Не толькі Мірскі замак! Што яшчэ трэба абавязкова наведаць у Міры
Запрашаем вас у касцёл святога Мікалая, што месціцца непадалёк ад славутага Мірскага замка, які з'яўляецца цудоўным прыкладам самабытнай беларускай готыкі. Пры дапамозе ўнікальнай тэхнікі «Лічбавая акварэль» аўтары гэтага відэа Ян і Юлія на канале "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура" пакажуць вам тое, што вы магчыма больш нідзе не ўбачыце!
Мікалаеўскі касцёл у Міры першапачаткова быў збудаваны драўляным напрыканцы XVI стагоддзя, але калі Мірскі замак перайшоў ва ўладанне Радзівілаў, то Мікалай Сіротка, аўтар славутай Перэгрынацыі (уласнага падарожжа ў Святую Зямлю), прыняў рашэнне стварыць каменную святыню.
Галоўным архітэктарам праекта выступіў Джавані Марыя Бернардоні – менавіта яго намаганнямі і талентам быў створаны фарны касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, унікальны прыклад беларускага ранняга барока на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
І калі ўлічваць, якім файным атрымаўся Нясвіжскі касцёл, то не будзе складаным і апісаць касцёл Святога Мікалая. Ён уяўляе сабою мураваную трохвежавую базіліку, галоўны фасад якой завяршаецца высокай квадратнай вежай з шатровым дахам, таму не заўважыць яго будзе даволі складана.
Дарэчы, а ці ведалі вы гісторыю, што славуты беларускі і польскі паэт Адам Міцкевіч згадвае ў кнізе “Пан Тадэвуш”? Аказваецца, пры будаўніцтве касцёла былі знойдзены гіганцкія косткі, меркавана, маманта і вельмі доўгі час яны былі выстаўленыя ў храме на ўсеагульны агляд. Цікава, дзе гэтыя косткі цяпер?
У другой палове XIX стагоддзя расейскія ўлады перарабілі каталіцкі касцёл у праваслаўную царкву і ў 1876 годзе надбудавалі цыбульны купал у якасці пакарання жыхароў Беларусі за ўдзел у вызваленчым руху супраць маскавітаў.
А ў XX стагоддзе праз палітыку савецкага перыяду будынак прыйшоў у заняпад, мясцовыя ўлады імкнуліся зладзіць калгас, разабраць касцёл на цэглу ці ўвогуле падарваць. І толькі ў 2001 годзе было пачата аднаўленне храма.
Будзем рады, калі гэтае відэа натхніць вас на падарожжа ў Мір і вы на свае вочы ўбачыце архітэктурныя славутасці, пра якія мы расказалі.