СМАЧНА З "НОВЫМ ЧАСАМ": Грэчка па-магнацку (+Салат)

Сёння Таццяна Бародкіна падзеліцца з вамі старадаўнім беларускім рэцэптам грэчкі па-магнацку. Страва не проста смачная, але і вельмі карысная для здароўя. А зараз вясна — час, калі хочацца і неабходна аднавіць сілы, падтрымаць свой арганізм вітамінамі, мінераламі. Таму і будзем частавацца каралевай усіх круп — грэчкай. 

Крыніца: Беларуская Кухня з Таццянай Бародкінай [ youtube ]

Грэчка да славян прыйшла разам з хрысціянскай верай з Візантыі. Сваю назву яна атрымала ад таго, што яе вырошчвалі ў манастырах грэчаскія манахі, якія былі першымі прапаведнікамі новай веры. Грэчка хутка распаўсюдзілася і заваявала любоў у славян сваім смакам і прастатой гатавання. Палеткі з квітнеючай грэчкай былі адным з сімвалаў і Вялікага Княства Літоўскага. Грэчку ў даўнія часы шанавалі ўсе: ад самага беднага селяніна да самага заможнага магната. Адну і тую ж страву маглі падаваць як у вясковай хаце, так і ў арыстакратычных пакоях. Толькі, канешне, у розным выкананні. Напрыклад, грэчку па-сялянску гатавалі гэтак жа, як і па-магнацку, толькі без грэцкіх арэхаў, прыправы кары і не заўжды з мясам. Рэцэптаў з грэчкі ў традыцыйнай беларускай кухні незлічоная колькасць: кашы са шматлікімі гарнірамі, выпечка з грэцкай мукі, грачанікі, калдуны, таўкачыкі, шалтаносы, лемешка, крывяная каўбаса. Паспаборнічаць у кулінарным паядынку з грэчкай можа толькі бульба.

Дарэчы, грэчку ядуць ва ўсім свеце. Першымі пачалі культываваць расліну ў кітайскай правінцыі Юнань каля 5 ст. н.э., а праз два стагоддзі яна пачала распаўсюджвацца на ўсход, у Японію ды Карэю, на поўнач — у Манголію і Сібір, і на захад — у Персію і Візантыю. А дзякуючы назве «грэчка» можна нават зазірнуць у сусветную гісторыю. Французы і італьянцы, якія сутыкнуліся з прыгожай незнаёмай раслінай падчас крыжовых паходаў, дагэтуль называюць грэчку «сарацынскім просам», а палякі доўгі час называлі яе «татаркай», бо яна ўвасабляла для іх жах ад татарскай навалы 13-га ст.

Як прыгатаваць грэчку па-магнацку

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

  • грэцкая крупа — 200 г
  • фарш свіны — 200 г
  • яйка — 1 шт.
  • жаўткі — 2 шт.
  • грэцкія арэхі — 100 г
  • топленае сметанковае масла — 20 г
  • прыправа кары — 1 ч. л.
  • гарчыца — 1 ст. л.
  • мёд — 1 ст. л.
  • соль на смак

ГАТАВАННЕ:

Змяшаць гарчыцу з мёдам. Грэцкія арэхі здрабніць нажом. Грэцкую крупу замачыць на 20 хвілін у вадзе пакаёвай тэмпературы, зліць ваду і расцерці з яйкам і фаршам. Гэтую сумесь абсмажыць на топленым сметанковым масле (рэцэпт топленага сметанковага масла вы знойдзеце ў папярэднім выпуску) у глыбокай патэльні на невялікім агні 10 хвілін, увесь час памешваючы. Затым заліць дзвюма шклянкамі цёплай вады, дадаць прыправу кары і 2/3 арэхаў (1/3 арэхаў пакінуць для пасыпкі), пасаліць. Усё добра перамяшаць і варыць яшчэ 10 хвілін пад накрыўкай. Затым кашу перакласці ў форму для запякання, заліць сумессю вяршкоў і жаўткоў, зверху пакласці гарчычна-мядовую сумесь, пасыпаць здрабнёнымі арэхамі і запячы ў духоўцы 15 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў. Падаваць гарачай. 

Гатуем салат

ІНГРЫДЫЕНТЫ:

  • капуста белакачанная — 200 г
  • морква — 1 шт.
  • яблык кіслы — 1 шт.
  • цыбуля рэпчатая — ½ шт.
  • зеляніна кропа — 20 г
  • сланечнікавы алей — 10 г
  • соль на смак

ГАТАВАННЕ:

Салат — дадатак да асноўнай стравы «Грэчка па-магнацку». Капусту, цыбулю, кроп здрабніць нажом. Моркву і кіслы яблык нацерці на буйной тарцы. Перамяшаць інгрэдыенты. Дадаць соль і сланечнікавы алей.

Лепш за ўсё падыдзе маладая гародніна і абавязкова з зялёным лісцем звонку. Менавіта яно захоўвае капусту ад высыхання і механічных пашкоджанняў. Але бывае, што прадаюць капусту ўжо без лістоў «брані». Тады робім так: надрываем лісцік, расціраем, і калі пальцы сталі вільготнымі — салат з капусты атрымаецца сакавітым.г

Смачна есці!