СМАЧНА З «НОВЫМ ЧАСАМ»: Крушанкі з кавай па-магнацку
Сёння мы вырашылі падзяліцца з вамі старадаўнім рэцэптам пірага з крушанкамі. А падаць гэты дэсерт можна з кавай па-магнацку.
Крушанкі — дэсерт заможнай шляхты і нават магнатаў. Дарэчы, пры магнацкім двары не кожны кухмістр меў права гатаваць дэсерты. У кухоннай службе нават існавала вузкая спецыялізацыя — паштэтнік. Менавіта ён вырабляў пірагі, торты, пудзінгі.
Каб заняць гэтую пазіцыю, трэба было прайсці некалькі этапаў навучання. І гэта таго каштавала — у прамым сэнсе слова. Майстры ў гэтай галіне зараблялі добрыя грошы. Напрыклад, сярод кухонных слуг Крыштафа Радзівіла ў 1632 годзе паштэтнік Ян атрымліваў больш за ўсіх — 12 злотых 15 грошаў за паўгода. Для параўнання: самы лепшы пекар пры нясвіжскім двары зарабляў за такі ж перыяд 6 злотых.
Для крушанак нам спатрэбяцца:
мука 450 г;
сметанковае масла 250 г;
цукар 300 г;
яйка 1шт.;
цэдра апельсіна 1 ч. л.;
сода ½ ч. л.;
воцат 1 ст. л.;
соль ½ ч. л.;
ягады (свежыя альбо замарожаныя) 300-400 г.
ПРЫГАТАВАННЕ:
Сметанковае масла падрабніць на кавалкі і з дапамогай відэльца размяць з 250 г цукру. Затым далучыць яйка, соль, цэдру апельсіна, соду, гашаную воцатам, добра перамяшаць. У падрыхтаваную масу прасеяць 400 г мукі і замясіць цеста. Яно атрымаецца пластычным.
Раздзяліць цеста на дзве роўныя часткі. На 10 хвілін адправіць яго ў халадзільнік. Тым часам змяшаць ягады, 100 г цукру, 50 г мукі. Мука патрэбная для таго, каб начынне пірага не было занадта вадкім.
Цеста раскатаць таўшчынёй у адзін сантыметр. Асцярожна пакласці яго ў форму для запякання, зрабіць борцік і выкласці начынне. У другі кавалак цеста дадаць муку, каб яно стала больш крутым, і раскрышыць над пірагом. Выпякаць пірог у разагрэтай да 180 градусаў духоўцы 40 хвілін — да залацістага колеру.
Кава па-магнацку
Пакуль крушанкі запякаюцца, прапаную вам падарожжа ў XVII стагоддзе. Італія, 1683 год. Зборныя войскі пад кіраўніцтвам Яна ІІІ Сабескага адбіваюць у туркаў Вену пасля трох стагоддзяў супрацьстаяння Асманскай імперыі. У якасці трафея пераможцам дасталася багатая здабыча, у тым ліку трыста мяхоў кавы. Частка іх адразу ж адправілася ў Рэч Паспалітую і Вялікае Княства Літоўскае.
Кава хутка распаўсюдзілася па тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ужо ў XVIII стагоддзі гэты напой стаў неад’емнай часткай жыцця шляхты. А кавярні былі ў кожным горадзе. Напрыклад, у Вільні працавала 50 кавярняў, у Слоніме — 20, у Мінску — крыху больш за 20.
З’явіліся жанчыны–кавяркі (у сучасным разуменні — барыста), якія хадзілі з дому ў дом, каб прыгатаваць добрую каву, без якой не пачыналася раніца ў беларускай арыстакратыі. Каву варылі на турэцкі манер, у турцы. Гатавалі яе моцнай і са спецыямі.
Пілі такую каву наступным чынам: глыток насычанага напою, паўза, глыток вады з лімонам, каб асвяжыць рэцэптары. Другі глыток кавы быў такі ж насычаным, як першы, — паўза і яшчэ глыток. Затым падавалі штосьці салодкае. Усходнія прысмакі ў нас чамусьці не прыжыліся, а вось цукар, мёд альбо кавалак пірага рабілі раніцу сапраўды саладзейшай.
Інгрэдыенты:
вада 150 мл;
кава молатая 2 ч. л.;
міндальны арэх абсмажаны і молаты ½ ч. л.;
кардамон молаты ½ ч. л.;
цукар на смак.
ПРЫГАТАВАННЕ КАВЫ:
У турку наліць халодную ваду, паставіць награвацца. Адразу ж дадаць каву, міндаль і кардамон. Можна цукар (з ім кава лепш раскрые свой водар). Давесці да 95 градусаў і зняць з пліты. Крыху даць пастаяць.
Падаваць са стаканам вады.
СМАЧНА ЕСЦІ!