беларусі. Кожны год апазіцыя праводзіла мітынгі і шэсці да ўгодкаў БНР, і гэта заўсёды вельмі раздражняла ўлады. І амаль увесь час яны, улады, імкнуліся зрабіць якую-небудзь гадасць: пачынаючы ад нязручнага маршруту шэсця і працяглага ўзгаднення заявак, і заканчваючы (часам) разгонамі.

Толькі 100-годдзе БНР прыпала на, як яе цяпер называюць, «макееўскую лібералізацыю» ў 2018-м годзе. Тады ўлады дазволілі святочны канцэрт ля Опернага тэатра (не забыўшыся пры гэтым пахапаць прыхільнікаў Мікалая Статкевіча, што збіраліся на плошчы Якуба Коласа). І на гэты канцэрт прыйшло, па розных ацэнках, да 50 тысяч чалавек.

Ужо на наступны год арганізатары таго свята звярнуліся ў Мінгарвыканкам з просьбай зрабіць яшчэ адну такую імпрэзу. Але сам Лукашэнка заявіў, што святкаванне 101-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка на стадыёне «Дынама», як гэтага прасілі заяўнікі, не будзе. «Збірайцеся, калі ласка, і праводзіце на плошчы Бангалор. Навошта вы лезеце на стадыён “Дынама”? Гэта нават асабістая абраза для мяне», — казаў ён.

Глядзіце таксама

Чаму ж для Лукашэнкі Дзень Волі — гэта «асабістая абраза»? Ды таму, што ён усведамляе, што яму ніколі не дасягнуць такой жа павагі сярод беларускіх грамадзян, якой карыстаюцца (як бы іх не спрабавалі ачарніць) заснавальнікі БНР.

Лукашэнка заўсёды хацеў быць больш важным, чым ён ёсць насамрэч, і чым ён нават можа быць. Ён і гісторыю спрабаваў перапісваць — ягоная гісторыя Беларусі пачыналася ці то з БССР, ці то з Другой сусветнай, а ўжо падручнікі па апошнім часе пісаліся так, што, быццам бы, да Лукашэнкі ў Беларусі не было нічога, і толькі дух ягоны (Лукашэнкі) лётаў над вадою. Таму кіраўнік Беларусі пастаянна спрабаваў утаптаць у бруд тых, каго ён унутрана лічыў вышэй за сябе — ад Васіля Быкава і Пятра Машэрава (памятаеце перайменаванне праспекта Машэрава ў праспект Пераможцаў?) да Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча (у якога Лукашэнка нават пенсію адабраў).

І заснавальнікі БНР для Лукашэнкі — у той жа плашчыні. Дзень Волі пастаянна нагадвае Лукашэнку — гэта не ён стварыў Беларусь, і не ён яе герой. Героі — іншыя. Але завышанае пачуццё ўласнай важнасці беларускага кіраўніка не можа з гэтым змірыцца. Адсюль і комплексы пра Дзень Волі.

Комплексы, якія пастаянна падаграваюцца. Чаму Лукашэнка выступіў супраць Дня Волі на стадыёне «Дынама»? Таму што на «ідэалагічна чужое» свята добраахвотна прыйшло б людзей больш, чым на які-небудзь афіцыйны «дзень незалежнасці 3 ліпеня» прымусова. І Лукашэнка гэта разумее. Але прыняць не можа.

А апошнім часам дык і наогул Дзень Волі ўвесь час стаіць ценем у яго ў галаве. Бо заснавальнікі БНР, знаходзячыся ў ваеннай зоне і фактычна пад акупацыяй змаглі абвясціць незалежную беларускую дзяржаву. А Лукашэнка вымушаны гэтую дзяржаву па частках прадаваць — у мірны час.

Таму што ў заснавальнікаў БНР, пры ўсёй «віртуальнасці» і «не адбыўшайся дзяржаўнасці» гэтай рэспублікі легітымнасці было значна больш, чым у Лукашэнкі цяпер.

Таму што нават БНР людзі абаранялі адчайна і добраахвотна — апагеем стаў Слуцкі збройны чын. А хто будзе абараняць цяпер Лукашэнку і ягоны рэжым? Бо нават ва ўласных сілавіках, за выключэннем некаторых запэцканых крывёю падраздзяленняў, няма ўпэўненасці...

Глядзіце таксама

Вось і сядзіць у мазгах Лукашэнкі, і цісне на яго гэты «цвік» — БНР, БНР, БНР... Кожную вясну ён успамінае пра сваю непаўнавартаснасць, і імкнецца зрабіць нейкую бяку ценям бацькоў-заснавальнікаў першай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

І гэта — добра.

Добра, таму што Лукашэнка сам увесь час нагадвае нам, што такое БНР, што гэта была за спроба стварыць незалежную беларускую дзяржаву. Што пра Беларусь таксама нельга сказаць, што яе «прыдумаў Ленін», што наша краіна мае сваю гісторыю — не толькі старажытную, але і асобную ад камунізму і СССР.

Любая спроба Лукашэнкі «падгадзіць» Дню Волі — гэта ў чарговы раз прыцягненне ўвагі да Дня Волі, да БНР, да нашай гісторыі. І калі ў СМІ чарговым разам падымаецца хайп, што «Лукашэнка ізноў спрабуе абразіць БНР» — гэта падстава лішні раз распавесці дзецям і дарослым, што такое БНР і з чым яго ядуць.

Калі б не Лукашэнка з ягонай траўмай наконт БНР — пра БНР казалі б значна менш, чым цяпер. Праўда ж?