Адзін з першых барочных будынкаў на свеце. Раскрываем таямніцы будаўніцтва касцёла Божага Цела ў Нясвіжы

 Знакаміты касцёл Божага Цела — першая вялікая рэлігійная інвестыцыя Мікалая Радзівіла Сіроткі. Святыня ўзводзілася з канца XVI стагоддзя, а канчатковае асвячэнне адбылося 7 кастрычніка 1601 года. Але храм, які лічыцца адным з самых прыгожых у Беларусі, мог выглядаць зусім інакш…

00_vokladka_36.jpg

Не так даўно абноўлены, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы не пакідае абыякавым добра знаёмых з еўрапейскай архітэктурай падарожнікаў. Нясвіжская святыня — годная і велічная. Ад яе велічы займала дух і ў ХІХ стагоддзі.

Пасля наведвання Нясвіжа, Уладзіслаў Сыракомля пісаў: «Калі ідзеш ад замка ў горад, перш за ўсё на вочы трапляецца колішняя езуіцкая святыня ў чыстым італьянскім стылі, у падзямеллях якой месцяцца астанкі багатых, слаўных і магутных спрадвечных уладароў Нясвіжа. Пад высокім і прасторным скляпеннем, ва ўрачыстай паўцені, якога не можа сагнаць святло з высокіх вокнаў, цябе агортвае нейкае пачуццё скрухі і пашаны да святой старажытнасці, сляды якой сустракаеш усюды…» І далей, ва ўласцівай сваёй манеры, Сыракомля красамоўна апісвае алтары, жывапіс, скульптуры, дэталі храма, безумоўна вартага ўвагі.  

Вось ужо больш за чатыры сотні год барочны купал «былога езуіта» ўзвышаецца над горадам. Узрост прыстойны! А з узростам вакол святыні і твору мастацтва збіраецца ўсё больш і больш пытанняў. Як узнік на ўскрайку Еўропы адзін з першых у свеце помнікаў архітэктуры барока? Ці ўсё гладка было пры будаўніцтве і чым былі незадаволеныя езуіты? Чаго і колькі каштавала Радзівілу Сіротке пабудаваць новы касцёл у сваёй рэзідэнцыі? Будзем высветляць.

Вандроўка, вера, падзел спадчыны…

Што стала прычынай, па якой Мікалай Радзівіл Сіротка вырашае распачаць грандыёзнае і знакавае будаўніцтва касцёла Божага Цела? Тут знітавалася многае.

Галоўнае, што падштурхнула да будоўлі, — шчырая прыхільнасць Каталіцкаму Касцёлу. Як вядома, Мікалай Радзівіл Сіротка быў сынам Мікалая Радзівіла Чорнага — рухавіка рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але яго сын вярнуўся да каталіцкай канфесіі, ён шчодра і шчыра падтрымліваў Каталіцкую Царкву, асабліва ў сваіх уладаннях.

Мікалай Радзівіл Сіротка

Мікалай Радзівіл Сіротка

Дарэчы, аб уладаннях. Гэты чыннік таксама паўплываў на пачатак будаўнічага праекту. Пасля канчатковага падзелу спадчыны з братамі, які адбыўся ў снежні 1577-га году, Сіротка мог смела ажыццяўляць рэлігійныя фундацыі на сваіх землях. Паколькі Нясвіж стаў галоўнай рэзідэнцыяй вяльможнага магната, то і лагічна, што сюды былі скіраваныя асноўныя яго інвестыцыі. Гэта кранала і накіраванне сродкаў у духоўнае рэчышча.

Не меншы ўплыў на ідэю будаўніцтва новага касцёла ў Нясвіжы аказала знакамітая пілігрымка Сіроткі. Ён пабачыў свет, пабачыў Еўропу эпохі Рэнесансу. Як чалавек адукаваны і заможны, ён хацеў гэтую культуру прыўнесці і ў Вялікае Княства Літоўскае. Але ж не толькі архітэктурныя модныя павевы хацеў увасобіць Сіротка дома, ён імкнуўся пашырыць каталіцкі ўплыў і прыўнесці асвету. Для гэтага трэба было клікаць езуітаў.

Козыр перад ордэнам

Езуіты пагаджаліся не на ўсе запрашэнні! Аднак аб усім па чарзе.

Узвядзенне новага мураванага касцёла ў Нясвіжы пачалося яшчэ напачатку 1581-га году, калі Сіротка быў «на чамаданах» і ў парожных клопатах перад выправай у Святую Зямлю. Святыня з тытулам Святога Збавіцеля і Божага Цела ўзводзілася на месцы старога нясвіжскага касцёла, які быў драўляным і каля 1580-га ўжо зруйнаваны. Спачатку касцёл узводзіўся як звычайны парафіяльны храм і Радзівіл не меў намеру перадаваць яго езуітам. Але планы змяніліся…

Пётр Скарга

Пётр Скарга

Касцёл будаваўся, Сіротка прывозіў для яго аздаблення матэрыял з Італіі і тамтэйшых майстроў. Быў ліпень 1582-га, як узнікла ідэя: а што калі запрасіць езуітаў? Магчыма, Радзівіла на гэта падштурхнуў ні хто іншы, як сам Пётр Скарга. Тут сышлося ўсё: і тое, што Сіротке імпанавалі езуіты (яго рэлігійныя погляды сфармаваліся пад іх уплывам), і тое, што ў Нясвіжы будаваўся новы годны касцёл, які можна было перадаць пад апеку ордэна. Таксама Сіротка вырашыў увасобіць смелую ідэю — заснаваць у Нясвіжы езуіцкі калегіум.

Справа падавалася паспяховай… 

Бюракратычная сцяна езуітаў

Ідэя ёсць, трэба рэалізоўваць! У гэтым Сіротку дапамагае Скарга і яны разам пішуць прашэнне аб ухваленні нясвіжскай фундацыі да генерала ордэна езуітаў Клаўдзіа Аквавівы і кіраўніка правінцыі Джавані Паола Кампана.  Гэтыя імёны варта запомніць, яны яшчэ буду фігураваць у справе.

Клаўдзіа Аквавіва

Клаўдзіа Аквавіва

Каб айцы-езуіты далі дазвол на фундацыю калегіума, трэба было скласці сур’ёзны матывацыйны ліст. Пётр Скарга бярэцца за пяро і красамоўна апісвае Нясвіж, акрэслівае рэлігійную сітуацыю ў горадзе, бярэ пад увагу перспектывы шпаркага развіцця наваколля з улікам будаўнічых і інвестыцыйных планаў уладальніка. Але галоўнае, на чым Скарга робіць акцэнт, дык гэта тое, што заснаванне ў Нясвіжы калегіума — карысная справа, бо Сіротка гатовы даць для гэтага ўсё што трэба. Напрыклад, усталяваць штогадовы даход памерам 525 злотых без уліку натуральных падаткаў.

Сіротка не сумняваўся ў станоўчым вырашэнні пытання. Нават у лісце папрасіў ужо выправіць у Нясвіж двух езуітаў, якія б маглі пачаць тут службы. І не проста запрасіў, а выдаткаваў 100 злотых, каб пакрыць айцам выдаткі на дарогу.

Нясвіж, XVII стагоддзе (Т. Макоўскі)

Нясвіж, XVII стагоддзе (Т. Макоўскі)

Але ж езуіты былі супраць! Кампана запускае бюракратычную машыну, маўляў, такое рашэнне — заснаваць новы калегіум — можа прыняць толькі генерал ордэну. Але, каб канчаткова не псаваць адносіны з уплывовым магнатам, Кампана накіроўвае ў Нясвіж інспекцыю для праверкі месца заснавання будучага калегіума.

Так склалася, што інспекцыя прыехала ў Нясвіж, калі Сіротка з яго выехаў у пілігрымку. Інспектары паглядзелі ўсё і заключылі: тут жывуць адны «ерэтыкі», сам горад ахарактарызавалі як «прытон». Карацей, езуіты адмовілі ў фундацыі калегіума у Нясвіжы. Фармальная прычына — непрэзентабельны Нясвіж, але сапраўдная — кадравы крызіс. У ордэна папросту не хапала людзей, каб забяспечыць працу новага калегіума.

Адмова езуітаў напаткала Сіротку ў Італіі, ён быў абураны і не хаваў свайго расчаравання.        

Сіротка піша Папе… і не толькі

Адступаць ад сваіх намераў заснаваць у родным Нясвіжы калегіум езуітаў не ўваходзіла ў планы Радзівіла. Ён сядае за лісты і піша, і піша… Кола адрасатаў шырокае! Спачатку Рымскаму Папе Рыгору ХІІІ і дзяржаўнаму сакратару Святога Прастола кардыналу Таламеа Галіа з просьбай падтрымаць яго ініцыятыву. Затым — генералу ордэна Аквавіва.

У лісце да галоўнага езуіта ён прывёў пераканаўчыя аргументы, чаму калегіум павінен з’явіцца ў Нясвіжы. Па-першае, гэта прынесла б велізарную карысць касцёлу. Па-другое, адмова прынесла яму глыбокі смутак, бо тут адчуваецца пагарда да яго краю. Па-трэцяе, ён заявіў: калі калегіум не з’явіцца, ён палічыць гэта за пранырлівыя хітрыкі д’ябла. Гэты ліст дайшоў не толькі да генерала ордэна, але яшчэ і да віленскіх езуітаў з прыпіскай аб тым, што некаторыя чальцы ордэна загразлі ва ўласнай пыхлівасці. Пісаў Сіротка і да інспектараў, якія былі ў Нясвіжы, і да правінцыяла…

Нясвіжскі касцёл, ХІХ стагоддзе

Нясвіжскі касцёл, ХІХ стагоддзе

Радзівіл сваімі лістамі паставіў на вушы ўвесь ордэн. Спалоханы тонам радзівілаўскіх слоў, са страхам ад магчымых наступстваў у выпадку адхілення фундацыі, Кампана прапанаваў генералу ордэна ўсё ж даць згоду. Скарга піша новы ліст, дзе гэтак сама красамоўна апісвае Нясвіж і карысць ад калегіума.

Згода!.. ці колькі каштавалі Сіротку езуіты


Усё вырашылася пазітыўна, калі Радзівіл ужо вярнуўся ў Нясвіж, а потым сустрэўся асабіста з Кампана. На сустрэчы ў жніўні 1584 года былі абмеркаваныя дэталі фундацыі.

Мікалай Радзівіл Сіротка

Мікалай Радзівіл Сіротка

Што атрымалі езуіты ад Сіроткі? О, падтрымка была шчодрай!

На патрэбы калегіума Радзівіл перадаваў новапабудаваны парафіяльны касцёл, вылучаў зямлю ў горадзе для будаўніцтва калегіума. Акрамя таго на утрыманне езуітам пераходзілі зямельныя ўгоддзі — Ліпская воласць з мястэчкам Ліпск, вёскамі Тухавічы, Свяціца, Навасёлкі, Радзяловічы, Заліпенне, Залужжа, Рудава і Ужанка.

На працягу чатырох гадоў Радзівіл абяцаў вылучыць калегіуму 8 тысяч злотых, і яшчэ 4 дадатковыя тысячы на касцёл і яго аздабленне. Разам з тым, езуітам было дазволена карыстацца радзівілаўскімі млынамі і вудзіць рыбу у ставе каля замка, а яшчэ перадавалася ў распараджэнне 25 валок гарадской зямлі. 

Фундацыя была зацверджаная 4 лютага 1585 года каралём Стэфанам Баторыем. Сказаць, што падтрымка істотная — нічога не сказаць, гэта каласальныя інвестыцыі: грашовыя, зямельныя, маёмасныя…             

Езуіты зноў незадаволеныя

На гэты раз айцам з Таварыства Ісуса прыйшоўся не даспадобы парафіяльны касцёл. Кампана, агледзеўшы амаль дабудаваны храм, выказаўся, што гэты касцёл зусім не пасуе езуітам.

Справа ў тым, што храм меў традыцыйную для той эпохі ў Вялікім Княстве Літоўскім кампаноўку: у плане ён уяўляў грэчаскі крыж з дзвюма сіметрычнымі дабудаванымі вежачкамі абапал фасаду. Гэта надавала святыні абарончыя рысы і хутчэй нагадвала праваслаўную царкву, чым каталіцкі касцёл ордэна езуітаў. Да крытыкі далучыўся і брат Сіроткі віленскі біскуп Юры Радзівіл.

Нясвіж, Фарны касцёл (1894)

Нясвіж, Фарны касцёл (1894)

Сам Сіротка апраўдваўся, што яго не было ў Нясвіжы, пакуль узводзіўся храм, а пры будаўніцтве былі дапушчаны некаторыя памылкі. Радзівіл пачаў сур’ёзна разглядаць магчымасць разборкі ўжо амаль скончанага храма. Да таго ж, і яму цяпер амаль дабудаваны касцёл падаваўся не надта прэзентабельным.

Разабраць амаль гатовы храм і ўзвесці новы — справа сапраўды сур’ёзная, якая вымагала не толькі волі, але і фінансаў. Два гады прымалася рашэнне, але ўрэшце на пачатку 1586-га году Сіротка наважваецца на перабудову. Новая святыня ўзводзілася ўжо па езуіцкаму праекту.

Прыязджаюць італьянцы, але Сіротка ўсё кантралюе сам   

Каб распрацаваць новы праект, улетку 1586-га года у Нясвіж прыбыў езуіцкі архітэктар Джавані Марыя Бернардоні. Тут яго чакала пасада галоўнага архітэктара і кіраўніка будаўніцтва касцёла Божага Цела. Бернардоні быў дасведчаным, праходзіў практыку і набіваў руку на калегіумах у Рыме, Фларэнцыі, Арбруца.

Джавані Марыя Бернардоні.

Джавані Марыя Бернардоні.

Бернардоні бярэцца за працу і складае праект, які зацвярджаюць у Рыме. На гэты раз айцоў-езуітаў усё задавальняла.  А досыць хутка, 14 верасня 1587 году, біскупам Юрыем Радзівілам быў закладзены краевугольны камень новага касцёла. Напачатку 1588-га году ўжо стартавалі і будаўнічыя працы. Для свайго касцёла Сіротка выпісаў некалькіх італьянскіх рамеснікаў, бо лічыў іх найлепшымі спецыялістамі ў галіне будаўніцтва. Адтуль, з Італіі, прывозіліся і некаторыя элементы аздобы.

Не бракавала на будоўлі і сродкаў. Радзівіл вылучыў на рэалізацыю гэтага праекта 10 тысяч злотых, абяцаючы выплаціць іх шасцю долямі да 1592-га году. Пазней ён падтрымаў новы касцёл яшчэ трыма тысячамі злотых. Пры гэтым грошы магнат пералічваў дбайна і ў тэрмін. А гэта дазволіла досыць хутка скочыць будаўніцтва. На самой справе падобная акуратнасць у вылучэнні сродкаў была рэдкасцю ў тыя часы, будоўлі зацягваліся на дзесяцігоддзі…

Грошы Радзівіл выдаткоўваў не малыя і з адказнасцю, таму меў поўнае права ўмешвацца ў ход будаўніцтва. Пры гэтым кампетэнцыі яго дазвалялі гэта рабіць прафесійна. Таму ў праект зазіраў Сіротка часта. Канешне ж, касцёл Божага Цела меўся быць не проста езуіцкай бажніцай, а галоўным храмам у яго ўладаннях, у якім, акрамя ўсяго, павінна была з’явіцца фамільная крыпта-пахавальня. Фактычна Радзівіл навязаў езуітам канцэпцыю касцёла больш маштабнага і пышнага, чым яны пажадалі б сабе самі.

Крыпта Радзівілаў

Крыпта Радзівілаў

Напрыклад, дзякуючы парадам Сіроткі, над касцёлам з’явіўся купал, які ён бачыў у італьянскіх цэрквах. Езуіты ставіліся да гэтага скептычна, маўляў, паўночны клімат не спрыяе. Але Сіротка пераканаў і купал з’явіўся.

Шэсць гадоў будоўлі: вынік быў уражальны  

У другой палове 1593-га касцёл Божага Цела быў ужо ў асноўным гатовы і 1 лістапада ў ім магла быць адпраўлена першая імша. Канчатковае асвячэнне храма здзейсніў папскі нунцый Клаўдзіа Рангоні 7 кастрычніка 1601 года. Эфект, якога ўдалося дасягнуць Бернардоні і яго паплечнікам, быў уражальны!

Выгляд касцёла, 1604 год

Выгляд касцёла, 1604 год

Трохнефавы храм у форме лацінскага крыжа з купалам на трансепце і прыгожым бязвежавым фасадам быў, як прынята лічыць, першай барочнай культавай пабудовай у Рэчы Паспалітай і адзін з першых барочных будынкаў на свеце. У Нясвіжы. Месцы, якое езуіцкія інспектары спачатку вельмі моцна недаацанілі. Пасля гэтага стылю барока было запалена зялёнае святло, на землях Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ён стаў пашырацца.

***

Вось ужо больш за чатыры сотні год барочны купал ўзвышаецца над горадам… Касцёл Божага Цела — шчодры і дарагі падарунак, які зрабіў нашаму краю Мікалай Радзівіл Сіротка. Вернемся зноў ў ХІХ стагоддзе. Выходзячы з касцёла, Уладзіслаў Сыракомля напісаў: «Дык ушануйма ж вечную цішу памерлых, а вяртаючыся назад і праходзячы каля труны Мікалая Крыштофа, возьмем сабе хоць крышку дабраты і высакародства гэтага пана». Гэта будзе справядліва. Такія «падарункі», як касцёл у Нясвіжы, мала хто рабіў.  

Памятная пліта ў гонар Мікалая Радзівіла Сіроткі

Памятная пліта ў гонар Мікалая Радзівіла Сіроткі