«Беларускія генералы асцерагаюцца, што саюзнік можа ім зрабіць непрыстойную прапанову»

Злыя языкі кажуць, што ў саюзніка справы на фронце пайшлі па такім плане, што саюзніку хутка будзе няма чым, — а можа і няма кім — ваяваць. Таму беларускія генералы асцерагаюцца, што саюзнік можа ім зрабіць непрыстойную прапанову, аж да праверкі стану генеральскай боегатоўнасці ў ваенна-палявых умовах, піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі».

89b36145e804c013741d45b4471c2340.jpg

Генерал Муравейка (калі ты раптам не ў курсе сярод беларускіх генералаў ён галоўны па ваенных стратэгіях, не блытай з тактыкамі), сказаў, што ў Беларусі вельмі добрае войска. А ведаеш чаму? Таму што беларускае войска ні з кім не ваявала. І, пагадзіся, што толькі гэта лагічна. Таму, што якая армія непераможная? Тая, якую ніхто не перамагаў. 

Вось генерала Муравейку ніхто не перамагаў, таму генерал Муравейка — непераможны. А разам з ім і ўся астатняя беларуская армія. Таму што іншыя беларускія генералы — яны ж не горшыя за генерала Муравейку. Астатніх беларускіх генералаў таксама ані разу не перамагаў ні адзін умоўны праціўнік. А генералы ўмоўнага праціўніка заўсёды перамагалі.

Апошні раз літаральна на дні, калі яны правяралі сваю боегатоўнасць. І вырашылі, што боегатоўнасць у іх добрая. Такую боегатоўнасць дай Бог кожнаму. Але не ў кожнага такая боегатоўнасць ёсць.

І калі ты раптам не ў курсе, то менавіта таму на беларускіх генералаў ніхто дагэтуль не напаў. З-за іх высокай боегатоўнасці, а не з-за таго, пра што ты, можа, падумала. Але табе так думаць даравальна. Ты ў стратэгіях не разбіраешся. 

А беларускія генералы разбіраюцца. Таму беларускія генералы апошнім часам вельмі перажываюць, што Польшча неабгрунтавана і правакацыйна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю. А навошта ўмацоўвае? Каб напасці на беларускіх генералаў. Таму што межы ж умацоўвае для нападу. Закладваюць наступальныя міны і капаюць мабільныя супрацьтанкавыя равы. І калі б ты разбіралася ў стратэгіях як беларускія генералы, ты б таксама пра гэта ведала.

Таму што ў свеце беларускіх генералаў зноў неспакойна. Хоць у свеце беларускіх генералаў стабільнасці ў прынцыпе няма. Затое ёсць умоўны праціўнік па ўсім генеральскім перыметры. А такі перыметр, як у некаторых беларускіх генералаў, не ў кожнага знойдзеш.

Але ў апошні час гэтаму перыметру ўмоўны праціўнік зноў пачаў пагражаць часцей, чым раней. Ну нездарма ж генералы вырашылі праверыць сваю боегатоўнасць, правільна? Калі б умоўны праціўнік ім не пагражаў, дык яны б і не правяралі. А раз правяраюць, значыць ёсць пагроза.

І я нават падазраю, навошта канкрэтна гэтая пагроза беларускім генералам цяпер пагражае. Злыя языкі кажуць, што ў саюзніка справы на фронце пайшлі па такім плане, што саюзніку хутка будзе няма чым, — а можа і няма кім — ваяваць. Таму беларускія генералы асцерагаюцца, што саюзнік можа ім зрабіць непрыстойную прапанову, аж да праверкі стану генеральскай боегатоўнасці ў ваенна-палявых умовах. Я не кажу, што саюзнік збіраецца. Я кажу, што ў генералаў ёсць такія асцярогі.

Таму боегатоўнасць лепш праверыць загадзя. Таму што калі пераканаўча абіваць нябачную пагрозу, то можна будзе і далей абараняць саюзніцкія флангі ад умоўнага праціўніка. Галоўнае, каб на безумоўнага суперніка неспадзявана не паслалі. А ўжо з умоўным і пажадана бяззбройным праціўнікам беларускія генералы самі разбяруцца. 

Канешне, ні з якім іншым праціўнікам беларускія генералы разбірацца не ўмелі нават задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.