Аляксандр Ждановіч: «Трэба ў гэтых нечалавечых абставінах заставацца чалавекам»

Любімы ўсімі — і дзецьмі, і дарослымі, — Маляваныч (ён жа Аляксандр Ждановіч) даў шэраг выступленняў у польскіх гарадах. «Радыё Р*цыя» паразмаўляла з артыстам пра тое, якім для яго быў гэты досвед, як адрозніваюцца сённяшнія беларусы ад беларусаў да 2020 года і... пра паэзію!

Аляксандр «Маляваныч» Ждановіч. Фота «НЧ»

Аляксандр «Маляваныч» Ждановіч. Фота «НЧ»


— Вельмі шмат імпрэз вы паспелі зладзіць. І ўсё-ткі, які гэта — паслясмак Польшчы? 

— Добры паслясмак. Было 5 гарадоў, 9 канцэртаў, выступаў. У мяне, канешне, такі фармат — не стадыён і невялікая колькасць гледачоў, больш камерны. 

Велізарная колькасць самых пазітыўных уражанняў. Мне ёсць што параўноўваць. Куды б я ні прыязджаў — ці Варшава, ці Кракаў, ці Уроцлаў, ці Познань, — паўсюль вельмі цёплы прыём. У мяне пыталіся: «Дзе больш спадабалася?» Вось праўда: паўсюль. Немагчыма нават параўнаць. Мне здаецца, што сэрца Беларусі б’ецца ў гэтых гарадах, у грудзях гэтых людзей, якія прыходзяць паглядзець. 

Я пачынаю з дарослымі, напрыклад, з таго, што «вы прыйшлі, канешне, паглядзець не на мяне, на нейкага там артыста Ждановіча, а хутчэй за ўсё на Маляваныча — і нават не на Маляваныча, а проста дакрануцца, вярнуцца ў самую лепшую часіну свайго жыцця, дзяцінства. Але прыйдзецца пацярпець». І я чытаў ім вершы — так, як кампазіцыя склалася: «Вось яны, а вось мы» — па назве верша Альгерда Бахарэвіча. Паказваў батлейку з такімі хуліганскімі дабаўленнямі, у якіх гледачы ў старажытным сюжэце пра цара Ірада пазнавалі нейкія сённяшнія рэаліі. А з дзеткамі — таксама батлейка, нейкія гульні, загадкі і маленькі настольны спектакль «Пэпі Доўгая панчоха». 


— Больш за тое, вы нават чыталі свой верш на гэтых сустрэчах. 

— Так, я чытаў свой верш, нахабна карыстаючыся той магчымасцю, што людзі паслухаюць. Проста мне здаецца, што чытаць вершы і слухаць вершы — увогуле карысна для здароўя. Вельмі важна ў такія няпростыя часы знаходзіць нейкія пазітыўныя моманты. Гэта канцэнтраваная сутнасць народа, нацыі — добрыя паэты і добрыя вершы. 

— Раскажыце, калі ласка, пра тое, як напісалі гэты верш. 

— Гэта юнацкі верш. Мне здаецца, што няма такога юнака ці дзяўчыны, якія б у 16 ці 18 гадоў не пісалі вершы.

— Вы ладзіце імпрэзы цяпер як для дарослых, так і для дзяцей, якія шмат праз што прайшлі, таму што і беларускія пратэсты, і вайна ва Украіне — для кожнага гэта, фактычна, іспыт. Разам з тым, вы паспелі папрацаваць яшчэ ў тыя часы, калі не было настолькі ўсё страшна. Як вы бачыце, як змяняецца аўдыторыя, як яна рэагуе? Ці ёсць нейкае адрозненне?

— Да 2020 года і пасля? Ды проста нейкая мяжа, якая падзяліла лёс краіны і лёс кожнага чалавека, які хоць неяк неабыякава ставіцца да таго, што адбываецца. І гэта адна з тэм такіх сустрэч — пра тое, што так, нават можна і паплакаць над тымі вершамі, няхай будзе крыху балюча ўспамінаць і дакранацца да сучасных паэтаў, якія пішуць пра 2020 год і пра гэтую самую балючую тэму, ці да класікаў беларускай паэзіі — Багдановіча, Караткевіча... Я яшчэ крыху раблю акцёрскія акцэнты, каб было зразумела, што «Слуцкія ткачыхі» і «Дзе мой край», і «На Беларусі Бог жыве», і «Эмігранцкая песня», — гэта таксама пра нас, пра сённяшніх.


Хацелася б, канешне, паглядзець на Маляваныча вясёлага, пазітыўнага, але гэты боль патрэбны нам для таго, каб не забываць, каб ведаць, што мы жывыя. Пакуль жывыя — нам баліць, правільна? Мне ўвогуле здаецца, што шлях сапраўднага паэта і проста сумленнага чалавека ў гэтым свеце не бывае без шыпоў, не бывае простым і прамым. Таму я прапаную гледачу разам са мной адказаць сабе: «Так, часы нялёгкія, але дзякуй Богу нават за гэта. Проста трэба ў гэтых нечалавечых абставінах заставацца чалавекам».

Цалкам размову з Аляксандрам Ждановічам слухайце на «Радыё Р*цыя».