Лёс авантурыста
Лідскі пракурор 3 верасня 1926 года выпісаў прадпісанне аб перадачы абвінавачаных у злачынным нападзе Сяргея Пясецкага і яго змоўшчыка, Антона Невяровіча, у распараджэнне суда Вільні. Іх арыштавалі пасля здзяйснення нападу на гандляроў. «Сярожу», як называлі будучага таленавітага пісьменніка, свяціла смяротнае пакаранне. Аднак удача любіла гэтага неардынарнага чалавека: ён выкруціўся.
Джэймс Бонд з Ляхавічаў
Нарадзіўся Сяргей Пясецкі ў красавіку 1901 года ў беларускіх Ляхавічах у сям’і шляхціца Міхаіла Пясецкага і беларускай сялянкі Клаўдзіі Кулаковіч. Хлопец з малалецтва меў бунтарскі дух. Аднойчы ён моцна пабіўся ў школе — і тады ўпершыню трапіў у турму. Праўда, там ён не затрымаўся — збег у Маскву.
Імперыя Раманавых дажывала апошнія дні. Пясецкі вярнуўся ў Беларусь, дзе ў 1918 годзе ўступіў у беларускія антыбальшавіцкія фарміраванні. Праз год пачалася польска-бальшавіцкая вайна. Калі войскі Пілсудскага ўвайшлі ў Мінск, хлопец стаў польскім жаўнерам. Вясной 1920 года Сяргея накіравалі ў школу падхарунжых пяхоты ў Варшаву. Але доўга павучыцца не атрымалася: у жніўні войскі Тухачэўскага падышлі да польскай сталіцы, і Пілсудскі кінуў усе сілы на абарону Айчыны. Дзесьці там супраць «чырвоных» змагаўся і беларус Пясецкі.
У траўні 1921 года Сяргей дэмабілізаваўся. Аднак на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая па выніках Рыжскай мірнай дамовы ўвайшла ў склад Другой Рэчы Паспалітай, было неспакойна. Дзеля таго, каб «залезці ў галаву бальшавікоў», польская выведка патрабавала такіх людзей, як Пясецкі. Хутка ён паступіў на службу ў Другі аддзел польскага Генеральнага штабу (выведкі).
У верасні 1922 года агент «Белы» (такі псеўданім атрымаў будучы пісьменнік) перайшоў савецка-польскую мяжу пад Стоўбцамі і накіраваўся ў Мінск. Пясецкаму атрымалася здабыць вельмі важныя дадзеныя аб дыслакацыі падраздзяленняў Чырвонай Арміі, і пасля гэтага яго перавялі на службу ў выведвальны аддзел у Баранавічах Экспазітуры № 6 польскай выведкі ў Брэсце-на-Бугу.
У горадзе на Бярэзіне
Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны Бабруйская крэпасць стала адным з галоўных гарнізонаў Чырвонай Арміі, і таму польскі бок цікавіўся, што там адбываецца. Хутка Пясецкі атрымаў заданне дайсці да горада на Бярэзіне і там увайсці ў кантакт з афіцэрам 8-й Мінскай стралковай дывізіі РСЧА Шукалам. Летам 1920 года гэтая вайсковая частка ўдзельнічала ў баях супраць польскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, а пасля «Рыжскага міру» выкарыстоўвалася бальшавікамі ў барацьбе супраць падраздзяленняў Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Маісеева ў Бабруйскім, Мазырскім і Ігуменскіх паветах. У 1922 годзе ў Мазыры, Рагачове і Жлобіне былі сфарміраваныя новыя стралковыя палкі, якія ўвайшлі ў склад 8-й дывізіі. Хутка ў Бабруйску пачалі фарміравацца падраздзяленні палкавой артылерыі.
У студзені 1923 года Пясецкі зноў быў у Бабруйску. У Баранавічах чакалі дадзеных аб мабілізацыі ў Чырвоную Армію. У адной з польскіх справаздач чытаем: «Агент Пясецкі дасягнуў добрых вынікаў, аднак выканаў заданне толькі часткова, бо не атрымаў ад канфідэнта Шукалы ўсёй інфармацыі. Пакуль інфарматар перадаў чатыры сакрэтныя загады і загад камандавання 8-й дывізіі, які меў дачыненне да вайсковай падрыхтоўкі ў палках. Акрамя гэтага, агент Пясецкі даставіў загады Слуцкага ваенкамата, якія маюць дачыненне да мабілізацыі прыпіснога складу 1883–1901 гадоў нараджэння».
Летам 1923 года ў дапамогу Пясецкаму прызначылі Антона Невяровіча, з якім яны разам накіраваліся на тэрыторыю БССР. Галоўнай задачай «Белага» было стварэнне агентурнай сеткі ў трохкутніку Мінск–Бабруйск–Слуцк. У гэты ж час Пясецкі сумяшчаў прыемнае з карысным — займаўся выведкай і «цягнуў» за мяжу кантрабанду. З Польшчы ішлі адзенне, ежа, а з савецкай Беларусі «вярталася» золата, ювелірныя вырабы, валюта. Быў і іншы кантрабандны тавар, які Пясецкі клаў у «носкі» перад тым, як ісці «ў Саветы». «У Расію я насіў какаін, а адтуль прыносіў футра», — адзначаў у адным з лістоў, напісаных пасля Другой сусветнай, Пясецкі. З дапамогай парашку польскі шпіён прывабліваў да сябе савецкіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. У верасні 1923 года «Белы» зноў пайшоў у Бабруйск, каб завербаваць іншага афіцэра 8-й дывізіі РСЧА. У Слуцк для збору інфармацыі аб манеўрах Чырвонай Арміі накіраваўся Невяровіч. Аднак заданне Пясецкі не выканаў і …знік.
Злодзей і рабаўнік
Калі кантрабандны тавар скончыўся, Пясецкі і Невяровіч вырашылі вяртацца ў Польшчу. Мяжу абодва перайшлі ў раёне Ракава ноччу 2 снежня 1923 года. У Ракаве побач з каталіцкімі могілкамі (ля вуліцы Мінскай) яны напалі на мясцовых жыхароў і забралі ў іх рэчы і грошы. Раніцай абодвух супрацоўнікаў «Двуйкі» арыштавала польская паліцыя, пасля чаго іх перавезлі ў Навагрудак і змясцілі ў следчы ізалятар. Цікава было тое, што сярод рэквізаваных у Пясецкага рэчаў былі савецкія вайсковыя і цывільныя дакументы, і нават арыгінальная віза «Асабліва аддзела» з Заслаўя.
Па гэтай справе Пясецкі адсядзеў у Навагрудку, а пазней і Вільні, 20 месяцаў. У траўні 1925 года Невяровіча выпусцілі пад заклад. Праз год на волю выйшаў і Пясецкі. Відавочна, яму залічылі супрацу з польскай выведкай і пакаралі «па мінімуме». Пасля гэтага абодва спрабавалі зноў супрацоўнічаць з польскай выведкай, аднак без асаблівых поспехаў.
Калі «Двуйка» адмовілася ад паслуг Пясецкага, ён вымушаны быў вярнуцца да крыміналу. У ліпені 1926 года Пясецкі пад Лідай абрабаваў двух габрэяў. А праз месяц «Сярожа» разам з Антонам Невяровічам на шашы з Ліды ў Горадню напаў на габрэйскіх гандляроў Герца і Матлю Карчмера, Абрама Баярскага і іх спадарожнікаў. Здабычай нападнікаў сталі польскія злотыя, амерыканскія долары, залатыя пярсцёнкі і іншыя каштоўныя рэчы. Каштоўнасці і грошы павінны былі пайсці на арганізацыю «экспедыцыі» ў Саветы, аднак усё пайшло не па плане.
У пратаколе польскай паліцыі адзначалася: «Ноччу наступнага дня жыхарка Вільні Ёанна Ізмайловіч паведаміла супрацоўнікам польскай паліцыі ў Новай Вілейцы, што ў яе суседкі Веры Булгакаўскай знаходзяцца два ўзброеных падазроных чалавека. Паліцыя затрымала ўраджэнца Ляхавіч Сяргея Пясецкага і ўраджэнца Мінска Антона Невяровіча. Падчас ператрусу пры іх знойдзены два рэвальверы “Наган” і адзін пісталет “Парабелум” з патронамі».
Ужо ў камісарыяце абодва прызналіся ў злачынстве. 30 верасня 1926 года вайскова-палявы суд у Лідзе прысудзіў іх да вышэйшай меры пакарання. Аднак пазней прэзідэнт Польшчы памілаваў злачынцаў, і тыя атрымалі па 15 гадоў турэмнага зняволення. Антон Невяровіч праз год памёр. Яму было 28 гадоў.
Турма Святы Крыж, 1930-я гады
Літаратурны талент, які нарадзіўся ў турме
У «Сярожы» пачаўся новы этап жыцця. Пясецкі сядзеў у розных турмах, у тым ліку і ў сумна вядомым «Святым Крыжы» пад Кельцамі. На асабістай справе былога агента «Белага» стаяла літара «N», што азначала «небяспечны» — ён неаднаразова падымаў бунты вязняў. За гэта адміністрацыя турмаў адзявала на былога выведніка кайданы. У перапынках паміж турэмнымі паўстаннямі былы агент «Белы» шмат пісаў. Першыя дзве яго кнігі, сярод якіх быў «Пяты этап», затрымала адміністрацыя турмы — яны не праходзілі цэнзуру. А вось «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» вырваўся са сцен «Святога Крыжа» на волю і, дзякуючы падтрымцы Мельхіёра Ваньковіча, у 1937 годзе быў апублікаваны. Аўтабіяграфічная аповесць кантрабандыста, які дзейнічаў на савецка-польскім памежжы пад Мінскам, выклікала вялікую цікавасць у чытачоў шматлікіх краін.
У гэтым жа годзе польскі міністр юстыцыі, прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні Адам Хэлмонскі склаў прапанову прэзідэнту Другой Рэчы Паспалітай Ігнацію Масціцкаму аб памілаванні таленавітага вязня. «Учора міністр юстыцыі загадаў пракурору Апеляцыйнага суда ў Вільні вызваліць Пясецкага, якому засталося яшчэ сядзець 4 гады. Як вядома, Пясецкі адседжваў пакаранне за шэраг нападаў на памежжы ў перыяд пасля польска-бальшавіцкай вайны», — адзначалася ў адной з тагачасных польскіх газет.
Артыкул пра вызваленне Пясецкага з турмы, 1937 год
Пасля вызвалення «Сярожа» лячыўся ад туберкулёзу ў Закапанэ, а са снежня 1937 года па сакавік 1938 года жыў у маёнтку Раготна ў Навагрудскім ваяводстве. Там ён арандаваў пакой у доме, які належаў Вандзе Райцэвіч. У 1938 годзе Пясецкага намінавалі на Нобелеўскую прэмію.
Новая вайна
У верасні 1939 года Германія напала на Польшчу, і былы вайсковец-выведнік Пясецкі запісаўся добраахвотнікам у Корпус аховы памежжа ў Рыконтах. Пасля 17 верасня 1939 года ён накіраваўся ў Варшаву, аднак сталіца пала, і ён праз Беласток вярнуўся ў Вільню. У лютым 1940 года Пясецкі ўстанавіў кантакт з «Хаўрусам узброенай барацьбы» — польскай падпольнай арганізацыяй, з якой потым вырасла Армія Краёвая. У 1942–1944 гадах «Сярожа» (гэтым псеўданімам карыстаўся акавец Пясецкі) удзельнічаў у розных акцыях супраць немцаў. Валоданне мовамі, а таксама веданне асноў канспірацыі дапамагалі яму весці эфектыўную барацьбу супраць нацыстаў. Калі стала зразумела, што былыя паўночна-ўсходнія тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай застануцца ў межах БССР, Пясецкі пакінуў Польшчу. У Італіі ён уступіў у Другі польскі корпус пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Пасля гэтага выехаў у Вялікабрытанію. Там шмат пісаў, працаваў на пошце, выкладаў рускую мову. Менавіта на Брытанскіх астравах у 1948 годзе нарадзіўся раман «Нататкі афіцэра Чырвонай Арміі».
Памёр Сяргей Пясецкі ад раку ў 1964 годзе. Пахаваны ў Гасцінгсе. На помніку, які стаіць на магіле, бачна выява сузор’я Вялікай Мядзведзіцы.
Магіла Сяргея Пясецкага
Фота з архіву аўтара