Паэзія, якая вяртае памяць. Да Дня народзінаў Мойшэ Кульбака
127 гадоў таму ў Смаргоні нарадзіўся яўрэйскі паэт і перакладчык Мойшэ Кульбак — адзін з самых вядомых творцаў з пакалення «расстраляных паэтаў».
«З паэзіяй Мойшэ Кульбака я ўпершыню сутыкнулася дзякуючы Сяргею Шупу. Яшчэ ў часы livejournal ён вывесіў невялікі фрагмент з паэмы "Дзісенскі Чайлд-Гарольд", — расказвае пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута ў інтэрнэт-часопісе сучаснай беларускай паэзіі «Таўбін». — І я тут жа на каленцы яго пераклала (хаця не помню, зрабіла гэта наўпрост з ідышу ці праз падрадкоўнік). Было б цікава даведацца, што там адбываецца далей, але пакуль гэтая паэма па-беларуску не выходзіла.
Потым я пераклала яшчэ два вершы Кульбака — гэтым разам ужо дакладна з дапамогай Сяргея Шупы, паводле яго падрадкоўніка і каментарыяў. Гэта вельмі сур'ёзны і захапляльны выклік: перакласці Кульбака — як вярнуць у сваю літаратуру несумненнага класіка. Не ведаю, ці пасуе тут слова "вярнуць", бо яго творы нікуды і не знікалі.
Неяк я замовіла ў Нацыянальнай бібліятэцы старое выданне рамана "Зельманцы" на ідышы і трымала яе ў руках — кнігу, напісаную на мове, якую цяпер амаль ніхто не разумее. Рэшткі гісторыі, якую ўдалося сцерці: спачатку загінулі паэты, а потым — чытачы. Паэзія ў такой сітуацыі набывае новую, не вельмі характэрную для сябе функцыю — яна вяртае памяць. Мне б хацелася ведаць, што б з намі здарылася, калі б гэтая памяць напоўніцу ўвайшла ў нашае жыццё, якімі вачыма паглядзелі б мы на свет. Думаю, тады сярод нас засталося б нашмат менш прывідаў, а жывыя нашмат больш трывала стаялі б нагамі на зямлі».
З паэмы «Дзісенскі Чайлд-Гарольд»(пачатак)
Цягнік. Акно. Вясёлы твар.Трымаюць зубы люльку ўпарта.Імчыцца хлопец у абшарпры цэлых рэбрах — то й не жарты.Нічога з ім няма, апроч сарочкіі дзікіх вершаў з пачкам цыгарэт,ягоны бацька-краўчык так упрочкіпайшоў аднойчы ў дальні свет.Грукочуць колы «так-так-так»,з-пад колаў пырхаюць краіны!— І добра, — думае юнак, —Змагацца мы і жыць павінны...
***Яшчэ ў маёй хаце — сцябліны аеру,і захад у шыбы ліе мне віна.Ружовы зацішак! Я па лугавінахсваіх галубоў рассылаю з акна.
Ды пільшчыкі хату маю адшукаюць,хаця не вядзе туды болей дарог,«Пілуйма, — прамовяць, — адзіную кладку,што лучыць жыццё і ягоны парог».
І мне давядзецца сысці ў лугавіны,дзе плешча халоднаю плынню рака,каб слухаць, як хваля падказвае хвалі:«Зірні, як зламала таго юнака...»
Асора Дыбрая
Сваяк майго дзеда мядзведжым быў павадыром, —яўрэем, які прадстаўленні даваў на таргах.Сядзеў той мядзведзь паслухмяна штодня ў ланцугахі танчыў штоночы ў кампаніі з гаспадаром.
Яўрэя таго называлі Асора Дыбрая [1]:кашчавыя рукі, на чэрапе — ні валасіны,заўжды ад яго патыхала нібы ад скаціны,і па-над гарбом галава выпірала старая.
З мядзведзем выходзіў ён кожнае ночы ў дарогу:Асора — наперадзе, а за Асорам — жывёла,а як напаткаюць кагосьці з ваколічных сёлаў —мядзведзь ланцугамі звініць і раве на нябогу.
Замучаных жонак памерла ў Асоры нямала:уночы ён іх раздзяваў і збіваў звар'яцела,тады над мястэчкам ледзь чутная жальба ляцела,і хеўра-кадыша [2] пралітую кроў выцірала.
Усюды ў Літве аб трынаццатай з іх балбаталі,што ведзьма яна, і Асора згубіў яе ціха:праз год па вяселлі прынесла дачку парадзіха —і ведзьміны костачкі выклалі на пакрывале.
Асора Дыбрая мядзведжым быў павадыром,яўрэем, які прадстаўленні даваў на таргах.Сядзеў той мядзведзь паслухмяна штодня ў ланцугахі танчыў штоночы ў кампаніі з гаспадаром.
[1] Асора Дыбрая — дзесяць запаведзяў.[2] Хеўра-кадыша — пахавальнае брацтва.
ПеракладГанны Янкута.
Мойшэ Кульбак — яўрэйскі паэт, пісьменнік, драматург, перакладчык. Нарадзіўся 20 сакавіка 1896 у Смаргоні ў сям’і службоўца лесагандлёвай фірмы, маці паходзіць з сям’і яўрэйскіх земляробаў. Вучыўся ў яшывах у Валожыне і Свянцянах. Ад 1915 года ў Коўне, дзе працаваў настаўнікам іўрыта ў сірочым прытулку. У 1918 годзе пераехаў у Мінск, дзе жыла яго сям’я, быў лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1919 года выехаў у Вільню, у 1920-1923 гадах жыў і працаваў у Берліне. У 1923 годзе вярнуўся ў Вільню, выкладаў мову і літаратуру ў гімназіях і настаўніцкай семінарыі. У 1927 годзе абраны старшынёй сусветнага ідышскага ПЭН-клуба. У канцы 1928 года пераехаў у Мінск. Працаваў у рэдакцыі літаратурнага часопіса «Штэрн», у яўрэйскім сектары АН БССР.
Арыштаваны НКУС БССР 11 верасня 1937 года ў Мінску. 28 кастрычніка 1937 года прысуджаны выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР як «член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі выведорганамі» да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Рэабілітаваны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15 снежня 1956 года.
Вершаваныя ўрыўкі з паэмы Мойшэ Кульбака «Беларусь», перакладзеныя Андрэем Хадановічам, можна пачытаць тут.