Медытацыя па-беларуску. Явар

Явар — медытацыя на аднаўленне рэсурснага стану: калі энергіі зусім няма, а справаў яшчэ багата.

Крыніца: Беларуская Гармонія: Медытацыя і Рэлакс [ youtube ]


Адным з самых старажытных культурных архетыпаў з’яўляецца Сусветнае дрэва. Яно ўладкоўвае Сусвет, надае яму пэўныя каардынаты і сістэмнасць. Дрэва По — у будызме, Сідрат аль-мунтаха — у Ісламе, свяшчэнны Іггдрасіль — у скандынаваў, Райскае Дрэва — у хрысціянстве і гэтак далей.


У нашых продкаў Сусветным дрэвам лічыўся явар (альбо дуб — у міфалагічным мысленні гэтыя два дрэвы атаясамляюцца ў ролі Сусветнай восі). Той самы явар (дуб), які расце на востраве пасярод акіяну, у галінах якога жывуць два сокалы. Гэта тая вось, што звязвае паміж сабой усе тры часткі нашага Сусвету: нябёсы, наш (чалавечы) свет і падземны (той) свет. Гэта галоўны канал, па якім цячэ ўся энергія Сусвету.
Таму для аднаўлення свайго рэсурснага стану мы прапануем здзейсніць ментальнае падарожжа да Сусветнага дрэва Явар.
Перад медытацыяй:
— Паклапаціцеся, каб хвілін 20-30 вас ніхто не турбаваў (адключыце тэлефоны, пазакрывайце мэсэнджары на камп'ютары/планшэце, зачыніце дзверы, здыміце фітнэс-бранзалеты ды смарт-гадзіннікі);— Праветрыце памяшканне, папіце вады, наведайце прыбіральню;— Паздымайце ўсе ўпрыгожанні з валасоў, гадзіннікі, паясы (ці проста расшпіліце);— Уладкуйцеся ў зручнай позе (цягам медытацыі варушыцца можна, калі ўзнікне такое жаданне).
Вітаем у падарожжы ў Сусвет!